У тых, хто плануе паступленне загадзя, няма складаных тэм

 

У 2010 годзе на біялагічным факультэце БДУ пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку аднавіла сваю работу школа юных біёлагаў. У мінулым маі адбыўся першы выпуск, і зараз некалькі выпускнікоў школы з поспехам вучацца на першым курсе біялагічнага факультэта.
Сёння ўжо новыя дзеці спасцігаюць у згаданай школе глыбіні біялагічнай навукі. З імі працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі факультэта, якія тлумачаць не толькі тэорыю, але і паказваюць цікавыя доследы. Такім чынам, нават самыя складаныя тэмы з курса біялогіі становяцца для дзяцей больш зразумелымі і, адпаведна, больш захапляльнымі.

Як паведаміла намеснік дэкана біялагічнага факультэта па вучэбнай рабоце Таццяна Іванаўна Дзітчанка, праграма навучання ў школе юных біёлагаў разлічана на 1—2 гады і накіравана на паглыбленае вывучэнне біялогіі.
“Слухачамі школы могуць стаць навучэнцы 10—11 класаў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў і гімназій. Аднак гэта не з’яўляецца строгім правілам, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Дзверы школы адкрыты не толькі для старшакласнікаў, але і для навучэнцаў больш малодшых класаў. Так, сярод тых, хто рэгулярна наведваў і наведвае заняткі, ёсць нямала дзевяцікласнікаў і нават васьмікласнікі. Галоўнае — цікавасць да біялогіі і жаданне пазнаваць як мага больш аб велізарнай разнастайнасці жывых арганізмаў, што насяляюць планету”.Заняткі вядзе старшы выкладчык кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл Алена Казіміраўна Карман.

Набор у школу юных біёлагаў ажыццяўляецца штогод. У верасні на факультэце ладзіцца  арганізацыйны сход, на якім праходзіць рэгістрацыя слухачоў, знаёмства з біяфакам,  праграмай заняткаў і г.д. Зрэшты, тыя, хто не змог прысутнічаць на сходзе або даведаўся  пра школу пазней, могуць далучыцца да групы практычна на любых занятках.
Праграма навучання ў школе юных біёлагаў складзена на аснове вучэбнай праграмы  агульнаадукацыйных навучальных устаноў. У ёй знайшлі адлюстраванне асноўныя  раздзелы біялагічнай навукі, такія як цыталогія, біяхімія, генетыка, фізіялогія, батаніка,  заалогія, экалогія, эвалюцыя, біятэхналогія. Дарэчы, расклад заняткаў складзены да  канца навучальнага года і пазнаёміцца з ім можна на сайце біялагічнага факультэта ў  раздзеле “Абітурыенту”.
“Паводле Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, заняткі падобнага роду адносяцца да  адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — тлумачыць Таццяна  Іванаўна. — У сувязі з гэтым выкладчыкамі факультэта распрацавана і зацверджана  вучэбная праграма “Асновы біялогіі” для навучэнцаў школы юных біёлагаў, у  адпаведнасці з якой і арганізавана работа школы. Праграмай прадугледжана атрыманне навучэнцамі ведаў не толькі на базавым школьным узроўні, але і на павышаным узроўні. У сувязі з гэтым курс можа быць рэкамендаваны дзецям, якія прымаюць удзел у розных конкурсах і алімпіядах па біялогіі”.
Зразумела, большасць навучэнцаў школы — мінчане. Але, як паведамілі на біялагічным факультэце, ёсць сярод юных біёлагаў нямала дзяцей, якія прыязджаюць з прыгарада і нават здалёк. Гэта вучні Мінскага раённага ліцэя (пас. Ратамка), гімназіі № 3 Барысава, сярэдняй школы № 28 Бабруйска, Бараўлянскага ВВК, Старлыгскай, Зельнавіцкай школ і інш.
“Мэта заняткаў – не столькі дыягнаставаць і ліквідаваць наяўныя недахопы ў ведах ці “нацягаць” школьнікаў да ЦТ, колькі больш глыбока і поўна разгледзець пытанні, якія нярэдка даволі коратка закранаюцца ў школьным курсе біялогіі, але ўяўляюць вялікую практычную і пазнавальную цікавасць (напрыклад, біялагічна актыўныя рэчывы, дасягненні клетачнай і геннай інжынерыі і інш.). Заняткі праводзяць кваліфікаваныя выкладчыкі факультэта”, — расказвае Таццяна Дзітчанка.

Усім дзецям падабаецца работа з мікраскопам.Трэба сказаць, што навучанне ў школе бясплатнае. Заняткі праводзяцца 2 разы ў месяц і доўжацца 4 акадэмічныя гадзіны. Яны ўключаюць у сябе элементы лекцыі, што, як правіла, суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй, а таксама практычную частку, дзе прадугледжана работа з мікраскопам, прэпараванне заалагічных аб’ектаў, правядзенне біяхімічных аналізаў і г.д.
“Такія заняткі выклікаюць вялікую цікавасць у дзяцей, дазваляюць ім набыць навыкі практычнай работы з біялагічнымі аб’ектамі і лабараторным абсталяваннем, якіх часта няма ў звычайных школьных кабінетах біялогіі, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Па сутнасці, гэта ўнікальная магчымасць падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядах па біялогіі рознага ўзроўню, асабліва да іх практычнага тура”.
Першы выпуск школы юных біёлагаў у мінулым годзе быў параўнальна невялікі, але пры гэтым некалькі яе выпускнікоў сёння вучацца на 1 курсе біялагічнага факультэта. У адрозненне ад многіх іншых першакурснікаў біялагічны факультэт для іх — гэта ўжо добра знаёмы дом, у якім яны выдатна ведаюць усе без выключэння кафедры, лабараторыі, вельмі многіх выкладчыкаў. Навучанне ў школе юных біёлагаў дазволіла ім не толькі больш свядома падысці да выбару будучай спецыяльнасці, але і адчуць, што на біялагічным факультэце БДУ пануе атмасфера прафесіяналізму, прыязнасці, творчага пошуку і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.