У згодзе з вучнямі і калегамі

Як дасягнуць поспеху ў прафесіі? Настаўніца Доцішскай сярэдняй школы Алена Раманаўна Русялевіч упэўнена: для гэтага трэба проста быць адданым той справе, якую выбраў раз і назаўсёды.

“Кожны чалавек у жыцці стаіць перад выбарам будучай прафесіі. На радасць або не, мяне гэты выбар абмінуў. Я з дзяцінства марыла быць настаўніцай, таму што вельмі люблю дзяцей”, — так пра сябе гаворыць Алена Раманаўна. Паступленне ў Лідскае педагагічнае вучылішча стала першым этапам здзяйснення гэтай мары. Нялёгкая, але цікавая вучоба, першыя планы-канспекты і першыя ўрокі не спужалі А.Русялевіч, а толькі дадалі ўпэўненасці, што яна на правільным шляху. Далей былі першыя гады працы ў роднай школе, якую скончыла, і вучоба ў БДПУ імя Максіма Танка.

“Чаму гістарычны факультэт? Таму што даты, імёны, гістарычныя падзеі — гэта маё!” — адзначае настаўніца. За свой педагагічны шлях ёй давялося працаваць настаўніцай пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, выхавальнікам у школе-інтэрнаце, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Сёння яна настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Доцішскай сярэдняй школы і мае за плячыма 10-гадовы стаж работы. Яна лёгка ўвайшла ў калектыў школы, звярнула на сябе ўвагу актыўнасцю і арганізатарскімі здольнасцямі. Заўсёды добразычлівая, тактоўная, энергічная, Алена Раманаўна з’яўляецца прыкладам не толькі для малодшых калег, але і для педагогаў старэйшага ўзросту, заахвочвае іх сваімі ідэямі, заражае аптымізмам, упэўненасцю ў сваіх сілах, што, безумоўна, прыводзіць да поспеху ў працоўнай дзейнасці. Гэта чалавек эрудзіраваны, бескарыслівы, адкрыты, лёгкі ў зносінах, заўсёды гатовы аказаць дапамогу, вельмі патрабавальны да сябе.

“Яшчэ ў пачатку сваёй працы я зразумела, што даць вучням гатовыя веды — гэта самае простае, што можа зрабіць настаўнік. А вось навучыць дзяцей вучыцца — тое, што спатрэбіцца ім у жыцці. Гэта і стала маім педагагічным дэвізам”, — кажа настаўніца. Алена Раманаўна — старанны і адказны педагог, які мае трывалыя тэарэтычныя веды па прадмеце, добра валодае методыкай яго выкладання. Яна клапатліва дапамагае юным талентам раскрыцца, адчуць сваю каштоўнасць, усяляе ўпэўненасць у сваіх сілах.

Грунтоўная тэарэтычная падрыхтоўка, старанны адбор метадаў і прыёмаў арганізацыі кожнага ўрока, выкарыстанне дадатковага матэрыялу па прадмеце робяць урокі А.Р.Русялевіч цікавымі, змястоўнымі, выхаваўчымі. “Кожны ўрок пачынаю з тлумачэння незнаёмых слоў у назве тэмы, бо, на мой погляд, разуменне назвы тэмы — гэта аснова яе засваення”, — дзеліцца сваімі меркаваннямі настаўніца.

Для павышэння цікавасці да прадмета педагог выкарыстоўвае на ўроках элементы розных тэхналогій, дыдактычны матэрыял, наглядныя сродкі навучання, прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

Алена Раманаўна будуе свае заняткі так, каб было цікава кожнаму вучню. На ўроках пануе добразычлівы мікраклімат, атмасфера павагі і супрацоўніцтва настаўніка і вучняў. З дзецьмі ў яе цудоўныя адносіны, поўнае ўзаемаразуменне, адкрытасць. Маленькая крупінка яе душы, укладзеная ў кожнага вучня, дазваляе расціць чароўны сад дабрыні ў сэрцах выхаванцаў. Асабістым прыкладам настаўніца натхняе вучняў на добрыя ўчынкі, каб з кожнага вырас сапраўдны чалавек.

“Педагагічная кар’ера для мяне — гэта не высокія адміністрацыйныя пасады, гэта поспехі маіх вучняў і пастаяннае асабістае прафесійнае развіццё. Я з радасцю і цікавасцю наведваю курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, канферэнцыі. Заўсёды вяртаюся з іх натхнёная на працу. З ахвотай акунаюся ў інавацыйныя праекты, якія рэалізоўваюцца ў нашай школе. Гэта дае магчымасць не стаяць на месцы, а рухацца наперад. Я навучылася працаваць, ідучы ў нагу з часам, цяпер хачу навучыцца працаваць з апярэджаннем”, — пацвярджае свае прынцыпы настаўніца.

Значнае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Раманаўны займае работа з адоранымі вучнямі. Яна ўсімі сіламі стараецца развіваць дзіцячыя таленты, імкнецца стварыць неабходныя ўмовы для самарэалізацыі адораных выхаванцаў. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях “Дарога ў будучыню”, “Крышталёвая альфа”. На працягу апошніх трох гадоў яны неаднаразова займалі прызавыя месцы на другім і трэцім этапах Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве. Такія вучнёўскія дасягненні — лепшы паказчык педагагічнага майстэрства. Для Алены Раманаўны яны вельмі значныя, бо поспех настаўніка — гэта поспех яго вучняў.

“Мару, каб мае выпускнікі ганарыліся нашай школай і з радасцю наведвалі яе, каб атрыманыя навыкі маглі прымяніць у жыцці”, — гаворыць настаўніца. У скарбонцы Алены Раманаўны шмат перамог. Яна ўзнагароджана дыпломамі і граматамі рознага ўзроўню — ад раённых да рэспубліканскіх. Атрыманы падзякі за актыўнае ўкараненне падыходу “роўны навучае роўнага” ў адукацыйны працэс. У 2017 годзе настаўніца стала ўладальніцай дыплома І ступені раённага конкурсу “Настаўнік года”, з’яўляецца фіналістам абласнога этапу.

Алена Раманаўна — творчы чалавек, не шкадуе сваіх сіл і часу для працы, заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, імкнецца стварыць вакол сябе атмасферу супрацоўніцтва, шчодра дзеліцца новымі ідэямі. На яе думку, настаўнік павінен бесперапынна ўдасканальваць сваё майстэрства.

Ірына КАЗЛОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *