У якім каледжы рыхтуюць выдзімальшчыкаў шклавырабаў і дзе яны потым працуюць

- 11:17Абитуриент, Образование

Лідскі дзяржаўны політэхнічны каледж – адзін з найстарэйшых у Гродзенскай вобласці. За 47 гадоў тут выпусцілі больш за 13 тыс. кваліфікаваных рабочых. У іх ліку муляры і аддзелачнікі, электраманцёры, рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, сантэхнікі, слесары па рамонце абсталявання, зваршчыкі, токары, станочнікі, швачкі, оптыкі, прадаўцы, аўтаслесары, афіцыянты-бармены і нават выдзімальшчыкі шклавырабаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

– Нашы спецыяльнасці шырока запатрабаваны на вытворчасці і ў гандлёвай сферы. Уступная кампанія на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі стартавала 15 чэрвеня, а завершыцца а 18-й гадзіне 23 жніўня. Яна праходзіць для выпускнікоў 9 і 11 класаў. Сёлетнія лічбы прыёму ўзраслі да 185 месцаў. Каледж карыстаецца папулярнасцю ў абітурыентаў як Лідчыны, так і ўсёй Гродзенскай вобласці, – расказаў дырэктар каледжа Аляксандр Мядзведзь.

Выкладчыкі ўстановы адукацыі і навучэнцы праводзяць маштабную прафарыентацыйную работу: арганізоўваюць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, дні адкрытых дзвярэй, прафесійныя пробы, сустрэчы з выпускнікамі і іх бацькамі, выступленні агітбрыгад. У сваю чаргу члены прыёмнай камісіі кансультуюць і скіроўваюць абітурыентаў на выбар прафесіі, якая ім будзе даспадобы, каб яны потым з задавальненнем хадзілі на работу.

Тым, хто вырашыў асвоіць рабочую спецыяльнасць пасля 9 класа, ва ўстанове прапануюць 10 прафесій, а вось адзінаццацікласнікам – толькі дзве: тынкоўшчыка і слесара па рамонце аўтамабіляў.

– Навучанне ў каледжы вядзецца па 11 спецыяльнасцях. Хлопцам мы прапануем стаць токарамі, аўтаслесарамі, выдзімальшчыкамі шклавырабаў, а дзяўчатам – афіцыянтамі, прадаўцамі, кантралёрамі-касірамі, швачкамі, хоць і юнакам ніхто не забараняе выбраць гэтыя прафесіі. Найбольшым попытам у хлопцаў карыстаюцца спецыяльнасці «Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання» з прысваеннем кваліфікацыі «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання» і «Санітарна-тэхнічныя работы» з кваліфікацыяй «слесар-сантэхнік». У дзяўчат жа самая папулярная прафесія афіцыянта, – дадаў дырэктар установы.

Адчуць шкло

Два гады назад у каледжы адкрылі ўнікальную спецыяльнасць «Вытворчасць вырабаў са шкла» з прысваеннем кваліфікацыі «выдзімальшчык шклавырабаў». Гэта майстар, які ўручную стварае вырабы з разагрэтай шкляной масы шляхам выдзімання.

– Мы ўжо два гады рыхтуем такія кадры для шклозавода «Нёман» – флагмана шкляной прамысловасці краіны. Мабыць, больш нідзе на тэрыторыі былога Савецкага Саюза не навучаюць такіх спецыялістаў. Сёлета ўжо трэці набор і нават з’явіліся мэтавыя месцы ад шклозавода. Гэтае прадпрыемства вельмі зацікаўлена ў такіх кадрах. На заводзе наладжана вытворчае навучанне, а таксама арганізавана рабочае месца – шклаварная печ. Гэта вялізнае збудаванне, дзе тэмпература даходзіць да 1200–1400 градусаў. Да таго ж вопытныя прадстаўнікі завода дапамагаюць нам рыхтаваць падрастаючае пакаленне, дзелячыся сваімі прафесійнымі навыкамі, – праінфармаваў А. Мядзведзь.

Дарэчы, ён і сам мае дыплом выдзімальшчыка шклавырабаў і шмат гадоў адпрацаваў на шклозаводзе. Аляксандр Васільевіч перакананы, што галоўнае ў гэтай прафесіі – адчуць шкло:

– Толькі пры такой умове можна стаць добрым спецыялістам. Што робіць выдзімальшчык? Набірае спецыяльнай шкловыдзімальнай трубкай порцыю шкла з варачнай часткі шклаварнай печы і прадзімае запланаваны выраб, напрыклад, шклянку або чарку. Далей яна ідзе па канвееры: абпал і гэтак далей па тэхналагічным ланцужку. Для маленькіх вырабаў ёсць спецыяльная груша, а ротам выдзімаюцца вялікія – вазы, мастацкія рэчы, розныя цацкі і інш. Нашы юнакі вучацца рабіць гэта на бясколерным шкле, бо яно значна таннейшае за хрустальнае, якое на 24% складаецца з дарагога волава.

