У вольным лунанні

- 14:49Нам пішуць

27 юных авіяаматараў Ваўкавыскага раёна прынялі ўдзел у раённых спаборніцтвах па найпрасцейшых лятаючых мадэлях, якія арганізаваў Ваўкавыскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Спаборніцтвы праходзілі на дальнасць палёту найпрасцейшай мадэлі планёра ў дзвюх узроставых катэгорыях: 6—8 гадоў, 9—10 гадоў. Мэтай спаборніцтваў была актывізацыя дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю. Важная была не столькі трэніраванасць у запуску самой мадэлі, колькі майстэрства ў яе вырабе.

Трэба было бачыць, з якім азартам і імкненнем дзеці стараліся, каб іх мадэль праляцела як мага далей. Лепшымі ў спаборніцтвах сталі навучэнцы сярэдніх школ № 4 і № 5 Ваўкавыска, Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, Гнезнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання.

На ўрачыстым пастраенні, якое прайшло пасля ўзнагароджання пераможцаў, каманда сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска пад гучныя апладысменты ўсіх прысутных выканала песню “Перш-наперш самалёты” з кінафільма “Нябесны ціхаход”. І ў завяршэнне спаборніцтваў для хлопчыкаў і дзяўчынак была арганізавана аглядная экскурсія па цэнтры з прэзентацыяй аб’яднанняў па інтарэсах, якія дзеці могуць наведваць у летні перыяд.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.