У выйгрышы — фінансавая дасведчанасць

14 снежня ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Самай фінансава адукаванай стала навучэнка 10 класа гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна Марыя-Магдалена Макарчык.


Марыя-Магдалена набрала 96 балаў са 100 магчымых.

— У алімпіядзе мне прапанавала паўдзельнічаць настаўніца па грамадазнаўстве Галіна Рыгораўна Сотнікава, — расказвае Марыя-Магдалена. — Я ёй вельмі ўдзячна і за матывацыю, і за далейшую падтрымку. Без сумненняў запісалася на першы этап і паспяхова яго прайшла. Тым не менш падчас падрыхтоўкі да наступнага этапу я зразумела, што самастойна разабрацца ва ўсіх тонкасцях фінансавай дасведчанасці будзе цяжка. Відавочна, як і любая алімпіяда, алімпіяда па фінансавай дасведчанасці патрабуе добрай, якаснай, прафесійнай падрыхтоўкі. У маёй гімназіі адпаведная дысцыпліна не выкладаецца. А ведаць трэба шмат. Гэта і банкаўскі сектар, і інвестыцыі, і крэдыты, а таксама страхаванне, падаткі і шмат іншага. Увогуле, фінансавая дасведчанасць уключае ў сябе шмат розных пытанняў, у тым ліку складаных. Але калі ёсць жаданне, то няма нічога немагчымага. Вывучыць і разабрацца можна ва ўсім. Дзякуючы сацыяльным сеткам, мама знайшла інфармацыю аб адной з бізнес-школ, якая дзейнічае ў Гродне. Я туды запісалася, пазнаёмілася з трэнерам па фінансавай дасведчанасці Наталляй Кавальскай. Менавіта з ёй рыхтаваліся да абласнога этапу алімпіяды. На вобласці я заняла 2-е месца. А вось на рэспубліцы стала пераможцай!

Разам з Марыяй-Магдаленай у алімпіядзе змагаліся яшчэ 20 навучэнцаў. Перад тым як абвясціць пераможцаў, удзельнікам фінансавых спаборніцтваў паказалі прэзентацыю з заданнямі, якія ўключала алімпіяда, а таксама правільныя адказы. Ужо нават мысленна кожны мог падлічыць, колькі і якіх памылак зрабіў.

— Дзякуючы падтрымцы школьных настаўнікаў, бацькоў, трэнера па фінансавай дасведчанасці, я верыла ў сябе, — канстатуе дзяўчына. — Я разлічвала свае магчымасці і разумела, што маю ўсе шансы на перамогу. Увогуле, ведаю, што праца і старанні заўсёды ўзнагароджваюцца. У наступным годзе буду рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Нягледзячы на тое, што з навучальнай установай, горадам, дзе б хацела вучыцца, яшчэ не вызначылася, дакладна ведаю, што сваю будучыню звяжу з бізнес-аналітыкай.

За перамогу ў алімпіядзе Марыя-Магдалена Макарчык атрымала дыплом І ступені, а таксама каштоўны прыз — планшэтны камп’ютар. Дыплом ІІ ступені на сёлетняй фінансавай алімпіядзе і смартфон у падарунак атрымаў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 38 Гомеля Кірыл Чыгвінцаў. Дарэчы, Кірыл прымае ўдзел у алімпіядзе не ў першы раз. У мінулым годзе менавіта ён быў пераможцам рэспубліканскага этапу фінансавых спаборніцтваў. Дыплом ІІІ ступені і фотаапарат заслужыў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 9 Кобрына Яраслаў Гліна.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі з 2014 года. Алімпіяда з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў. Безумоўна, асноўнай мэтай алімпіяды з’яўляецца папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, а таксама фарміраванне ў дзяцей практычных навыкаў карыстання фінансавымі інструментамі. Што тычыцца алімпіядных заданняў, яны складзены з тэм, пытанняў, з якімі сутыкаюцца ўсе без выключэння дарослыя і самастойныя людзі.

Перад тым як трапіць на заключны тур алімпіяды, лепшым знаўцам фінасавых пытанняў неабходна было за 3 месяцы прайсці некалькі этапаў. У кастрычніку ў краіне больш чым 23 тысячы навучэнцаў 10—11 класаў з больш чым 2,3 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі праверылі свае фінансавыя веды на першым этапе спаборніцтваў. У другім этапе ўдзельнічалі 4428 школьнікаў з 1970 школ. Падчас 3 тура алімпіяды ў кожнай вобласці і Мінску былі вызначаны па 3 пераможцы, якім выпала магчымасць пазмагацца за перамогу ў фінале алімпіяды.

Відавочна, што ўдзел у алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці дае навучэнцам не толькі цудоўную магчымасць навучыцца фінансавым паводзінам, але і дапамагае зразумець важную рэч: ад правільных адносін з эканомікай залежыць не толькі наша сённяшняя стабільнасць, але і будучыня краіны.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.