У яго трэніраваліся Талай, Парахонька

- 11:51Адукацыйная прастора

Чамусьці людзі, якія кажуць “Я проста выконваю сваю работу”, часта аказваюцца для прафесіі найбольш карыснымі. Аляксандр ГУЦІН, трэнер-выкладчык Аршанскай дзяржаўнай СДЮШАР № 2, адзін з такіх. Ён трэніруе дзяцей па лёгкай атлетыцы ўжо 45 гадоў, адкрыў і прывёў да поспеху некалькі зорак беларускага спорту, але пра свае дасягненні расказвае даволі сціпла. Аднак мы сціпла напісаць пра таленавітых людзей і сапраўдных прафесіяналаў дазволіць сабе не можам.

Са спартыўным генам

Аляксандр Сямёнавіч амаль усё жыццё пражыў у Оршы. Спорт палюбіў з дзяцінства, яшчэ на ўроках фізкультуры. У 5 класе ў яго школу прыйшоў новы трэнер, як з усмешкай называе яго Аляксандр Гуцін, “дзядзька на веласіпедзе”, і прапанаваў дзецям запісацца ў секцыю па лёгкай атлетыцы. Гэта быў Раман Васільевіч Шчудлюк. З 20 жадаючых, у рэшце рэшт, засталіся два аднакласнікі: Аляксандр Гуцін і Валерый Каламіец. Апошні стаў заслужаным трэнерам БССР і цяпер узначальвае Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам. Заняткі праходзілі на стадыёне “Лакаматыў”. У тыя часы, як успамінае трэнер, неверагодна было развіта будаўніцтва спартыўных пляцовак. У некаторых раёнах іх было па чатыры. Туды прыходзілі і дзеці, і дарослыя, гулялі ў валейбол, баскетбол і іншыя гульні да самай ночы. Заняткі лёгкай атлетыкай Аляксандр Сямёнавіч не пакінуў да 10 класа і нават меў нядрэнныя поспехі на спаборніцтвах: у бегу на 60 м і 200 м выйграваў абласны этап і ўдзельнічаў у рэспубліканскім. Аднак далейшае жыццё захацеў звязаць не з прафесійнымі выступленнямі, а з трэнерствам. Скончыў Смаленскі інстытут фізічнай культуры, у 1975 годзе вярнуўся ў родны горад і пачаў працаваць у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

“Тады дырэктарам школы быў Аляксандр Іванавіч Сянько. Інтэлігентны, культурны чалавек, які ніколі не павышаў голас, ён быў для мяне, маладога трэнера, прыкладам. Тым больш што дырэктар на палову стаўкі вёў гімнастыку”, — успамінае пачатак сваёй кар’еры Аляксандр Гуцін.

Калі ў школьныя гады Аляксандр Сямёнавіч займаўся лёгкай атлетыкай, то паспрабаваў такі экзатычны від падрыхтоўкі, як бег за аўтобусам. Тады яшчэ добрых пляцовак не было, а траціць форму нельга. Калі ўжо сам стаў трэнерам і паспрабаваў такое ў сваёй рабоце, то зразумеў, што яно таго не варта. “Бегалі па “Лакаматыве”. Праўда, спецыяльных дарожак не было. Да Дажынак стадыён палепшылі (у 2008 го­дзе. — Заўв.аўт.), але зноў не пашко­дзіў бы рамонт. Калі я працаваў у 3-й школе, займаліся ў падвале, але гэта было шчасце. Нам з ціра прывезлі гуму, абсталявалі пляцоўку для скачкоў у даўжыню. У газеце нават пісалі: “Дзеці падзямелля”. Дарэчы, Аліна Талай у гэтым падвале трэніравалася. Цяпер зімой займаемся ў зале сярэдняй школы № 13. Раней там была майстэрня ПТВ, і з яе зрабілі спартыўную залу. Але яна памерам 29 на 12 м — гэтага мала для прафесійнай падрыхтоўкі. Летам трэніроўкі праходзяць на гарадскім стадыёне”.

Падарункі лёсу

Цяжкасцей з выхаванцамі ў Аляксандра Сямёнавіча ніколі не было. Той, хто хацеў дасягнуць вынікаў, займаўся аддана. Зорак ён пачаў выхоўваць яшчэ ў пачатку кар’еры, калі энтузіязм маладога трэнера аб’ядноўваўся з талентам спартсменаў. У 1988 годзе на Усесаюзных юнацкіх гульнях яго выхаванец Аляксандр Ларыёненка стаў пераможцам у трайным скачку і ўзяў “бронзу” ў скачках у даўжыню. Пазней Аляксандр Вяруцін заняў 2-е месца ў скачках у вышыню на чэмпіянаце Еўропе сярод мола­дзі і 3-е месца на чэмпіянаце свету сярод юніёраў і сусветнай універсіядзе. “Тады за такія вынікі давалі заслужанага трэнера, але мне сказалі, што занадта малады. Цяпер, напэўна, занадта стары”, — смяецца Аляксандр Гуцін.

Аліну Талай Аляксандр Сямёнавіч упершыню сустрэў на стадыёне “Лакаматыў” падчас спаборніцтваў “Старты надзей”. Яго знаёмы трэнер Уладзімір Аблавацкі заўважыў дасягненні юнай спартсменкі: “Там дзяўчына скокнула ў даўжыню 4,7 м”. Але Аляксандр Сямёнавіч адразу яе не ўзяў, падумаў, што гэты раён — тэрыторыя іншага педагога. “Прайшоў дзесьці месяц, яе не відаць. Тады я паехаў у школу, сустрэўся з ёй. Дзяўчына сказала, што займаецца турызмам. Я прапанаваў паспрабаваць яшчэ і лёгкую атлетыку, пахадзіць на трэніроўкі некалькі тыдняў і тады вырашыць, што больш падабаецца. Яна пага­дзілася, праўда, як мне здалося, каб я ад яе адчапіўся. Але Аліна прыйшла. Потым высветлілася, што ў дзяўчыны ёсць праблемы з сэрцам, але трэніравацца мы працягнулі, проста выбудавалі патрэбны рэжым, — расказвае Аляксандр Сямёнавіч. — І ўжо летам Аліна бяжыць і выйграе ўсе 100 м. Для 7 класа гэта добры вынік. Едзем на рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў, яна выйграе звязку “бег 60 м, бег 60 м з бар’ерамі і трайны скачок з месца”. Гомельскія трэнеры хацелі забраць яе да сябе, але мы адмовіліся”.

Пасля такіх цудоўных вынікаў спартсменцы прыйшлося прапусціць год. Тата звазіў Аліну ў абласны дыягнастычны цэнтр і вярнуўся з сумнымі навінамі. “Вымушаны вас расчараваць, — паведаміў ён Аляксандру Сямёнавічу, — доктар сказаў, што вялікай спартсменкі з Аліны не атрымаецца. Няхай займаецца проста для сябе”. Трэнер тады выдыхнуў, бо хваляваўся, што заняткі забароняць увогуле. З 2008 года імя Аліны Талай стала імем нацыянальнага ўзроўню. Менавіта тады яна ўпершыню выступіла на чэмпіянаце свету сярод юніёраў, дзе заняла 4-е месца ў бар’ерным спрынце. І, здаецца, у той момант вырашыла: ёй неабходна перамога. У 2009 годзе спартсменка стала ўжо трэцяй на маладзёжным чэмпіянаце свету, а ў 2011-м выйграла яго.

“Потым Аліне ў спартыўным плане стала цесна ў Оршы і яна паехала ў Мінск. Цяжка, вядома, расставацца з выхаванцамі, але для заняткаў патрэбны былі іншыя ўмовы”, — заўважае Аляксандр Гуцін. Спартсменка працягвала радаваць былога трэнера дасягненнямі: “бронза” чэмпіянату свету ў памяшканні (2012), “золата” чэмпіянату Еўропы (2012), паездка на Алімпіяду ў Лондан. Некалькі гадоў назад Аліна Талай падарыла Аршанскай СДЮШАР № 2 спартыўную форму, шыпоўкі. “Вось сезон заканчваецца, у верасні дзеці прыходзяць, і я ім за добрыя вынікі ўручаю падарункі. Яны самі выбіраюць, што хочуць узяць,” — расказвае Аляксандр Гуцін.

Новай надзеяй трэнера пасля Аліны Талай стаў Віталій Парахонька. Гэта цудоўны прыклад таго, як падтрымка бацькоў можа адыграць вырашальную ролю ў жыцці дзіцяці. “Восенню тэлефануе мне жанчына: “Вазьміце майго сына займацца”, — прыгадвае Аляксандр Гуцін. — Спытаў, колькі яму гадоў. Аказалася, што ён ужо вучыўся ў прафтэхустанове. Я яшчэ пажартаваў, што ён “пенсіянер”, але сказаў прыйсці. Хлопец прыйшоў, бе­гаць не ўмеў, праўда, адчувалася, што ўнутры нешта ёсць. Пачалі з ім займацца. Віталій мэтанакіраваны, гэта яго галоўны плюс. На трэніроўкі прыходзіў ужо ў 3 гадзіны дня, хаця я яму казаў, каб быў у пяць вечара, таму што да гэтага часу займаюцца дзеці, пад нагамі толькі блытаюцца. Але не, ён заўсёды быў у тры”.

