У ягады па снезе

- 23:42Краязнаўства

Мы прывыклі, што ягадны сезон пачынаецца і заканчваецца летам, таму стараемся да восені як мага больш наесціся вітамінаў. А лішкі ягад нарыхтоўваем на зіму: гатуем з іх варэнне і кампоты, сушым і замарожваем. 13-гадовая Аляксандра Казінец з Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі не згодна развітвацца з водарам свежых ягад на ўсю зіму, і разам са сваім педагогам яна другі год запар збірае журавіны з-пад снегу.“Пралескі мясцовага балота” — менавіта так назвала дзяўчынка сваё даследаванне.

“Пра ягады з-пад снегу расказвала мне яшчэ мая бабуля, — гаворыць Ірына Анатольеўна Картавіцкая, педагог дадатковай адукацыі Талачынскага РЦДіМ. — Я дачка лесніка, баць­ка ўсё жыццё працаваў у лесе, а маё дзяцінства прайшло побач з бабуляй. Яна лячыла людзей зёлкамі, і мы часта хадзілі з ёй збі­раць іх. Яна прасіла мяне набраць то каласкоў, то кветак, то лісточкаў, то карэньчыкаў. А зімой часта, запаліўшы лямпу, сядзелі з бабуляй на печы, і яна расказвала мне пра карысныя ўласцівасці розных раслін і пра тое, як яны кармілі і лячылі людзей у пасляваеннае ліхалецце. Асабліва мне ўрэзаўся ў памяць бабулін аповед пра тое, як дзеці чакалі, калі пачне раставаць снег, каб пайсці на балота па журавіны. Сёння пра карысць кожнай травінкі, ягадкі я ўжо сама расказваю сваім дзецям, унукам і, канечне, навучэнцам. І калі я паведаміла пра збор журавін вясной, Саша прапанавала пайсці на балота і праверыць, ці захаваліся там гэтыя ягады”.


Аляксандра ўпэўнена, што калі мы гаворым пра пацяпленне клімату, то варта знайсці ў гэтым і станоўчыя моманты. Даўно прайшлі тыя зімы з высачэзнымі гурбамі снегу. Мінулы год увогуле выдаўся мала­снежным, таму да вясны чакаць не сталі. Балот вакол вёскі Мяшкова, дзе жы­вуць Аляксандра і яе педагог, шмат, і гэтым разам яны сталі аб’ектам іх зімовага даследавання.
“Вада вакол купін была не замерзлай, і нам даводзілася скакаць з купіны на купіну. Трэба было добра прыгледзецца, бо лісточкі ў журавін вельмі дробныя, скурыстыя і вечназялёныя, як іголкі ў елак. Цікава, што восенню гэтыя ягады ўсе наверсе, а вось зімой хаваюцца ў імху. Відаць, прырода стварыла такі цуд, каб хаваць ад марозу ягады і каб яны не перамярзалі. Добрая захаванасць журавін тлумачыцца і тым, што яны ўтрымліваюць прыродны кансервант — бензойную кіслату. Таму іх можна збіраць нават вясной. І гэта таго варта: такога водару і смаку восенню вы не адчуеце”, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандра.

Сёлета снегу ўжо крыху падсыпала, таму ягаднікам трэба спачатку стрэсці яго з купіны. “Шукаць ягады нам не трэба, наша балота на журавіны багатае. Бачыш купіны з імхом — так і ведай, што там будуць ягады, — дае інструкцыі дзяўчынка. — Мы з баць­камі таксама прагульваемся зімой па лесе і заўсёды стараемся сабраць хоць трошкі ягад паласавацца. Мая мама заўсёды замарожвае журавіны на зіму, але з маразілкі яны не такія — становяцца мяккімі, вадзяністымі, калі растаюць. На балоце ж яны цвёрдыя, сакавітыя і значна саладзейшыя”.


І Аляксандра, і Ірына Анатольеў­на ўпэўнены, што зімовыя журавіны больш карысныя, чым сабраныя ўвосень, у іх яшчэ больш лячэбных уласцівасцей. Адзіная бяда, што яны не маюць магчымасці праверыць хімічны састаў ягад у лабараторыі, таму выпрабоўваюць на сабе: лечаць журавінамі і кашаль, і ангіну, і нават галаўны боль. Зрэшты, афіцыйнае пацвярджэнне тут не так і важна. Прагулкі па зімовым лесе і жменька свежых ягад кожны дзень робяць сваю справу і лішні раз пацвярджаюць, што лепшыя лекі — у лесе.


Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ірыны КАРТАВІЦКАЙ.