У ВДТУ — новы лёгкаатлетычны стадыён

- 10:47Спартыўныя падзеі

Старт сучаснаму этапу ў развіцці фізічнай культуры і спорту дадзены: у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце ў мінулую суботу адкрылі новы спартыўны лёгкаатлетычны стадыён з футбольным полем і трыбунамі.

Фізкультура і спорт тут — неад’емная частка жыцця. У невялікай установе вышэйшай адукацыі 17 студэнтаў уваходзяць у нацыянальную зборную. Пяты год запар ВДТУ заваёўвае найвышэйшыя ўзнагароды Рэспубліканскай універсіяды, і ёсць падставы для ўпэўненасці, што лідарства захавае сёлета. Па шэрагу відаў спорту яго каманда на роўных змагаецца з дружынамі профільных спартыўных факультэтаў. Далёка не ў кожным айчынным універсітэце вам раскажуць, што ў іх вучыўся ўдзельнік Алімпійскіх гульняў. У віцебскім тэхналагічным такіх шасцёра, зараз яго спартсмены актыўна рыхтуюцца да выступленняў у Японіі. Пералік не поўны, але і ён уражвае.

— Калі гаварыць пра фізкультуру і спорт, то ў студэнцкім жыцці яны займаюць асаблівае месца, — адзначыў рэктар універсітэта Андрэй Кузняцоў. — Я сам у свой час цесна сябраваў са спортам і дагэтуль стараюся быць у курсе галоўных спартыўных навін і падзей, што адбываюцца ў вобласці, краіне, свеце. Сваіх спартсменаў мы заўсёды падтрымлівалі, што, адназначна, і далей застанецца ў ліку нашых прыярытэтаў. Прычым маю на ўвазе менавіта камандную сістэмную работу, у якой задзейнічаны ўсе падраздзяленні ўніверсітэта — ад выкладчыкаў, кіраўнікоў кафедраў і студэнцкага спартклуба да рэктара. Новы стадыён — гэта магчымасць праводзіць спаборніцтвы гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, займацца фізічнай культурай і спортам, актыўна праводзіць вольны час, тым самым удасканальваць сваю фізічную форму і весці здаровы лад жыцця.

ВДТУ валодае зайздроснай спартыўнай базай. Дзве спартзалы ў вучэбных карпусах, зала для заняткаў аэробікай, свой спартыўны комплекс з басейнам, спартзалай, трэнажорнай залай і аднаўленчым цэнтрам. Цяпер да іх далучыўся і стадыён: футбольнае поле 72 на 110 з галандскім штучным пакрыццём (падарунак УЕФА), 5 лёгкаатлетычных бегавых дарожак, сектары для скачкоў у даўжыню і трайнога, шматфункцыянальная пляцоўка для заняткаў гульнявымі відамі спорту.

Будаўніцтва прыгажуна стадыёна ажыццяўлялася на сродкі рэспубліканскага і ўласнага бюджэтаў. Па словах Андрэя Кузняцова, пакуль здадзена першая чарга аб’екта. У найбліжэйшых планах — пляцоўка для пляжнага валейбола, сектары для штурхання ядра і скачкоў у вышыню.

— Гэта вельмі нам дапаможа як у плане развіцця спорту высокіх дасягненняў, так і для арганізацыі заняткаў фізкультурай: у цёплую пару аптымальна іх праводзіць на свежым паветры. Між іншым запіс жадаючых актыўна і карысна правесці вольны час на стадыёне ўжо вядзецца. Напрыклад, заўтра пагуляць у футбол на чатыры гадзіны запісаліся нашы туркменскія студэнты, якія пражываюць непадалёк у інтэрнаце. Такое немагчыма не вітаць, — паведаміў загадчык кафедры фізічнай культуры і спорту Аляксандр Мусатаў. — Адкрыццё стадыёна дазволіць не толькі студэнтам удасканальваць свае навыкі, але і наладзіць аказанне цэлага комплексу спартыўна-аздараўленчых паслуг насельніцтву. На сёння ва ўніверсітэце дзейнічаюць 18 спартыўных секцый і 21 група спартыўнага ўдасканальвання па 23 відах спорту. Можна было б зрабіць і менш, засяродзіцца на пэўных напрамках, але лічу, што тады і выніку максімальнага мы б не атрымалі. Характэрна і надзвычай важна, што кожны год да нас паступае каля 20—25 спартсменаў 1 разраду і вышэй. У іх моцная матывацыя і настрой расці як у прафесійных ведах, так і ў спорце, рыхтавацца і дасягаць новых вышынь.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва ВДТУ.