Віталій не раз станавіўся чэмпіёнам краіны, дайшоў да паўфіналу чэмпіянату Еўропы ў памяшканні, а мінулым летам стаў сярэбраным прызёрам ІІ Еўрапейскіх гульняў у бегу на 110 м з бар’ерамі. Зусім нядаўна, у пачатку лютага, лёгкаатлет паклаў у асабістую скарбонку яшчэ і “серабро” міжнароднага турніру ў Францыі (60 м з бар’ерамі).

“Вы не ўяўляеце, колькі здольных дзяцей не стала займацца. Некаторыя чагосьці дасягнулі ў жыцці, іншыя — не. Думаеш: можа, у спорце маглі б сябе рэалізаваць, але ўжо позна. Зараз з’явіўся хлопчык: у 11 гадоў скача ў вышыню 1,55 м. Гэта прыемны для мяне момант”, — заўважае трэнер.

Аляксандр Сямёнавіч, дарэчы, па колькасці ўзнагарод стараецца не ўступаць сваім выхаванцам. Ён выдатнік народнай асветы, Чалавек года Віцебшчыны — 2012 і мае медаль за працоўныя заслугі. Свой прафесійны ўзровень падтрымлівае рознымі курсамі, сустрэчамі з выбітнымі трэнерамі. “Заўсёды трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца, — упэўнены трэнер. — Цяпер вучуся на выхаванцах, ёсць інтэрнэт, тэлебачанне. Праўда, кніг сталі менш выпускаць па лёгкай атлетыцы”.

Як павысіць цікавасць?

Нягледзячы на тое, што Аляксандру Сямёнавічу шчасціць са сваімі выхаванцамі, ён заўважае: падтрымліваць ціка­васць дзяцей да заняткаў спортам няпроста. “Калі дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву быў Уладзімір Данілаў, ён адкрыў у Оршы філіял. Што гэта значыла? Нашы выхаванцы спалі дома, хадзілі ў сваю школу, толькі харчаванне адрознівалася. У школе яны снедалі, абедалі, да таго ж ім куплялі вінаград, яблыкі, грушы і г.д. Я тады пачаў заўва­жаць на трэніроўках, што Аліна Талай хутчэй бегае. Праз год і іншыя выхаванцы падцягнуліся. Вось як дамашняя атмасфера і сістэма харчавання ўплываюць на дзяцей. Цяпер са стымулаў засталіся хіба што граматы і медалі, але гэта не кожнага падштурхне да заняткаў”, — разважае Аляксандр Гуцін.

Праблему трэнер бачыць не толькі ў тых, хто ходзіць у спецыялізаваныя секцыі. “Звычайныя дзеці, якія хочуць увечары пагуляць у валейбол ці баскетбол, не заўсёды маюць такую магчымасць. Калі на ўроках фізкультуры дзіця атрымлівае нязначную траўму, бацькі вядуць яго ў траўмапункт, там палец перавязваюць і запісваюць пра выпадак у журнал. Потым педагог, каб зноў не рызыкаваць, стараецца дзяцей не перагружаць. Траўмы — гэта дрэнна, вядома, але ў спорце без іх ніяк”, — адзначае Аляксандр Гуцін. Да таго ж ён задае сабе пытанне: куды рухаецца развіццё спорту ў сельскай мясцовасці? У тых дзяцей, якіх прывозяць у гарадскія школы спецыяльныя аўтобусы, не заўсёды ёсць час на дадатковыя заняткі, бо час прыезду і ад’езду фіксаваны. Трэнер упэўнены, што ўсе гэтыя пытанні можна вырашыць, і спадзяецца, што так яно і будзе.


Прыстойнасць, сумленнасць, працавітасць — тое, што Аляксандр Сямёнавіч цэніць у сваіх выхаванцах. А вось не любіць ён парушэнняў дысцыпліны, якія могуць прывесці да траўмы. “Хочацца падрыхта­ваць не толькі спартсмена, але і добрага, рознабаковага чалавека. Не ўсе могуць стаць чэмпіёнамі, але дастойнымі людзьмі — дакладна. Я ніколі не кажу выхаванцам: “Ты будзеш другой Талай”. Кожны чалавек — гэта асоба, ён не павінен быць як хтосьці іншы”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.С.Гуціна.