У жыцці важна выбраць правільны маршрут

- 11:00Людзі адукацыі

Справядлівая і добрая ў адносінах да дзяцей, шчырая і тактоўная ў зносінах з бацькамі, бездакорны прафесіянал і выдатны педагог — так гавораць пра Людмілу Уладзіміраўну Караткову, настаўніцу пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 3 Барысава.

Людміла Уладзіміраўна паспявае ўсё: кожны дзень яна сустракае сваіх дзяцей з усмешкай і дае ім тыя каштоўныя веды, якія з’яўляюцца падмуркам для далейшага навучання ў школе. Калі бацькам неабходна парада не толькі ў пытаннях вучобы, але і ў асаблівасцях выхавання, яны ідуць да першай настаўніцы іх дзяцей, таму што ведаюць: яна дапаможа.

Хто і якая яна, гэтая настаўніца?

Людміла Уладзіміраўна Караткова працуе настаўніцай пачатковых класаў у гімназіі № 3 Барысава.

Яна вырасла ў сям’і педагогаў, і відавочна, што выбар прафесіі быў наканаваны ёй лёсам. Стаж педагагічнай дынастыі Каратковых складае 99 гадоў. Бабуля Людмілы Уладзіміраўны, Надзея Іванаўна, працавала настаўніцай пачатковых класаў, а таксама выкладала рускую мову і літаратуру. Мама Марыя Васільеўна Караткова 42 гады працавала ў сістэме дашкольнай адукацыі ў якасці метадыста і загадчыка дашкольнай установы. Людміла Уладзіміраўна згадвае, што часта хадзіла з мамай на работу і з цікавасцю назірала за яе дзейнасцю, за дзецьмі. І нават пасля ўрокаў гуляла ў школу з суседскімі дзяўчынкамі і хлопчыкамі.

“Я з ранніх гадоў ведала, што стану педагогам, — сціпла і ў той жа час з гордасцю кажа Людміла Уладзіміраўна. — Вучылася ў Барысаўскім педагагічным каледжы па спецыяльнасці “Выкладанне ў пачатковых класах” з прысваеннем кваліфікацыі настаўніка пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. Па волі лёсу пасля заканчэння каледжа пачала працаваць у барысаўскай сярэдняй школе № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У чэрвені 2009 года наша ўстанова адукацыі была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава.

Першыя два гады Людміла Уладзіміраўна працавала ў групе прадоўжанага дня, таму што свабодных пачатковых класаў не было. У 1998 годзе настаўніца паступіла на завочнае аддзяленне ў БДПУ імя Максіма Танка на гістарычны факультэт. У гэты ж час Людміле Уладзіміраўне далі яе першы ва ўсіх сэнсах клас.

“У 2003 годзе пасля атрымання дыплома ўніверсітэта перада мной стаяў цяжкі выбар: я павінна была вызначыцца, кім быць — настаўніцай гісторыі ці пачатковых класаў, — успамінае Л.У.Караткова. — Безумоўна, перамагла любоў да дзяцей малодшага школьнага ўзросту. І гэтая любоў памнажаецца і перамагае ўжо на працягу 22 гадоў”.

Зразумела, жаданне вучыцца ў маленькага дзіцяці фарміруецца дзякуючы настаўніку, яго індывідуальнасці і ўменню вызначаць магчымасці кожнага навучэнца. Але Людміла Уладзіміраўна не проста настаўніца. Яна першая настаўніца, і гэта пра многае гаворыць.

“Без цікавасці да асобы педагога не будзе цікавасці да вучобы, — упэўнена Людміла Уладзіміраўна. — Я першы настаўнік, які прыходзіць у жыццё дзіцяці і ў яго сям’ю. Я люблю сваю прафесію і ганаруся ёй. Чым яна падабаецца? Тым, што я патрэбна. Патрэбна сваім маленькім навучэнцам кожны дзень і кожную гадзіну… Заходжу ў клас — і мне адразу пачынаюць расказваць навіны, дзеткі заўважаюць мой настрой, робяць кампліменты. Іх светлыя, чыстыя і цікаўныя вочы ацэньваюць кожны мой жэст, крок і ўчынак. Вучні многага чакаюць ад мяне, як чакаюць і іх бацькі. Ім я таксама патрэбна, таму што яны даверылі мне самае каштоўнае — сваіх любімых дзетак. Упэўнена, няма такіх бацькоў, якіх не хвалявала б, як іх дзіця будзе вучыцца ў школе, якія ўзаемаадносіны складуцца ў яго з педагогам, аднакласнікамі, наколькі вучоба будзе радаснай і карыснай. І менавіта ад мяне, першай настаўніцы, залежыць, якім будзе школьнае жыццё дзіцяці, як бацькі будуць адносіцца да школы, ці змогуць яны стаць маімі аднадумцамі. Я не баюся шукаць парады ў татаў і мам, разам нам думаецца лепш. З многімі бацькамі, чыіх дзяцей вучыла, сябруем і сёння. Акрамя сваіх дзетак, я патрэбна калегам, а яны патрэбны мне. Мы раімся, дзелімся набалелым, а таксама абмяркоўваем сакрэты педагагічнага поспеху. Адносіны ў калектыве з’яўляюцца вельмі важным паказчыкам таго, як у школе будуецца работа. Мы разам штодня выконваем адну работу, такую няпростую, але вельмі патрэбную. І ўсё атрымліваецца менавіта дзякуючы падтрымцы дружнага педагагічнага калектыву”.

