Сярод школьнікаў з Варнян у дзелавым стылі адзення вылучаюцца вучні сярэдняга звяна ў зялёнай форме. Гэта сябры школьнага лясніцтва “Лесавічок”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Традыцыі вучыць дзяцей паважліваму стаўленню да прыроды праз дзейнасць школьнага лясніцтва ўжо шмат гадоў. Яго ўдзельнікі садзяць лес, прыбіраюць лясныя тэрыторыі ад смецця, вырошчваюць пасадачны матэрыял, вырабляюць кармушкі і сінічнікі, вядуць інфармацыйную работу па ахове лесу праз удзел у злётах, конкурсах і фестывалях.
— З мэтай захавання лясоў і прыцягнення ўвагі грамадскасці да іх ролі ў жыцці краіны штогод нашы навучэнцы і педагогі прымаюць удзел у Тыдні лесу. Так, за ўдзел у згаданай рэспубліканскай акцыі 2020 года наша ўстанова была адзначана дыпломам І ступені і грашовым прызам у 2000 рублёў, — адзначае дырэктар Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Алена Юркойць.
Варта назваць яшчэ адну значную перамогу. У 2016 годзе школьнікі з Варнян сталі лідарамі міжнароднага конкурсу па пасадцы лесу. У тое цяжка паверыць, але факт: вучні пасадзілі больш за 17 тысяч саджанцаў.
Працягваючы размову на мове лічбаў, важна адзначыць, што з моманту заснавання школьнага лясніцтва 74 выпускнікі школы атрымалі адукацыю, звязаную з лясной гаспадаркай.
Не першы год у Варнянах дзейнічае школьная бізнес-кампанія “Эколавка”, у межах якой вучні разам з настаўнікамі паспяхова вырошчваюць расаду ў цяпліцы. За мінулы год рэалізавана насельніцтву больш за 200 саджанцаў вечназялёных раслін. Дзейнасць бізнес-кампаніі прыносіць школе нядрэнны прыбытак.
З гэтага года кампанію школьнікам у справе прыхільнасці да экаідэй складаюць і дашкаляты. Адно крыло ўстановы адукацыі сёння адведзена пад дзіцячы сад, і ў студзені тут адкрылі першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Экаляты”.
Для дзяцей гэта стала сапраўдным навагоднім падарункам. Яны з задавальненнем і з вельмі важным выглядам прымяраюць форму юных лесаводаў. Варнянскія дашкаляты ўжо ўдзельнічалі ў азеляненні тэрыторыі роднага дзіцячага сада. А ў тэматычным кабінеце дзяўчынкі і хлопчыкі без падказак педагога паказвалі карэспандэнту саджанцы елкі, якія высадзілі менавіта яны.
— За гады дзейнасці наша ўстанова назапасіла багаты вопыт у кірунку экалагічнага выхавання, створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для дзейнасці, а самае галоўнае — у калектыве працуюць неабыякавыя, творчыя людзі. Уся наша адукацыйная дзейнасць так ці інакш пабудавана вакол экалагічнага кірунку, прычым ажыццяўляецца не ізалявана, а ў цеснай сувязі з эстэтычным, духоўна-маральным, працоўным выхаваннем. Для нас важна, каб дзеці зразумелі, што кожны з нас можа зрабіць пасільны ўклад у агульную справу, — дадала напрыканцы размовы Алена Юркойць.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара