Быць хутчэйшымі, вышэйшымі, мацнейшымі заклікала юных спартсменаў абласная алімпіяда па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, якая прайшла ў Маладзечне. Школьнікі дэманстравалі свае фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці.
Мінская вобласць з’яўляецца адзінай у Беларусі, дзе для навучэнцаў праводзіцца алімпіяда па фізічнай культуры. Гэтай традыцыі ўжо чатырнаццаць гадоў, і яе беражліва захоўваюць. Апошнім часам на Міншчыне ўдзяляецца павышаная ўвага папулярызацыі розных відаў спорту сярод школьнікаў, навучэнскай моладзі, і алімпіяда па фізкультуры набыла асаблівае значэнне.
Як і ў любой іншай прадметнай алімпіядзе, у спаборніцтвах па фізкультуры абласному этапу папярэднічаў раённы, а заданні прапаноўваліся ў адпаведнасці са школьнай праграмай. У Маладзечна прыехалі лепшыя спартсмены — навучэнцы 9—11 класаў. Іх чакалі 5 тураў алімпіяды. Першы тур прадугледжваў тэсціраванне баскетбольных уменняў і навыкаў, другі — тэарэтычныя заданні (40 пытанняў па праграме вучэбнага прадмета). У трэцім туры юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў плаванні на дыстанцыі 50 м, у чацвёртым — выконвалі камбінацыі з акрабатычных практыкаванняў, у пятым — дэманстравалі свае ўменні ў чаўночным бегу, скачках у даўжыню, падцягваннях на перакладзіне.
У камандным заліку лідзіраваў Маладзечанскі раён, другое месца заняла каманда Старадарожскага раёна, трэцяе — Слуцкага. Пераможцы і прызёры алімпіяды ўзнагаро-джаны кубкамі, медалямі і каштоўнымі прызамі. За падрыхтоўку пераможцаў абласной алімпіяды дыпломамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама былі адзначаны настаўнікі фізічнай культуры сярэдняй школы № 11 Маладзечна Ала Уладзіміраўна Баравік і гімназіі № 7 Маладзечна Святлана Анатольеўна Тышкевіч.
Удзельнікі алімпіяды паказалі годныя вынікі, а таксама імкненне самаўдасканальвацца і весці здаровы лад жыцця.
Дар’я РЭВА,
Фота прадастаўлена МАІРА.