У ваколіцах сталіцы

- 11:18Родная зямля

Прысталічча — гэта не толькі прамысловыя прадпрыемствы, сучасныя жылыя комплексы. Гэта яшчэ і старажытная гісторыя. Каля вёскі Гарадзішча ўзнік летапісны Менск. А сённяшні спадарожнік нашай сталіцы Заслаўе быў заснаваны аж у Х стагоддзі.

Дракары на Менцы

Кірыл Луцэнка расказвае А.Г.Сянько і Л ірыл Луцэнка расказвае А.Г.Сянько і Л.М.Пятрашынай пра жыццё ў старажытным Мінску.

Калі мінчаніну захочацца адпачыць ад штодзённай мітусні вялікага горада і разнастаіць жыццё захапляльным падарожжам у мінулае, то ён можа: а) пайсці ў Нацыянальны гістарычны музей; б) наведаць Музей гісторыі Мінска. Ёсць яшчэ і трэці варыянт — спазнаць старажытную гісторыю не ў музейных залах, а пад адкрытым небам. Для гэтага выдатна падыдуць старадаўнія валы Заслаўя і не менш велічныя валы над звілістай Менкай.

— Я часта гуляю па схілах старажытнага вала і зарослых хмызняком берагах Менкі, улетку люблю сачыць за ранішнім абуджэннем лугавых кветак, пакрытых слязінкамі расы, быццам чытаю патаемную кнігу. І паўста­юць перада мной карціны тагачаснага жыцця нашых далёкіх продкаў, — пачынае свой лірычны аповед пра малую ра­дзіму вучань 7 класа Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Дзмітрый Канановіч. — Гэты вал знаходзіцца каля вёскі Гарадзі­шча, усяго за некалькі кіламетраў ад сталіцы. Тут жывуць мае дзядуля і бабуля, тут жылі і мае прашчуры. Яшчэ гады чатыры назад гэтае гістарычнае месца было ў занядбаным стане. Але дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў, у тым ліку майго таты Эдуарда, з’явіліся інфармацыйныя стэнды, лесвіцы, па якіх можна падняцца на валы, масточкі праз Менку. Мне было крыўдна, што такі ўнікальны аб’ект мала хто ведае з мінчан. Я пачаў дзейнічаць, прыцягнуўшы на дапамогу неабыякавых да гісторыі тутэйшых людзей.

Мінскі раён — гэта не толькі прамысловыя прадпрыемствы, сучасныя жылыя комплексы. Гэта яшчэ і:

  • старажытнае, утульнае Заслаўе;
  • велічныя валы каля гарадзішча над Менкай;
  • Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту;
  • рэшткі шматлікіх шляхецкіх сядзіб;
  • цэрквы і касцёлы розных эпох і архітэктурных стыляў;
  • цікавыя прыродныя аб’екты;
  • помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны.

Такім неабыякавым чалавекам з’яўляецца бабуля Дзімы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Азярцоўскай сярэдняй школы Клаўдзія Эдуардаўна Канановіч. Разам з ёй хлопчык даследаваў гісторыю гарадзішча і пастараўся знайсці адказ на пытанне: “Ці плавалі па Менцы дракары?”. Калі хто не ведае, дракары — гэта караблі, якія, магчыма,  рабілі ў раннім Сярэднявеччы нашы продкі. Пытанне, узнятае вучнем, сапраўды цікавае. Калі глядзіш на сучасную Менку, то з цяжкасцю ўяўляеш, што па ёй у Пціч некалі сплаўляліся караблі. Аднак юнаму края­знаўцу разам з бабуляй удалося знайсці вось такі запіс у адным з архіўных дакументаў: “Апошняга чысла мая 1869 года разліў вады ў Менцы нарабіў такое спусташэнне ў маёнтку Пішчалаў у Гара­дзішчы, страты з якога могуць сягаць ажно 2000 рублёў”. Калі такія разлівы былі ў ХІХ стагоддзі, то цалкам верагодна, што ў стагоддзі Х Менка была яшчэ больш паўнаводнай. Дарэчы, наконт шляхецкага роду Пішчалаў. Тата Дзмітрыя ў 2016 годзе зрабіў па-сапраўднаму сенсацыйную знаходку — у разбуранай крыпце знайшоў надмагільныя пліты Рудольфа і Софіі Пішчалаў.

Вернемся на гарадзішча над Менкай. “Вам трэба абавязкова прыехаць сюды вясной, калі на валах красуецца зялёная трава, а дрэвы ўпрыгожвае маладая лістота”, — параілі мне ў Азярцоўскай школе. Менавіта вясной, а таксама летам для мясцовых вучняў настаўнікі ладзяць найбольшую колькасць экскурсій. Надвор’е дазваляе адправіцца ў падарожжа з Азярца ў Гарадзішча і пехатой, на веласіпедах, а самыя малодшыя школьнікі могуць дабрацца і на грамадскім транспарце. Адным словам, здзейсніць вандроўку ў мінулае для азярцоўскіх школьнікаў не праблема. Вясна — гэта добра, але і позняя восень, зіма таксама выдатна падыходзяць для прагулак па валах старажытнага гарадзішча. Можна зрабіць лірычныя фотаздымкі заснежаных берагоў Менкі. У гэты час практычна няма экскурсійных груп, турыстаў, ніхто не бу­дзе перашкаджаць адчуць еднасць з мінулым. Толькі ты і старажыт­насць, ты і гісторыі. У такія хвіліны, сапраўды, паўстаюць карціны тагачаснага жыцця нашых далёкіх продкаў.

Т.М.Закрэўская з банерам-плакатам праекта “Заслаўе гістарычнае”.

— Вось тут, на гэтых валах у X стагоддзі і пачынаўся Мінск, якому было наканавана затым стац­ь
галоўным горадам беларусаў. Высокі і добра ўмацаваны замак стаў асновай летапіснага Менска. На шчасце, валы гэтыя захаваліся да нашага часу некранутымі і мы можам дасканала ўявіць сабе тэрыторыю замчышча. Замак некалі меў тры ўваходы. Там, дзе самы высокі вал, была галоўная брама — яна і сёння выдатна прагледжваецца. Абарона замка была добра наладжана: тоўстыя сцены стаялі на грэбені вала, роў з вадой, вастракол, як другая лінія абароны. Такі ўмацаваны цэнтр горада займаў плошчу каля 1,6 гектара. У замку жылі князь і яго сям’я, намеснікі і памочнікі. А сам горад стаяў за вастраколам і займаў больш за 30 гектараў — сапраўдны мегаполіс па тых часах! — з захапленнем адзначае вучань.

А потым быў 1067 год… Як сведчыць летапіс, тут была жорсткая бітва. Вада ў Менцы стала чырвонай ад людской крыві. Прыгожы горад быў знішчаны. Праз некаторы час полацкі князь Усяслаў Чарадзей перанёс паселішча да берагоў Нямігі, туды, дзе цяпер красуе беларуская сталіца — прыгажун Мінск і дзе 955 гадоў назад “снапы сцялілі галовамі, малолі цапамі сталёвымі…”

Дзе ўзнік горад?

Тое, як жылі нашы далёкія продкі ў старажытным Мінску, даследуе разам з настаўніцай гісторыі Азярцоўскай сярэдняй школы Аленай Генадзьеў­най Сянько вучань 9 класа Кірыл Луцэнка. Хлопец нават стварыў макет замчышча. Даследаванні Дзмітрыя, як і даследаванні Кірыла, — усё гэта своеасаблівая краязнаўчая эстафета, якую сённяшнія азярцоўскія вучні і настаўнікі перанялі ад сваіх папярэднікаў з былой Гарадзішчанскай школы.

Вучні Азярцоўскай сярэдняй школы падчас летняй экскурсіі на старажытным гарадзішчы.

— У Гарадзішчанскай школе ў 60—70-я гады працаваў настаўнікам гісторыі краязнавец Сямён Пятровіч Ерамчук. Ён хоць і не нарадзіўся ў Гарадзішчы, але вельмі цікавіўся гісторыяй гэтых мясцін, сябраваў з усімі археолагамі, якія праводзілі там раскопкі. У нас засталіся доказы гэтага — кнігі навукоўцаў (напрыклад, Георгія Васільевіча Штыхава) з аўтографам і найлепшымі пажаданнямі Сямёну Пятровічу. У доме настаўніка захоўвалася цікавая калекцыя археалагічных знаходак з гарадзішча на Менцы. Калі педагога не стала, я наведвала яго ўдаву і папрасіла перадаць гэтую калекцыю ў школу. Тут і рэшткі фібул, нажоў, ёсць нават унікальны экспанат — капавушка (тагачасная вухачыстка).

Разам з Кірылам мы адвезлі гэтую калекцыю ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі на ацэнку. Асабліва нас цікавіла, што ска­жуць навукоўцы наконт пацерачак. Калі пацерачкі лімоннага колеру — даволі частыя знаходкі, то вось цёмна-сіняга — рэдкасць. Аказалася, гэта скандынаўскія пацерачкі. Яны пацвярджаюць, што гара­дзішча на Менцы знаходзілася на шляху з варагаў у грэкі. Калі я працавала ў Гарадзішчанскай школе, то мы з вучнямі часта хадзілі на валы і праводзілі там урокі. Помню, як знаходзілі рэшткі керамікі на паверхні зямлі, абмывалі іх у Менцы і прыносілі ў школу. Гэтыя артэфакты мы выкарыстоўваем на ўроках у 6 класе пры вывучэнні тэмы “Наш край”, — паведаміла Алена Генадзьеўна.

Нягледзячы на тое, што раскопкі на валах каля вёскі Гарадзішча праводзіліся навукоўцамі неаднаразова, адзінага меркавання наконт таго, ці быў тут старажытны Мінск, няма. Адны сцвярджаюць, што ён быў, паколькі гарадзішча знаходзіцца на Менцы, а яе назва згадваецца ў летапісах. Іншыя сцвярджаюць, што такія рэчкі ёсць і ў іншых мясцінах Беларусі, напрыклад, у Смалявіцкім раёне. Ды і валы, як паказваюць раскопкі, хутчэй за ўсё былі ўзведзены ў пазнейшыя часы.

Як бы там ні было, старажытнае гарадзішча на Менцы — унікальны турыстычны аб’ект, які, безумоўна, варты ўвагі аматараў даўніны, а таксама настаўнікаў і вучняў. Сюды добра прыязджаць летам падчас работы прышкольных летнікаў, асабліва сталічным навучэнцам. Па дарозе з Мінска можна наведацца і ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Наогул, ваколіцы аграгарадка Азярцо багатыя на гістарычнае мінулае. Невыпадкова ў мінулым годзе настаўнікамі Азярцоўскай сярэдняй школы быў распрацаваны праект “Краявед.by”, накіраваны на папулярызацыю адметнасцей гэтага куточка прысталічча.

Юныя заслаўскія экскурсаводы каля герба горада.

— Наш праект дазваляе здзей­сніць няхай і завочнае, але займальнае, напоўненае рознымі адкрыццямі і таямніцамі падарожжа ў Гарадзішча на першае паселішча Мінска. Дзякуючы нашай працы, можна абудзіць цікавасць у школьнікаў да гісторыі роднага краю, пашырыць іх кругагляд. Ва ўкладцы “Гісторыя” расказваецца пра мінулае Гара­дзішча. “Віртуальнае падарожжа” дапамагае паглыбіцца ў таямнічую атмасферу берагоў Менкі. “Каляндар знамянальных дат” створаны для фіксавання не толькі важных падзей мінулага, але і сучаснасці. Знайшлі сваё адлюстраванне на старонках сайта і традыцыі Азярцоўскай сярэдняй школы. Штогадовы фестываль дзіцячай творчасці “Ноябрина”, турыстычныя паходы ў Гарадзішча і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, а таксама калядкі і гулянні на Масленіцу. Укладка “Віктарына” створана для таго, каб карыстальнікі змаглі праверыць свае веды аб вёсцы Гарадзішча, папярэдне азнаёміўшыся з інфармацыяй, размешчанай на сайце. “Літаратурная старонка” раскрывае таленты нашых настаўнікаў і вучняў. Спадзяёмся, сайт “Краявед.by”
зацікавіць многіх людзей, у першую чаргу моладзь, якая захо­ча наведаць наш край, даследаваць месца, адкуль пачынаўся Мінск, — паведаміла каардынатар праекта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Міхайлаўна Пятрашына.

На берагах Дуная

Расказваючы пра старажытнае гарадзішча на Менцы, нельга не ўзгадаць яшчэ адзін гідронім — ручай Дунай. Гэта ж наколькі арыгінальна можна скласці запрашэнне турыстам наведаць гэтыя мясціны! Маўляў, каб пабачыць Дунай, не абавязкова афармляць шэнгенскую візу і адпраўляцца ад роднай Беларусі за тысячы кіламетраў. Сапраўдны Дунай працякае побач з Мінскам. Канечне, ён не такі шырокі і паўнаводны, аднак на яго берагах у старажытныя часы таксама знаходзілася вялікае паселішча. А таямніц гэты водны аб’ект прыхоўвае не менш, чым яго старэйшы брат. Думаю, вас зацікавіла прапанова прагуляцца па берагах беларускага Дуная. Прыяз­джайце, не пашкадуеце!

Перакрыжаванне эпох

Помнік Ізяславу і Рагнедзе ў Заслаўі.

Сучасны, старажытны, утульны — так гавораць жыхары Заслаўя пра свой горад. З гэтымі словамі складана не пагадзіцца. Калі хочацца адчуць подых мінулых стагоддзяў, адпачыць ад мітуслівага сталічнага жыцця, сядайце на электрычку або маршрутку. 30 мінут — і вы ў Заслаўі. Дарэчы, калі паедзеце цягніком, памятайце, што станцыі Заслаўе няма, ёсць станцыя Беларусь. Вось і першая таямніца, якую хочацца разгадаць, адпраўляючыся на прагулку ў спадарожнік сталіцы. Назву Беларусь станцыя носіць з 1926 года невыпадкова. Тады гэта была першая чыгуначная станцыя на тэрыторыі БССР на мяжы з Польшчай. А раней, у 1896 годзе, станцыя была названа Ізяслаў — у гонар заснавальніка горада, сына Рагнеды, полацкага князя Ізяслава.

Шмат цікавага чакае не толькі на пероне чыгуначнай станцыі. Калі пайсці да замчышча, то па дарозе сустрэнуцца будынкі гістарычна-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, можна палюбавацца касцёлам, сфатаграфавацца на фоне вялізных літар “Я люблю Заслаўе”. А перад самім гарадзішчам я параіў бы загля­нуць у заслаўскую сярэднюю школу № 1. Мясцовыя вучні разам з настаўнікам гісторыі Станіславам Віктаравічам Алексіевічам з радасцю правядуць для вас цікавую экскурсію, распрацаваную ў рамках праекта “Заслаўе гістарычнае”. Гэтаму праекту, па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны Закрэўскай, папярэднічаў праект “Заслаўе — перакрыжаванне эпох”, аўтарам якога з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вячаслаў Леанідавіч Тарасевіч. Ужо 29 гадоў ён ла­дзіць для вучняў турыстычна-краязнаўчыя паходы. Вопыт вывучэння малой радзімы, назапашаны настаўнікам, безумоўна, варты асобнага матэрыялу ў “Настаўніцкай газеце”.

С.В.Алексіевіч расказвае пра гісторыю Свята-Праабражэнскага храма.

Што тычыцца праекта “Заслаўе гістарычнае”, то ён быў распрацаваны ў мінулым годзе вучнямі 9 класа. Школьнікі самі вызначалі лакацыі на гістарычнай частцы горада, месцы для экскурсіі, потым самі збіралі інфармацыю, настаўнікі толькі дапамагалі ім у рабоце. Адмет­насць праекта ў тым, што, акрамя аповеду, на кожным аб’екце прадугледжаны інтэрактыў. Напрыклад, прапаноўваецца параўнаць сучасны праваслаўны храм на замчышчы з выглядам на старых фотаздымках; у скверы каля каменя, пастаўленага ў гонар тысячагоддзя горада, палічыць, колькі гадоў засталося да таго, калі жыхары Заслаўя дастануць капсулу з пасланнем нашчадкам і г.д. Разлічана экскурсія на адзін урок.

— Пачынаецца экскурсія з былой Рыначнай плошчы. Тут можна ўбачыць будынак школы, гістарычна-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, заслаўскі выканкам. Гэтая пло­шча ўзнікла ў XI—XII стст. на месцы перасячэння трох дарог на Мінск, Ракаў і Ла­гойск. Канчатковае яе фарміраванне адбылося ў XVII ст., калі ўладальнікам Заслаўя быў Мікалай Глябовіч, менавіта ў той час на паўднёвай ускраіне плошчы быў пабудаваны касцёл. Найбольшае ж значэнне плошча набыла ў канцы XVII — XVIII стагоддзі, калі Заслаўе стала цэнтрам графства. Мінскі войт Антоній Пшаздзецкі, уладальнік Заслаўя, атрымаў каралеўскі дазвол на правядзенне тут чатырох кірмашоў за год і штоня­дзельнага гандлю. Таксама дзякуючы Яну Глябовічу быў узведзены будынак сучаснай Спаса-Праабражэнскай царквы — выразны помнік архітэктуры рэнесансу. Абавязковымі аб’ектамі для наведвання з’яўляюцца рэшткі брамы, помнік Ізяславу, таксама млын, хата завозніка, кузня, свіран на тэрыторыі музея-запаведніка, школы, на будынку якой устаноўлена шыльда ў памяць пра трох былых вучняў, якія загінулі ў Афганістане. Канчатковы пункт экскурсіі — дзіцячы парк, дзе экскурсаводы, дзякуючы гас­цям за прагулку і сумесна праведзены час, запрашаюць яшчэ раз прыехаць у Заслаўе, — паведаміла Таццяна Мікалаеўна.

Цікавае побач

Мінчане нярэдка задаюцца пытаннем, дзе б адпачыць ад мітусні вялікага горада, асабліва калі ты захапляешся гісторыяй і хочаш здзейсніць падарожжа ў часе. Парада простая — адпраўцеся ў падарожжа па Мінскім раёне. У прысталіччы шмат цікавых мясцін. І пачаць вандроўку можна з гарадзішча на Менцы або Заслаўя.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Азярцоўскай сярэдняй школы..