У ваенна-патрыятычныя клас і клуб «Багіра» навагрудскія школьнікі пайшлі па закліку сэрца

- 16:20Уроки мужества

Ваенна-­патрыятычныя 5 “Б” клас і клуб “Багіра” пішуць свае першыя старонкі ў гісторыю сярэдняй школы № 4 Навагрудка імя П.А.Мазуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Іх адкрыццё стала лагічным працягам шырокамаштабнай работы па выхаванні ў школьнікаў любові, адданасці сваёй Радзіме.

Сярэдняя школа № 4 Навагрудка з кастрычніка мінулага года носіць імя першага дырэктара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Мазуры. З пошукавай работы па ўшанаванні памяці Пятра Аляксеевіча, ініцыятарам якой была намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жанна Клімко, пачалася распрацоўка і ў хуткім часе рэалізацыя маштабнага праекта “Сцяна памяці”. Школьнікі шукалі інфармацыю пра сваіх родных — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, фотаздымкі якіх і адсылкі па QR-кодах на іх біяграфіі былі размешчаны на цаглінках, з якіх і пабудавана сцяна памяці. У цэнтры — партрэт Пятра Мазуры. Поруч размешчана экспазіцыя “Генацыд беларускага народа”, карта спаленых вёсак Навагрудчыны і макеты некаторых з іх. Тэма Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца ў экспазіцыях школьнага гісторыка-края­знаўчага музея.

Ва ўстанове адукацыі, дзе шануюць памяць пра педагога-франтавіка, выхоўваюць дзяцей на прыкладах гераічнага мінулага іх продкаў і далучаюць іх да пошукавай работы, проста павінен быў з’явіцца ваенна-патрыятычны клас. Так і адбылося.

— У нашай установе адукацыі вядзецца сур’ёзная, мэтанакіраваная і паэтапная ідэалагічная і выхаваўчая работа, — падкрэсліла дырэктар школы Жанна Ула­дзіміраўна Іванова. — Для таго каб арганізаваць ваенна-патрыятычны клас з 18 пяцікласнікаў і прыцягнуць роз­наўзроставых школьнікаў у клуб, патрэбна была зацікаўленасць з боку не толькі педагогаў, але і навучэнцаў і іх бацькоў. Яшчэ летам рас­тлумачылі дарослым, у чым адрозненне такога класа ад звычайнага, паказалі кабінет, абсталяваць які дапамагло кіраўніцтва раёна і спонсары. Праз пару дзён бацькі сталі тэлефанаваць у школу са словамі падтрымкі ідэі стварэння такога класа. У тым, што ў нас усё атрымалася, вялікая заслуга належыць кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні Галіне Ігумінавай. Без яе пачынанняў, жыццё­вага запалу і ўмення дабівацца пастаўленай мэты некаторыя аспекты і не былі б так ярка рэалізаваны.

Ва ўстанове адукацыі не абмежаваліся адкрыццём толькі ваенна-патрыятычнага класа. Каб не пакінуць без увагі старэйшых школьнікаў, запрасілі іх у ваенна-патрыятычны клуб, імя якому далі “Багіра”.

— Гісторыя стварэння клуба вельмі цікавая, — расказвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Галіна Ігумінава. — 25 мая 2024 года на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай апошняму званку, у школе дзяжурылі два міліцыянеры. Навучэнец 7 класа падышоў да іх і папрасіў прымераць фуражку. Я пацікавілася ў хлопца: а каб у школе быў ваенна-патрыятычны клуб, ці пайшоў бы ён у яго?.. Ён адказаў “так” і нават прызнаўся, што марыў стаць кадэтам, але не захацеў пакідаць свой клас і родную школу. Дадаў, што пойдзе ў такі клуб з задавальненнем. Я запісала яго нумар тэлефона. Гэта быў кантакт першага члена клуба. А потым усё пайшло само сабой — дзеці падхапілі ініцыятыву. Зараз у клубе займаюцца 12 навучэнцаў 8—11 класаў.

Пашыць для класа і членаў клуба форму дапамог Навагрудскі завод газавай апаратуры. Цяпер дзеці вылучаюцца сярод іншых школьнікаў, нашэнне формы арганізуе. Як адзначаюць педагогі, навучэнцы сталі больш упэўненымі ў сабе. Маюць яны і свой шэўрон. На базе клуба таксама адкрыта аб’яднанне па інтарэсах “Абаронца Айчыны”. Клуб створаны пад эгідай РАУС Навагрудскага райвыканкама, які супрацоўнічае са школай. Намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Калеснік дапамагае школе ў арганізацыі страявой і агнявой падрыхтоўкі. Цесныя сувязі таксама наладжаны з Беларускай Праваслаўнай Царквой, айцец Мікалай прыходзіць да пяцікласнікаў і на пасяджэнні клуба.

Знакавай падзеяй ва ўс­та­нове адукацыі стала пры­свячэнне ў выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба і ў навучэнцы класа. На ўрачыс­тасць запрасілі бацькоў дзяцей, кіраўніцтва раёна.

Уражвае само памяшканне класа. Усё тут — ад афармлення сцен да музейных экспанатаў — накіравана на выхаванне грамадзян сваёй краіны.

— Мы хацелі, каб школьнікі, заходзячы ў клас, адчувалі гордасць за тое, што яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь, былі гатовы да служэння сваёй Радзіме, — падкрэсліла Галіна Ігумінава.

У ваенна-патрыятычным класе ўсё мае ідэалагічны складнік. На ўваходзе намаляваны манумент “Буйніцкае поле”, які ўзведзены на полі воінскай славы пад Магілёвам, дзе ў 1941 годзе націск ворага стрымлівалі байцы Чырвонай Арміі і супрацоўнікі міліцыі. На пано адлюстраваны знакавыя для кожнага беларуса месцы — плошча Перамогі і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску; помнік міліцыянерам каля будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў; магіла невядомага салдата і помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Навагрудку. Аформлены музейныя вітрыны, у чым дапамаглі члены ветэранскай арганізацыі супрацоўнікаў міліцыі. Нават жалюзі на вокнах нясуць ідэалагічную нагрузку, бо на іх — выявы формы савецкай міліцыі, прысягі маладых воінаў, тактычных вучэнняў спецназа і сучаснай тэхнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Форма курсантаў Акадэміі МУС Рэс­публікі Беларусь прадстаўлена на манекенах.

Клас замацаваны за 5 “Б”, тут у іх праходзяць урокі. А ў другую змену займаюцца выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба. Работа арганізавана па прынцыпе пераемнасці, парт­нёрства. Старшакласнікі дапамагаюць малодшым, узялі шэфства над імі. Як расказва­юць педагогі, на мерапрыемствах адчуваецца камандны дух. Іншыя школьнікі таксама прыходзяць у гэты клас на заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

— Мы зацікаўлены, каб выпускнікі школы паступалі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых структур, — патлумачыла Галіна Ігумінава. — На стэндах у класе паказаны ўсе ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць супрацоўнікаў міліцыі, унутраных войск, падраздзяленняў спецназа і Дзяржаўтаінспекцыі. У выхаваўчай рабоце мне вельмі дапамагаюць супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і ваеннаслужачыя. Выхаванцы клуба і класа не прапусцілі ніводнага знакавага мерапрыемства ў Навагрудку. Мы аддалі даніну памяці ахвярам Вялікай Айчыннай вайны на месцы расстрэлу 18 тысяч мірных жыхароў у вёсцы Скрыдлева, прынялі ўдзел у памяці-рэквіеме да 81-й гадавіны ўцёкаў вязняў з Навагрудскага гета і ў многіх іншых мерапрыемствах.

І ўжо навучэнцы 4 класа пытаюцца ў настаўнікаў, а ці будзе і ў іх магчымасць у наступным годзе вучыцца ў ваенна-патрыятычным класе. У планах кіраўніцтва ўстановы адукацыі — прадоў­жыць пачынанне.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі