У вёсцы Стрэнькі, пад Рагачовам, на тэрыторыі раённага цэнтра рамёстваў з’явілася малая архітэктурная форма “Сімвал міру — планета Зямля”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Мы тут усе людзі творчыя”
Ва ўрачыстым адкрыцці нязвыклага для вясковага каларыту вялікага глобуса прынялі ўдзел вучні і педагогі Стрэнькаўскай пачатковай школы — дзіцячага сада. Як паведаміла кіраўнік раённага цэнтра рамёстваў Вольга Ткачова, урачыстасць “Абдымем планету сваім карагодам” была і гульнявой, і сімвалічнай адначасова. Дзеці разам з дарослымі гаварылі пра важнасць захавання міру як у Беларусі, так і па ўсёй планеце. Вадзілі карагоды вакол наватвора — нібы абдымалі матулю Зямлю, аберагалі яе ад розных катаклізмаў.
“Мы супрацоўнічаем з мясцовай пачатковай школай-садам, дзеці ахвотна прыходзяць да нас: і ў гуртках займаюцца, і ў імпрэзах удзельнічаюць, — расказала Вольга. — Спецыяльна прымеркавалі адкрыццё малой архітэктурнай формы “Сімвал міру — планета Зямля” да 22 красавіка — Міжнароднага дня Зямлі. У час урачыстасці дзеці адказвалі на пытанні пра Зямлю і Сусвет, упрыгожвалі металічную зямную кулю (так здаўна беларусы называюць падобныя канструкцыі) каляровымі шарыкамі, віншавалі планету са святам”.
Тэрыторыю ля цэнтра рамёстваў паступова ўпрыгожваюць-напаўняюць розныя кампазіцыі, якія ствараюць яго супрацоўнікі: “Мядзведзь”, “Мурашка”, “Млын”, “Калодзеж” ды інш. А канструкцыю “Сімвал міру — планета Зямля” ў тэхніцы халоднага кавання з металу стварыў Ігар Ткачоў, муж Вольгі Дзмітрыеўны і таксама супрацоўнік цэнтра.
“Ідэя вырабу “вялікага глобуса” ўзнікла ў нас пасля таго, як 2023-і быў аб’яўлены Годам міру і стварэння, — патлумачыла майстрыха. — І паколькі мы тут усе людзі творчыя, то прыдумалі: зрабіць і ўстанавіць у Стрэньках маленькі, але такі моцны, надзейны вобраз зямнога шара, які яшчэ і круціцца, на якім жыве пад Сонцам і наша родная міралюбівая краіна — Рэспубліка Беларусь. “Стрэнькаўскі зямны шар” метровага дыяметра, а цалкам вышыня наватвора — паўтара метра. Дзецям, калі збіраюцца па некалькі чалавек, лёгка і зручна яго абдымаць, вадзіць вакол яго карагоды”.
Майстры са Стрэнькаў
Пазнаёміўся я з Ігарам і Вольгай Ткачовымі ў Мінску, на міжнароднай выставе-кірмашы турпаслуг “Адпачынак-2023”.
На пляцоўцы Палаца спорту свае прапановы прэзентавалі 270 удзельнікаў з розных краін. Ладзіўся і кірмаш рамеснікаў. Гэтая адметная пара прыцягвала ўвагу народнымі строямі ды галаўнымі ўборамі з саломкі. Прычым саламянымі былі не толькі брыль у Ігара і дзівосны вянок у Вольгі — на сталах кветкі, посуд, упрыгажэнні, сувеніры, нават цэлая карэта былі таксама па-майстэрску зроблены з саломкі. І лялькі-хатнічкі розных памераў гарэзліва на гасцей паглядалі — усе ў брылях з баваўнянай тканіны ці льнянога палатна. Дыхтоўныя шкатулкі, выразаныя з дрэва, так і прасіліся ў рукі… Ігар і Вольга ахвотна расказалі як пра Стрэнькі, што кіламетры за тры ад Рагачова, так і пра сябе. Як аказалася, воляй лёсу руская дзяўчына з Ізмаіла (Адэская вобласць) захацела навучыцца майстэрству інкрустацыі саломкай — у Бабруйску. І ў 1984 годзе паступіла ў вядомае нават за межамі Беларусі вышэйшае прафесійнае вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва № 15 (сёння гэта Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я.Ларына).
