У ваенна–палітычнай сферы маем намер працягваць дзейнічаць транспарэнтна і адкрыта

Беларусь будзе ўлічваць дзеянні НАТА на граніцах, але ў выбудоўванні ваеннай палітыкі не мае намеру павялічваць напружанасць у рэгіёне. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у Рызе па выніках перагавораў з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

“Мы будзем адсочваць тыя дзеянні, якія праводзіць НАТА на нашых граніцах, будзем улічваць гэта ў выбудоўванні нашай ваеннай палітыкі ў адносінах да НАТА і суседніх дзяржаў. Але мы будзем паводзіць сябе акуратна і такім чынам, каб нашы дзеянні не садзейнічалі павелічэнню напружанасці ў нашым рэгіёне і не прывялі да чарговых гонак узбраенняў або да нейкіх мілітарысцкіх памкненняў”, — сказаў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, беларускі бок бачыць, што прымаюцца крокі па ўзмацненні актыўнасці НАТА ў некаторых суседніх краінах. “Мы не вітаем гэтыя крокі, таму што гэта не ўносіць свой уклад ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў нашым рэгіёне. Але мы разумеем, што ў НАТА ёсць свая логіка, у суседніх краін ёсць свая логіка. Мы разумеем, што яны робяць гэтыя крокі, зыходзячы з нейкіх сваіх памкненняў. Зразумела, мы абавязаны думаць над тым, як будзем рэагаваць. Мы не маем намеру дзейнічаць такім чынам, каб нашы дзеянні стваралі дадатковыя пагрозы бяспецы ў рэгіёне”, — падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, звярнуў увагу Уладзімір Макей, Беларусь не плануе размяшчаць замежныя ваенныя базы на сваёй тэрыторыі. “Сёння сучасная зброя такая, што не патрабуецца размяшчаць самалёты або нейкую іншую тэхніку, калі тая ж самая ракета можа за кароткі час дасягнуць тэрыторыі, якая знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў”, — дадаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

“Выбудоўваючы нашы адносіны ў ваенна-палітычнай сферы з іншымі дзяржавамі, мы і ў далейшым маем намер дзейнічаць транспарэнтна і адкрыта. Мы зацікаўлены ў развіцці дыялогу і з НАТА, і з іншымі міжнароднымі арганізацыямі”, — заявіў Уладзімір Макей.

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс у сваю чаргу па выніках перагавораў з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем паведаміў журналістам, што адной з тэм перагавораў стала падрыхтоўка ўзаемных візітаў на вышэйшым узроўні. Ён нагадаў, што ў лютым Беларусь наведаў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс, які перадаў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку запрашэнне наведаць з візітам Латвію.

“Візіт падрыхтоўваецца доўгі час. Ён павінен быць вельмі насычаным. У нас ёсць камісіі, якія над гэтым працуюць”, — сказаў Эдгарс Рынкевічс.

Пры гэтым Уладзімір Макей адзначыў, што беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб ажыццявіць візіт на вышэйшым узроўні ў Латвію, аднак візіт дзеля візіту не самамэта. “Мы гаварылі, у якіх умовах гэты візіт магчымы, — дадаў міністр. — Важна выніковасць гэтага візіту, яго субстантыўнае напаўненне. Таму мы будзем спакойна працаваць над падрыхтоўкай”.

“Мы лічым, што гэта нармальна, калі ажыццяўляюцца такія мерапрыемствы паміж суседнімі краінамі, з якімі ўсталяваны дружалюбныя адносіны, тым больш што сапраўды ў нас і гандлёва-эканамічныя сувязі развіваюцца актыўна, і гуманітарнае супрацоўніцтва, і бізнес Латвіі актыўна дзейнічае ў Беларусі, і наш бізнес прысутнічае тут. Візіты такога ўзроўню заўсёды даюць новы імпульс у развіцці супрацоўніцтва”, — звярнуў увагу беларускі дыпламат.