Людміла Уладзіміраўна ўпэўнена, што настаўнік павінен не толькі даваць веды, але і выхоўваць навучэнцаў. Безумоўна, каб дабіцца выніку, трэба стаць сябрам для дзіцяці. Настаўніца прыгожа і трапна заўважае, што душа дзіцяці — мазаіка, якая складаецца з мноства часцінак, і менавіта педагог павінен скласці гэты пазл у адно цэлае.

Калі назіраць за тым, як Людміла Уладзіміраўна расказвае пра школу, дзяцей, нельга не заўважыць, што яна бязмежна любіць сваю работу і аддадзена ёй па максімуме.

Для таго каб на ўроках было цікава, Л.У.Караткова вучыць дзяцей працаваць. Яна ўпэўнена, што любоў і давер нельга заваяваць, выкарыстоўваючы толькі сучасныя методыкі.

“Вынік будзе тады, калі настаўнік пачне цесна супрацоўнічаць з дзецьмі, і менавіта на гэтым прынцыпе на працягу ўсіх 4 гадоў і будуецца наша работа, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Людміла Уладзіміраўна. — Важна навучыцца бачыць і цаніць у дзіцяці тую індывідуальнасць, якая адрознівае яго ад іншых, здолець забяспечыць свабоду самавыяўлення яго асобы і зразумець, што маленькае дзіця — гэта чалавек, які мае ўласнае ўяўленне пра свет, мае свой вопыт і асабістыя пачуцці. Не сакрэт, што быць настаўнікам у наш час складана, але цікава”.

Каб удасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, пазнаваць новае і даваць гэтыя веды вучням, Людміла Уладзіміраўна вывучае розныя методыкі і выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйныя тэхналогіі.

Размаўляючы пра школу, Людміла Уладзіміраўна не ўтойвае, што ў сферы сучаснай адукацыі ёсць праблемы, да вырашэння якіх неабходна падыходзіць абдумана і сур’ёзна. Так, актуальным з’яўляецца фарміраванне матывацыі да вучобы. “Можна пасадзіць дзяцей за парты, дасягнуць ідэальнай дысцыпліны, але без абуджэння цікавасці да прадмета, без унутранай матывацыі веды не будуць засвойвацца, — гаворыць настаўніца. — Матэрыял заняткаў павінен быць цікавым. Не менш важным для правільна пабудаванага ўрока з’яўляецца пазітыўная псіхалагічная атмасфера. У навучанні павінны стварацца магчымасці для творчасці, а таксама сітуацыі поспеху для навучэнцаў”.

Людміла Уладзіміраўна пастаянна павышае сваё педагагічнае майстэрства, усё тое новае, што пазнае кожны дзень, імкнецца данесці да кожнага маленькага навучэнца. Паказальна, што, дзякуючы Л.У.Каратковай, скарбонка дасягненняў гімназіі кожны год папаўняецца дыпломамі раённых і абласных мерапрыемстваў. Ужо на працягу 10 гадоў настаўніца разам са сваімі цікаўнымі вучнямі прымае ўдзел у раённым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. Паўдзельнічаўшы ў Міжнародным конкурсе навуковых работ школьнікаў і педагогаў “Прызма”, які праводзіцца ў Маскве, Людміла Уладзіміраўна прывезла ў гімназію дыплом ІІ ступені. З 2014 года настаўніца рыхтуе да раённай алімпіяды малодшых школьнікаў па матэматыцы вучняў 4-х класаў, дзе яны атрымліваюць дыпломы I і II ступені.

Акрамя вучобы, Л.У.Караткова не забывае, што важнымі для гарманічнага развіцця дзяцей з’яўляюцца і заняткі спортам. Раённыя і абласныя турыстычныя злёты, спартыўнае мерапрыемства “Барысаўская лыжня”, а таксама спартакіяды яшчэ ні разу не праходзілі без спартсменаў з гімназіі, у ліку якіх, безумоўна, і Людміла Уладзіміраўна.

“Я шчаслівая, таму што ў мяне ёсць магчымасць зноў і зноў пазнаваць гэты незвычайны свет разам са сваімі навучэнцамі, — канстатуе настаўніца. — Я шчаслівая ўдвайне, калі дзецям падабаецца вучыцца, калі бачу вынікі сваёй працы. І так адбываецца, таму што я правільна выбрала сваю справу і палюбіла настаўніцтва на ўсё жыццё. Вельмі хачу і буду рабіць усё магчымае, каб і мае навучэнцы выбралі правільны маршрут у сваім жыцці”.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Людмілы КАРАТКОВАЙ.