У Высокаўскай сярэдняй школе вялікае значэнне надаецца супрацоўніцтву з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам

- 11:10Образование

На сваіх уроках педагогі Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна прымяняюць розныя метады і формы, якія накіраваны на раскрыццё здольнасцей і талентаў вучняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца матэматыкі Зінаіда Кожун ужо некалькі гадоў працуе над тэмай “Прымяненне інтэрактыўных рабочых лістоў як сродку арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў пры вывучэнні матэматыкі”. Спачатку педагог дзялілася вопытам выключна са сваімі калегамі ў школе падчас правядзення метадычных тыдняў.

— Затым пачала ўдзельнічаць у рабоце курсаў павы­шэння кваліфікацыі ў Брэсцкім інстытуце развіцця адукацыі, — расказвае Зінаіда Анатольеўна. — У красавіку бягучага года прымала ўдзел у вочна-завочнай навукова-метадычнай канферэнцыі “Актуальныя праблемы сучаснай педагагічнай навукі: ад тэорыі да практыкі” з міжнародным удзелам. Гэта быў цікавы вопыт.

Зінаіда Кожун растлумачыла, што вядучая ідэя вопыту — арганізацыя вучэбнай дзейнасці вучняў па матэматыцы з дапамогай выкарыстання інтэрактыўных рабочых лістоў:

Падчас работы я вывучыла іх дыдактычныя ўласцівасці і функцыі, занялася распрацоўкай інтэрактыўнага дыдактычнага матэрыялу для выкарыстання на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці з дапамогай інтэрнэт-сэрвісаў. Апрабавала розныя праграмы, дадаткі.

Вынікам карпатлівай работы сталі інтэрактыўныя лісты па асноўных раз­дзелах геаметрыі для вучняў 7 класа. Гэтыя дапаможныя формы ўяўляюць сабой некалькі заданняў, аб’яднаных тэматыкай урока. Яны могуць быць рознымі па форме і змесце і накіраваны на развіццё шматлікіх навыкаў.

— Інтэрактыўны плакат можна дапаўняць новымі заданнямі, карэкціраваць і замяняць элементы, — адзначае педагог. — Дзякуючы такому падыходу, у мяне атрымалася своеасаблівая скарбонка дыдактычных матэрыялаў.

У Высокаўскай сярэдняй школе імя Дняпроўскай флатыліі вялікае значэнне надаецца супрацоўніцтву з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Па словах настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі Алены Моўчыкавай, гэта важны кірунак работы з адоранымі навучэнцамі.

Удзел у конкурсах інтэлектуальнага кірунку, даследчай рабоце, алімпіядным руху фарміруе цікавасць да навукова-праектнай і даследчай работы, якая з’яўляецца асновай навучання тэхнапарка, — сцвярджае Алена Янаўна. — Першым навучэнцам нашай школы, які стаў джуніёрам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, стаў Арцём Ложачка. Упершыню ён прайшоў навучанне на напрамку “Мультымедыйныя тэхналогіі” ў снежні 2021 года, калі тэхнапарк працаваў у рэжыме апрабацыі. Далей былі яшчэ 4 адукацыйныя змены. Зараз Арцём — студэнт 2 курса БДУІР.

Вучні Высокаўскай сярэдняй школы неаднаразова станавіліся навучэнцамі тэхнапарка па напрамках “Віртуальная і дапоўненая рэальнасць”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Інфармацыйная бяспека”, “Авія­касмічныя тэхналогіі”.

— Высокая канкурэнцыя пакуль не дазваляе трапіць на адукацыйныя напрамкі “Архітэктура і дызайн” і “Зялёная хімія”, але мы будзем імкнуцца да гэтага, — запэўнівае настаўніца. — Не толькі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, але і проста жаданне трапіць на адукацыйную змену павышае матывацыю вучняў да атрымання ведаў, да ўдзелу ў шматлікіх праектах, конкурсах і алім­піядах.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА