У вучэбнай кнігі — самая вялікая колькасць чытачоў

- 9:40Актуально, Апошнія запісы

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адкрылася другая экспазіцыйная зала музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Першая музейная зала была адкрыта ў 2019 годзе, і ў ёй прэзентавана гісторыя адукацыі і вучэбнай кнігі з ІХ да першай паловы ХХ стагоддзя. Цяпер пачала работу экспазіцыя, дзе дэманструецца гісторыя развіцця вучэбнага кнігавыдання з 1946 па 1991 год. 

Музей ствараўся і развіваецца па ініцыятыве міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які падчас адкрыцця новай экспазіцыі падкрэсліў, што беларуская вучэбная кніга з’яўляецца важным гістарычна­культурным сімвалам нашай краіны. Першы буквар з’явіўся дзякуючы менавіта беларускім асветнікам.

Вучэбная кніга адлюстроўвае гісторыю адукацыі. Яна ж яе і стварае. Трэба памятаць, што ў вучэбнай кнігі — самая вялікая колькасць чытачоў. Яе ўплыў на асобу вучня цяжка пераацаніць. Такая кніга не толькі вучыць, але і выхоўвае нават сваім знешнім выглядам.

“Ствараючы і развіваючы такі музей, мы аддаём даніну павагі беларускай адукацыі, яе гісторыі, людзям. Менавіта вучэбная і мастацкая кніга (класічная літаратура) дапамагае сфарміра­ваць адукаванага і выхаванага чалавека, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. І дзейнасць гэтага музея павінна быць накіравана на фарміраванне культуры чытання як вучэбнай, так і мастацкай літаратуры. Да развіцця музея трэба запра­шаць не толькі педагогаў, але і школьнікаў. Такая сумесная дзейнасць будзе развіваць нашу сістэ­му адукацыі”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

У аснове экспазіцыі — падручнікі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі, пачатковым навучанні, рускай мове для школ з беларускай мовай навучання і метадычныя матэрыялы. Прадстаўлены пераклады на беларускую мову падручнікаў, выдадзеных у СССР, кнігі па выхаванні, метадычныя матэрыялы падручнікаў, выдадзеныя ў БССР.

Найбольш значныя падзеі, звязаныя з развіццём адукацыі, адлюстраваны на постэрах, дзе можна прасачыць за перыядызацыяй гэтай эпохі ад пасляваеннага аднаўлення 1940—1950-­х гадоў да перыяду палітычных перамен 1980-­х. Адпаведную атмасферу ствараюць плакаты і рэчы савецкай эпохі.

Частка кніг алічбавана і размешчана на інфармацыйным рэсурсе, даступным на інтэрактыўнай па­нэлі ў зале музея і на мабільных прыладах праз QR­-коды. Акрамя таго, на інфармацыйным рэсурсе можна прасачыць храналогію найбольш значных падзей у сацыяльна-­эканамічным жыцці і ў сферы адукацыі Савецкага Саюза і Беларускай ССР, даведацца пра аўтараў падручнікаў, якія працавалі ў БССР.

Для наведвальнікаў музея паставілі спецыяльны стол сярэдзіны ХХ стагоддзя, за якім можна пагартаць падручнікі з прапанаванай экспазіцыі.

“Музей дэманструе вялікую ролю вучэбнай кнігі ў сістэме адукацыі СССР і Беларускай ССР, а таксама адлюстроўвае сувязь паміж выбітнымі дасягненнямі ў навукова­-тэхнічнай і гуманітарных сферах, сацыяльна­эканамічным развіцці і высокім узроўнем школьнай адукацыі ў той час”, — адзначыў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны.

Музейная экспазіцыя наглядна паказвае, як няпроста ствараліся вучэбныя кнігі, наколькі эру­дзіраванымі і навукова падкаванымі павінны быць іх аўтары. Работа па пашырэнні музея будзе працягнута, з’явяцца экспазіцыі сучасных падручнікаў. Аднак трэба памя­таць, што музей вучэбнай кнігі — не маўклівы збор старых выданняў, а дзейсны сродак навучання і выхавання не толькі педагогаў, але і навучэнцаў.

Акрамя таго, музей можа стаць навуковай пляцоўкай, бо ў падручніках рэалізуецца дыдактычная мадэль навучання, якая дэманструе, як і чаму вучылі ў розныя гістарычныя эпохі. 

А ў дзень адкрыцця другой экспазіцыйнай залы музей стаў пляцоўкай для ўрачыстага ўручэння дыпломаў аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі. 23 прадстаўнікі адміністрацый з устаноў адукацыі розных рэгіёнаў краіны з рук міністра атрымалі дакументы з пацвярджэннем сваёй новай спецыяльнасці “Менедж­мент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. 

Віншуючы выпускнікоў, Ігар Карпенка адзначыў: “Жыццё — гэта рух ідэй, таму я вам жадаю такіх ідэй, якія зробяць вашы ўстановы яшчэ больш паспяховымі”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.