“У выдання ёсць свой твар, свая душа”

- 9:40"Настаўніцкай газеце" — 75

Руслан АБРАМЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама

Паважаныя аўтары і чытачы, паважаны Вадзім Аляксандравіч!

Ад імя педагагічнай грамадскасці Гро­дзеншчыны шчыра віншую “Настаўніцкую газету” з 75-годдзем!

Народжаная ў год заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, газета была не прос­та інфармацыйным выданнем, а несла місію аб’яднання грамадскіх сіл на шляху аднаўлення разбуранай сістэмы адукацыі рэспублікі. “Настаўніцкая” стала трыбунай для педагогаў-наватараў, метадычным цэнтрам і даведнікам для падтрымкі маладых настаўнікаў.

Архіў газеты — летапіс жыцця беларускай школы, хроніка рэформ, адлюстраванне мноства крокаў на шляху да станаўлення сучаснай сістэмы адукацыі.

Сёння галіновае выданне асветнікаў Беларусі не страціла сваёй аўдыторыі, падтрымлівае з чытачамі самы блізкі кантакт, знаходзіцца поруч з настаўнікамі, бачыць і апісвае самы шырокі спектр падзей жыцця найважнешай сферы грамадскіх адносін. Журналісты “Настаўніцкай” бываюць, здаецца, адначасова ў многіх месцах, паспяваюць трапіць і на знакавыя рэспубліканскія мерапрыемствы, і на заняткі ў маленькім сельскім дзіцячым садку, і на спартыўныя пляцоўкі школ, на ўрокі, у музеі, у кабінеты кіраўнікоў. Газета жыве жыццём педагагічных калектываў, дае слова маладым і сталым, бачыць вялікія здзяйсненні і маленькія поспехі, стварае магчымасці для кожнага дзяліцца сваімі напрацоўкамі і ведаць аб лепшых практыках краіны.

Кожны чытач пацвердзіць: матэрыялы “Настаўніцкай” не старэюць. Да іх можна і трэба вяртацца праз гады і дзесяцігоддзі, і зноў знаходзіць для сябе карыснае.

У выдання ёсць свой твар, свая душа, мноства традыцый. У той жа час сучасныя формы камунікацыі з чытачом робяць знаёмства са зместам артыкулаў зручным і даступным у любы час і ў любым месцы.

Радуюць ініцыятыўнасць рэдакцыі і карэспандэнтаў, стварэнне новых праектаў, дадаткаў, асвятленне актуальных тэм жыцця нашай галіны.

Спадзяёмся, што дамовы, дасягнутыя падчас дзелавых сустрэч з кіраўніцтвам рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй падчас прэс-тураў каманды “Настаўніцкай” па раёнах і гарадах краіны, дадуць плён і ўзаемнакарысны штуршок для развіцця газеты і творчай педагагічнай грамадскасці.

Жадаю калектыву заставацца першым і давераным дарадчыкам для калег-настаўнікаў, горда несці званне лепшага галіновага выдання краіны. Няхай і далей кожны нумар чытачы з цікавасцю даследуюць ад першай да апошняй старонкі, няхай знаходзяць там адказы на пытанні і артыкулы пра сябе і свае ўстановы. Здароўя, натхнення і новых здзяйсненняў!

Марыя ГОВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні

Люблю чорную каву… Вельмі моцную і абавязкова з ванільным зефірам і горкім шакаладам… Ні адно маё снеданне не абыходзіцца без гэтага традыцыйнага набору. А яшчэ без газеты. У тым ліку і “Настаўніцкай”. Як бы ні было загружана неправеранымі сшыткамі і ненапісанымі планамі маё філалагічнае жыццё, кожную раніцу я стараюся разгарнуць газету і знайсці там для сябе нешта карыснае.

“Настаўніцкая газета” дапамагае мне быць у курсе па­дзей, якія адбываюцца ў сферы маёй прафесійнай дзейнасці. Дзякуючы ёй, я знаёмлюся з метадычнымі адкрыццямі сваіх калег і бяру для сябе некаторую іх частку.

За ранішнім чытаннем на старонках газеты часам сустракаю прозвішчы сваіх знаёмых і ганаруся іх дасягненнямі.

З’яўляючыся рэдактарам школьнага сайта і газеты “Сямёрачка”, на працягу чатырох гадоў супрацоўнічаю і з “Настаўніцкай газетай”, адпраўляючы ў рэдакцыю артыкулы з аглядам найбольш значных падзей, якія адбываюцца ў школе. Без ілжывай сціпласці скажу, што прыемна ўбачыць сваё прозвішча і нумар школы, дзе я працую, на старонках, якія чытаюц­ь ва ўсёй краіне.

Акрамя сваіх артыкулаў, часта дасылаю ў газету матэрыялы сваіх калег або вучняў. І калі матэрыял надрукаваны, прыемна чарговы раз пачуць ад іх словы ўдзячнасці.

“Настаўніцкая газета” — выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, гэта і маё выданне, таму што я з’яўляюся яго част­кай. Для мяне “НГ” — гэта магчымасць самарэалізавацца праз публікацыі і пашырыць свой прафесійны вопыт.

У дзень юбілею “Настаўніцкай газеты” жадаю ўсім яе супрацоўнікам, каб іх матэрыялы былі заўсёды запатрабаваныя, як кава на снеданне… Дарэчы, пра снеданне… Пара чытаць юбілейны нумар…

Вольга КЛІМ, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна

Маё цеснае супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай” пачалося пяць гадоў назад, калі на яе старонках у рубрыцы “Адукацыя ў асобах” з’явіўся матэрыял пра нашага маладога педагога Алену Кур’ян, якая стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак адразу ў дзвюх намінацыях. З таго часу для мяне, як кіраўніка, газета стала настольнай.

Несумненная вартасць у тым, што ўсе матэрыялы публікуюцца на беларускай мове. Калі я ўзяла ў рукі газету, зразумела, што мая дзейнасц­ь як кіраўніка з кожным днём усё аддаляе мяне ад роднай мовы, таму што справаводства вядзецца на рускай мове, асноўныя кантакты ў калектыве таксама пераважна на рускай мове. Тады для сябе паставіла задачу: буду чытац­ь газету пастаянна — у першую чаргу для атрымання прафесійнай інфармацыі, але ў тым ліку і для таго, каб не забывац­ь родную мову, старацца авалодаць ёй на годным узроўні. З таго часу і па сённяшні дзень “Настаўніцкая газета” — адно з маіх любімых прафесійных выданняў.

Ні ў адным іншым выданні не запазычыш столькі навінак, цікавага і карыснага матэрыялу, інфармацыі аб мерапрыемствах у галіне адукацыі, якія праходзяць у нашай краіне. Таму газета сапраўды каштоўны інфармацыйны прадукт. У прыватнасці, адна з апошніх запазычаных ідэй — адукацыйны праект “Зялёныя школы”. На сённяшні дзень магу з гордасцю сказаць, што дашкольны цэнтр № 58 Гродна носіць статус “Зялёная школа”, атрыманы  ў 2019 годзе ў Гродзенскай вобласці ў ліку першых. І  цяпер ужо мы распаўсюджваем  вопыт сваёй работы ў гэтым кірунку. На нядаўнім абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” расказалі на ЭКАпартале аб дасягненнях у галіне экалагічнага выхавання дашкольнікаў праз рэалізацыю адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”.  А пачыналася ўсё менавіта з “Настаўніцкай газеты”.

 Наша ўстанова адукацыі амаль штогод з’яўляецца ўдзельнікам конкурсу “Энергамарафон” у той ці іншай намінацыі. Мне заўсёды цікава, якія дасягненні ў гэтай галіне ёсць у калег. Як праходзіць у розных рэгіёнах краіны “Энергамарафон”, я заўсёды магу даведацца праз газету.

З інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі таксама грунтоўна пазнаёмілася на старонках “Настаўніцкай газеты”. Менавіта дзякуючы гэтым першым ведам, установа з 2016 года з’яўляецца  рэспубліканскай пляцоўкай па рэалізацыі эксперыментальных і інавацыйных праектаў. На сённяшні дзень у нас рэалізуюцца два рэспубліканскія праекты. Установа носіць статус дашкольнага цэнтра развіцця, а гэта прадугледжвае ўкараненне інавацый. Хто як не мы павінны быць першымі ў той ці іншай галіне ў рамках сістэмы адукацыі. І дзе яшчэ запазычыць гэтыя веды, як ні на старонках выдання. Таму “Настаўніцкая газета” — гэта мой памочнік у дзейнасці як кіраўніка і педагога.

Вядома ж, дапамагаюць у рабоце разнастайныя нарматыўныя дакументы, якія з’яўляюцца на старонках выдання. Рубрыка, дзе на пытанні педагогаў адказваюць юрысты, са­дзейнічае ў працы.

Вельмі падабаюцца нумары з дадаткамі. Менавіта з іх я як жанчына, маці, жонка бяру рэцэпты на заметку, цікавыя спосабы вырошчвання хатніх раслін. Заўсёды чытаю рубрыкі, звязаныя з псіхалогіяй. І часта праводжу тэсты ў калектыве, напрыклад, па панядзелках раніцай на працоўнай нарадзе. А яшчэ мне падабаюцца артыкулы пра вядомых людзей, якія дасягнулі вышынь у прафесіі. Заўсёды праводжу аналогію: магчыма, і ў нашым калектыве растуць будучыя зоркі, кіраўнікі альбо навукоўцы. І гэта дапамагае мне будаваць узаемаадносіны з маладымі спецыялістамі, якія штогод прыхо­дзяць у калектыў. Дзякуй за гэта маёй газеце.

Сярод  педагогаў дашкольнага цэнтра абмеркаванне цікавых матэрыялаў у газеце — адзін з момантаў рабочых нарад. Дзелімся прачытаным, абмяркоўваем, а затым выкарыстоўваем у рабоце. Не так даўно на старонках газеты даведаліся пра конкурс “Восеньскі капялюш”. Зацікавіліся — і ў выніку атрымалася такое цёплае мерапрыемства, што спадабалася і дзецям, і бацькам.

Я сапраўды вельмі люблю “Настаўніцкую газету”. Родныя кажуць: “Прыйшла твая газета”. І мне гэта вельмі імпануе. Калі толькі пачынала яе чытаць, разумела, што гэта трэба для працы, а цяпер чытаю з захапленнем і цікавасцю. І, вядома ж,  мы, як і калегі з іншых устаноў адукацыі, з задавальненнем дзелімся з чытачамі тымі дасягненнямі і поспехамі, якія ёсць у нашым калектыве. Я з упэўненасцю магу сказаць: “Гэта мая газета”.