Для таго каб стаць навучэнцам Лідскага політэхнічнага каледжа, неабходна паспець да 18 гадзін 23 жніўня прыйсці ў галоўны корпус установы са школьным дакументам аб адукацыі, пашпартам або пасведчаннем аб нараджэнні, медыцынскай даведкай, 6 фатаграфіямі памерам 3х4 см і дакументамі, што пацвярджаюць права на льготы.

Падчас асваення прафесіі шкловыдзімальшчыка юнакі даведваюцца пра ўласцівасці шкламасы, тэхналогію вытворчасці шкла, будову выдзімальнай трубкі, а таксама вучацца карыстацца ёй. Выбіраючы такую прафесію, важна памятаць: шкловыдзімальшчыкі могуць спецыялізавацца на розных вырабах, але гэта заўсёды ручная работа.

Галоўнае – даць прафесію

У педагагічным калектыве каледжа 50 чалавек. Усе яны даюць навучэнцам тэарэтычныя веды і дапамагаюць замацаваць іх на практыцы ў розных майстэрнях: электрамантажных, такарных, шліфавальнай, фрэзернай, швейнай і інш.

– Напрыклад, у майстэрні прадаўцоў і кантралёраў-касіраў першакурснікі атрымліваюць асновы будучай прафесіі ў міні-магазіне, які вельмі набліжаны да рэальнага. Навучэнцы ажыццяўляюць падрыхтоўку тавараў да продажу і іх выкладку, адпрацоўваюць ветлівае абслугоўванне пакупнікоў. Нам важна, каб дзеці адтачылі прафесійныя навыкі на практыцы і, прыйшоўшы потым на працоўныя месцы, не разгубіліся і хутка сарыентаваліся, – паведаміў старшы майстар Аляксандр Чайкоўскі.

Дарэчы, на 2 курсе вытворчае навучанне юнакі і дзяўчаты праходзяць у магазінах сеткі «Еўраопт», а на 3-м амаль уся практыка аплачваецца. Праўда, узровень заробку залежыць як ад самога навучэнца, так і ад зацікаўленасці заказчыка кадраў у тым, каб ён добра працаваў. Напрыклад, прадаўцы-практыканты атрымліваюць 700–900 рублёў.

– Галоўная задача каледжа – даць прафесію. Да нас паступаюць дзеці з сярэднім балам дакумента аб адукацыі ў раёне 5. Але мы стараемся кожнаму даць прафесію, не патрабуючы, каб яны былі выдатнікамі па матэматыцыі, фізіцы, хіміі або мовах. Хаця калі хтосьці выказвае жаданне павысіць бал па гэтых прадметах, педагогі заўсёды гатовы прыйсці ім на дапамогу і пазаймацца дадаткова. Наш вопыт паказвае, што многія навучэнцы, якія паступілі з нізкімі баламі, заканчваюць каледж на 8–9, – падкрэсліў А. Мядзведзь.

Па яго словах, большасць прадпрыемстваў, якія даюць мэтавыя накіраванні на навучанне, плацяць такім навучэнцам штомесяц па адной базавай велічыне, але пры ўмове, што іх адзнакі па спецпрадметах вышэйшыя за 5 балаў:

– І мы падтрымліваем гэты стымул, бо навучэнец, які прыйшоў са школы з адзнакамі 4 і 5, у нас павінен атрымліваць як мінімум 6–7 па спецпрадметах і асабліва па вытворчым навучанні. Праўда, я лічу, што адзнакі па іх павінны быць на ўзроўні 8 балаў.

Пасля заканчэння ўстановы адукацыі выпускнікам гарантуюць першае працоўнае месца. Уладкоўваюцца маладыя спецыялісты не толькі на лідскіх прадпрыемствах – геаграфія іх размеркавання ахоплівае ўсю краіну.

– У ліку заказчыкаў кадраў каля 40 прадпрыемстваў, сярод іх ёсць і прамысловыя гіганты: МТЗ, «БелКрэда», «Гомсельмаш», МАЗ, Смаргонскі агрэгатны завод, «Лідсельмаш» і іншыя, – дадаў А. Мядзведзь.

Для таго каб стаць навучэнцам Лідскага політэхнічнага каледжа, неабходна паспець да 18 гадзін 23 жніўня прыйсці ў галоўны корпус установы са школьным дакументам аб адукацыі, пашпартам або пасведчаннем аб нараджэнні, медыцынскай даведкай, 6 фатаграфіямі памерам 3х4 см і дакументамі, што пацвярджаюць права на льготы.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара