У віртуальную вандроўку запрашаюць…

Калі вы даўно хацелі арганізаваць свайму класу цікавую вандроўку, то самы час. Адкрывайце сайт інтэрнэт-праекта “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі” і выбірайце любы з 16 маршрутаў, складзеных камандамі з розных куткоў Беларусі: Ліды, Смаргоні, Брэста, Калінкавіч, Мінска… Каб пабываць у любым з гэтых гарадоў, спатрэбіцца толькі камп’ютар.

Арыгінальны інтэрнэт-праект “Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі” (арганізатарам і каардынатарам праекта з’яўляецца гімназія № 1 Дзятлава) праходзіў у некалькі этапаў: спярша юныя краязнаўцы вывучалі паходжанне тапонімаў (назваў мясцовых населеных пунктаў, рэк і азёр), пасля шукалі цікавыя гісторыі храмаў і помнікаў прыроды. Вынікі кожнага з гэтых даследаванняў — рамантычныя і містычныя паданні з якаснымі фотаздымкамі і відэафільмамі — змясцілі на спецыяльнай Google-карце. Сёння любы настаўнік ці вучань можа завітаць на сайт праекта і выкарыстаць гэтыя матэрыялы на ўроку.

Конкурс стартаваў яшчэ ў сакавіку, але ўпершыню яго ўдзельнікі ўбачыліся і пазнаёміліся толькі 17 мая, на фінальнай сустрэчы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе і прайшоў апошні этап спаборніцтва. Каманды распрацавалі і прэзентавалі ўласны турыстычны маршрут па сваёй малой радзіме.

— Ёсць ля нашай школы невялічкі населены пункт Бакшты, — расказвае настаўнік гісторыі Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Андрэй Віктаравіч Ваўчок, кіраўнік каманды “Спадчына”. — Літоўскія купцы, што плылі па Заходняй Дзвіне, арыентаваліся па высокай вежы князя, што жыў у гэтым месцы, і крычалі адзін аднаму: “Бакшта! Бакшта!” (па-літоўску — вежа). Так гэтае месца і празвалі.

Вучні Андрэя Віктаравіча прызнаюцца, што гэтая легенда спадабалася ім, бо прыемна разумець, што калісьці на тваёй малой радзіме жыў знатны князь. А таксама там бывала Барбара Радзівіл з каралём Жыгімонтам ІІ, жыла міласэрная дзяўчына Ліпа з падання пра Ліпнішкі… Кожны з вобразаў удзельнікі каманды “Спадчына” ўвасобілі ў сваім выступленні, і, канечне, журы не ўстаяла перад маляўнічай прэзентацыяй і прысудзіла вучням заслужаную перамогу. Каманда ўпэўнена: яе сакрэт — у шчырай зацікаўленасці.

— Першыя два этапы былі для нас разміначнымі, а ўжо на трэцім, калі даследавалі святыні нашага краю, мы зразумелі, што нас зацягнула з галавой. І ўсё, што вы бачыце на карце як віртуальны маршрут, для нас было абсалютна невіртуальнай вандроўкай, — дзеліцца Андрэй Віктаравіч. — Не першы год працую настаўнікам гісторыі, але нават я зрабіў для сябе шмат адкрыццяў і падчас нашай працы, і падчас знаёмства з экскурсіямі іншых каманд.

Кожны этап конкурсу завяршаўся анлайн-віктарынай: каманды адказвалі на пытанні пра знакавыя мясціны Беларусі, каб даказаць, што яны не толькі актыўныя вандроўнікі, але і эрудзіраваныя даследчыкі.

Конкурс добры і тым, што яго проста паўтарыць з вучнямі ў межах школы ці класа. Вопыт каманды трэцякласнікаў, якая таксама выступіла ў спаборніцтве, паказвае, што дзецям любога ўзросту цікава і карысна адкрываць для сябе родную зямлю, а ў Год малой радзімы такое мерапрыемства можа стаць актуальным, як ніколі. Не спыняйцеся на вандроўках па гатовых віртуальных маршрутах, а выходзьце з вучнямі за парог школы і стварайце свае экскурсіі!

Больш падрабязна пра праект чытайце ў адным з наступных нумароў “Настаўніцкай газеты”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.