“Па размеркаванні паехала ў Брэст, — прыгадала Вольга Дзмітрыеўна. — А ўвогуле, калі вучылася, то з сяброўкамі шмат дзе пабыла. Дадому далёка, таму яны да сябе запрашалі. Усю Беларусь, можна сказаць, аб’ездзіла, і душу, і гасціннасць беларускую блізка да сэрца прыняла, і будучага мужа ў адной з паездак прыгледзела: мы з Ігарам, працавітым трактарыстам і шафёрам, у адной з вёсак пазнаёміліся. І ён, як у войску адслужыў, забраў мяне з Брэста. Так і трапіла я ў Стрэнькі. Працавала педагогам у Рагачове ў гімназіі: вучыла гімназістаў таму, што сама ўмею. Там пашчасціла бліжэй азнаёміцца з беларускім саломапляценнем. Ну а далей само ўсё пайшло, ды так шпарка! Рамяство мяне цалкам узяло ў палон, цяпер жа інкрустацыяй амаль не займаюся”.
У гімназіі Вольга працавала кіраўніком гуртка народнай творчасці: знаёміла юных з сакрэтамі беларускіх рамёстваў. Вяла гурток і ў 2-й школе Рагачова. Потым пачала падпрацоўваць у Стрэнькаўскім раённым цэнтры рамёстваў, цяпер кіруе цэнтрам, вядзе гурткі для дзяцей.
А як атрымалася, што і муж падаўся ў майстры? Пэўна, драмалі ў ім здольнасці, а побач з таленавітай жонкай абудзіліся! Ігар Ткачоў працуе з металам, дрэвам, майструе шкатулкі і дзяцей майстэрству навучае. Вольга прыгадала: “Калі я разгарнулася ўжо як майстар, то мне трэба ж было дзесьці вырабы складаць. Я і папрасіла “нешта такое” зрабіць. Муж адну шкатулку зрабіў, потым другую — і пайшла справа”. Дарэчы, Арцём Ткачоў, іх сын, таксама рамеснік: добры ганчар, з керамікай працуе. Вольга з гордасцю паведаміла, што ў 2021 годзе ён заняў 3-е месца на міжнародным конкурсе па кераміцы ў “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары” ў Віцебску.
Вольга Ткачова расказала і пра некаторых сваіх таленавітых вучняў. Хрысціна Ільюшчанка паступіла ва ўніверсітэт культуры. Аляксандр Самойленка займаўся ў гуртку разьбы па дрэве ў цэнтры рамёстваў, скончыў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, паспытаў хлеба настаўніка працоўнага навучання, цяпер праяўляе свае таленты як рамеснік. Таццяна Маспанава скончыла гімназію, у вольны час ахвотна займаецца дэкаратыўнай творчасцю.
“Таццяна ў Віцебску жыве, і калі мы гасцюем-працуем на “Славянскім базары”, а ўжо разоў 10 там былі, то яна да нас у “Горад майстроў” прыходзіць, — расказала Вольга. — Дарэчы, і нявестка ў нас майстрыха, працуе ў тэхніцы дэкупажу. І што цікава: мы ўсе ў маі нарадзіліся”.
Так заззяла на небасхіле творчасці ў Стрэньках, у ціхім рагачоўскім прадмесці, майскае сузор’е майстроў, і святло ад іх далёка ўжо відаць.
Абярэжная сіла рамяства
У Стрэнькаўскім раённым цэнтры рамёстваў займаецца ў розных гуртках каля 40 дзяцей і падлеткаў: яны вучацца разьбе па дрэве, саломапляценню, рабоце з глінай, роспісу па кераміцы. Асабліва каштоўнае рамяство, якое ўдалося зберагчы пад Рагачовам, — выраб абрадавай лялькі-мотанкі. Інфармацыю пра гэтае майстэрства збіралі па крупінках у мясцовых старажылаў. Навуковец з Мінска Таццяна Трушына падарыла цэнтру рамёстваў адну з лялек, даследчыкі змаглі яе апісаць, зрабіць своеасаблівы пашпарт. Рамяство ў Стрэньках збераглі!
“Лялькі-абярэгі, а менавіта лялька Вербніца, ствараліся тут па традыцыі на Вербным тыдні, перад Вялікаднем, — расказала майстрыха. — Рабілі яе з ільнянога палатна, без аніякіх вышывак. У царкве асвячалі вернікі галінкі вярбы і рабілі дома лялечку, і ёй — вербачку ў ручкі, потым дарылі гэты абярэг разам з фарбаваным яйкам на Вялікдзень блізкім людзям”.
Абярэгамі можна лічыць і цудоўныя галаўныя жаночыя ўборы з саломкі, якія майструе Вольга Дзмітрыеўна. Многія з іх ствараюцца пры асаблівым стане душы. Неяк у такім “асаблівым” стане за вечар яна напісала ікону. Звычайна асвячае іконы ў царкве і дорыць блізкім людзям. Адну падарыла храму Святога Архангела Міхаіла, што ў аграгарадку Ціхінічы. Потым, калі яны з мужам там вянчаліся, то майстрыха пабачыла свой твор прама ля алтара — добры знак!
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Вольгі Ткачовай