У “жураўліным кліне” папаўненне

У клуб “Крыштальны журавель” прыняты новыя ўдзельнікі. Разам з 16 навабранцамі ў аб’яднанні цяпер 73 члены, якіх педагогі рэспублікі паміж сабой называюць “жураўлямі”.

Членамі клуба “Крыштальны журавель” могуць стаць удзельнікі і арганізатары конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. Уліцца ў творчае аб’яднанне педагогаў пажадалі фіналісты апошняга конкурсу “Настаўнік года-2014”, у іх ліку і пераможца спаборніцтва настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук.
Ганаровае прыняцце новых членаў клуба адбылося падчас штогадовага вясновага метадычнага семінара аб’яднання “Формы і метады работы клуба “Крыштальны журавель” па павышэнні прафесійнага майстэрства”. Навічкі, якія прысутнічалі на ім, змаглі ацаніць, у які калектыў яны трапілі, чым ім давядзецца займацца. Па прывітанні “жураўлёў” адно аднаго радаснымі воклічамі, моцнымі абдымкамі, шчырымі Семінар в АПО_DSCN7099(сайт)ўсмешкамі было зразумела, што гэта сустрэча блізкіх па духу людзей. У такую кампанію трапіць — шчасце і гонар. Атмасфера ўзаемаразумення, падтрымкі — гэта здабытак клуба.
Члены клуба “Крыштальны журавель” будуюць сваю дзейнасць згодна з “Праграмай развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў “Настаўнік года” — адукацыі Рэспублікі Беларусь”, зацверджанай рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Клуб “ Крыштальны журавель” — гэта творчая група пры АПА, якая ўваходзіць у склад Беларускага педагагічнага таварыства.
За 8 гадоў існавання клуба (9 красавіка — дзень нараджэння клуба “Крыштальны журавель”) “жураўлі” заслужылі павагу і аўтарытэт як сярод калег рэспублікі, так і ў галіновым міністэрстве. Іх ведаюць і за межамі нашай краіны, найперш праз удзел членаў клуба ў трох з’ездах педагагічных работнікаў краін — удзельніц СНД, у міжнародных фестывалях, форумах, канферэнцыях, конкурсах. З нашым клубам хочуць супрацоўнічаць рэгіянальныя клубы з іншых краін, пераймаць у нас вопыт.
Метадычныя выезды пад назвай “Клуб “Крыштальны журавель” — педагагічнай грамадскасці” на сёння з’яўляюцца асноўнай формай работы клуба з настаўнікамі рэспублікі. За 8 гадоў “жураўлі” зрабілі 45 выездаў. Некаторыя раёны і нават установы адукацыі двойчы запрашалі іх да сябе. Што такое метадычныя выезды, што яны даюць педагогам рэспублікі, самім членам клуба — сваімі ўражаннямі дзяліліся “жураўлі” на семінары. “Гэта свята”, — прызнаваліся яны і адзначалі, што запрашэнне на выезд яны заўсёды чакаюць з трапяткімі пачуццямі. Выдатна пра метадычныя выезды расказала ў артыкуле “Жураўліны вылет” член клуба “Крыштальны журавель” настаўнік-метадыст Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вольга Анатольеўна Счасновіч. Каб не капіраваць яе словы, раю адшукаць “Настаўніцкую газету” за 5 сакавіка, разгарнуць дадатак “Форум” і пачытаць. Гэты ж матэрыял можна знайсці і на нашым сайце http://forum.ng-press.by. Рэкамендую зрабіць закладку на дадатак “Форум”, бо ён з’яўляецца сумесным праектам газеты і клуба “Крыштальны журавель”. Першы “Форум” выйшаў у лістападзе 2014 года — з таго часу свет пабачылі тры выпускі. “Форум” — адкрытая пляцоўка для дыскурсу па набалелых пытаннях адукацыі, знаёмства з членамі клуба “Крыштальны журавель”. А больш падрабязна пра дзейнасць клуба можна даведацца на сайце аб’яднання http://crane.unibel.by/about/.
У педагогаў рэспублікі ёсць унікальная магчымасць асабіста пазнаёміцца з нашымі “жураўлямі”. Для гэтага трэба звязацца з каардынатарамі клуба — начальнікам упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірынай Віктараўнай Багачовай і начальнікам Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іванам Віктаравічам Фёдаравым. Клуб ажыццяўляе метадычныя выезды па заяўках упраўленняў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў навучальных устаноў. Дарэчы, у маі “жураўлёў” сустракаюць ва Ушачах, а ў верасні іх прымаюць у Воранаве. Сёння, калі сталі актыўна ўкараняцца семінары на платнай аснове, “жураўлі” працягваюць даваць урокі і праводзіць майстар-класы бясплатна. Адзіная ўмова — забеспячэнне транспартам з Мінска да месца правядзення семінара і вяртанне назад у сталіцу.
За гісторыю існавання клуба яе членам даводзілася прымяраць на сябе розныя ролі. Яны былі і застаюцца экспертамі Міністэрства адукацыі па пытаннях развіцця сістэмы адукацыі, рэцэнзентамі вучэбных дапаможнікаў і праграм НІА, лектарамі АПА і рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і педагагічных універсітэтаў, членамі журы на прафесійных конкурсах і кваліфікацыйных экзаменах на пацвярджэнне і прысваенне катэгорыі. Дарэчы, “жураўлі” першымі абараніліся на катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Сёння 34 члены клуба маюць гэтую самую высокую настаўніцкую катэгорыю.
“Жураўлі” ініцыіравалі правядзенне калядных фестываляў у АПА, якія праходзяць пры іх актыўным удзеле. У студзені адбыўся чацвёрты па ліку фестываль. А ў Гродне праводзяцца фестывалі педагагічнага майстэрства для маладых спецыялістаў. З 22 па 24 красавіка ў горадзе на Нёмане збяруцца каманды маладых педагогаў з усёй Беларусі разам са сваімі капітанамі, членамі клуба “Крыштальны журавель”, на трэці фестываль. Удзельнікаў мерапрыемства будзе гасцінна прымаць калектыў сярэдняй школы № 26 Гродна, які ўзначальвае старшыня абласнога клуба “Крыштальны журавель” Таццяна Янаўна Даўгун.
Дарэчы, рэгіянальныя клубы дзейнічаюць ва ўсіх абласцях і ў сталіцы, аб іх на месцах ведаюць больш, бо яны, як і члены клуба “Крыштальны журавель”, праводзяць выязныя майстар-класы і даюць адкрытыя ўрокі. Гомельскі клуб — найстарэйшы з рэгіянальных — утварыўся ў 2008 годзе. Сёння ён дзейнічае пад назвай “Зорнае крыло”. Гомельскія “жураўлі” праводзяць тэматычныя выезды, у прыватнасці прысвечаныя падрыхтоўцы школьнікаў да здачы ЦТ.
Праграма семінара “Формы і метады работы клуба “Крыштальны журавель” па павышэнні прафесійнага майстэрства” складалася з дзвюх частак: падвядзення вынікаў работы за год клуба і распрацоўкі праграмы летняга вучэбнага семінара, на які апошнія 6 гадоў у чэрвені “жураўлі” “прылятаюць” на Гродзеншчыну ў пасёлак Азёры. Адметна, што двойчы ў рабоце гэтага семінара прымаў удзел былы міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Цяперашняя сустрэча “жураўлёў” у Азёрах будзе прысвечана тэме выхаваўчага аспекту ўрока.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Вікторыі СТАШАЛЕЎСКАЙ.