У жывым моры дзіцячых вачэй

- 10:55Якасць адукацыі

Сярод абітурыентаў БДПУ імя Максіма Танка гэтага года найлепшы вынік у Аксаны Кургузавай, выпускніцы гімназіі № 4 Баранавіч. Яна набрала 361 бал і стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта ўніверсітэта па спецыяльнасці “Фізіка — інфарматыка”. Напярэдадні Дня настаўніка мы гутарым з Аксанай і яе любімым школьным педагогам настаўніцай матэматыкі Таццянай Уладзіміраўнай Сідаровіч, якая сваім прыкладам і незвычайнай павагай да дакладных навук натхніла дзяўчыну на такі прафесійны выбар.

Аддаючы, ты атрымліваеш!

— Я ў сям’і трэці чалавек, які выбраў прафесію педагога, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Мая цётка Аляксандра Навумаўна Берташ была настаўніцай пачатковых класаў, яна — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, і прабабуля мая таксама настаўнічала. Мой шлях у педагогіку пачаўся 35 гадоў назад, і аб гэтым я ніколі не пашкадавала. Калі мне задаюць пытанне, як я змагла столькі гадоў адпрацаваць у школе, адказваю: проста я вельмі люблю сваю работу. Калі б прадаставілася яшчэ раз такая магчымасць і жыццё можна было нанава пражыць, выбар быў бы такім жа: толькі школа, ад званка і да званка.
…На работу звычайна іду пешшу, рада ранішняй паўгадзіннай прагулцы. Канчаткова адлятаюць рэшткі сну, настройваюся на вучняў. Пераступаючы парог класа, забываюся пра свае хваляванні і праблемы і акунаюся ў жывое мора дзіцячых вачэй, розных, але заўсёды дапытлівых.
Дзеці адчуваюць нас, дарослых, больш, чым мы думаем, — працягвае Таццяна Уладзіміраўна. — Калі настаўнік настроены на хвалю самааддачы, то ў вучняў міжволі ўзнікне жаданне атрымліваць, яны адгукнуцца на ўсе шчырыя памкненні педагога. І гэта адзін з галоўных складнікаў настаўніцкага поспеху. Ты атрымліваеш, калі аддаеш! У кожным навучэнцы неабходна падтрымліваць лепшае, дараваць яму недахопы, даваць шанс паправіць сітуацыю. Настаўніку пры ўзаемаадносінах з вучнямі проста неабходны ружовыя акуляры. І толькі так!
Мне пашанцавала. У маім жыцці быў такі настаўнік ад Бога, які натхняў вучняў на імкненне да новых вяршынь. Называю яе імя з вялікім паклонам да яе педагагічнага таленту: Эльвіра Мікалаеўна Бачышча (Казлова). Мы і дагэтуль працягваем зносіны, сустракаемся. Вучылася я ў Грэскай сярэдняй школе Слуцкага раёна, ва ўстанове са 150-гадовай гісторыяй. З Эльвірай Мікалаеўнай было вельмі лёгка, яна магла пажартаваць на ўроку ад душы, але спытаць з нас яна таксама ўмела. Калі сама стала настаўніцай, неаднойчы лавіла сябе на думцы, што ў маім дыялогу з вучнямі праскокваюць трапныя слоўцы і жарты Эльвіры Мікалаеўны. Напрыклад, магу звярнуцца да дзяцей як калісьці яна: “Сябры мае, зараз будзе ўзлёт, такую задачу прынесла! Спрэчак хопіць на ўвесь урок. Падрыхтаваліся? Прышпіліце рамяні”.
Маё жыццёвае крэда — перш чым вучыць чамусьці іншых, сам на сто працэнтаў упэўніся ў сваіх высновах. Гэта тычыцца і выкладання матэматыкі, і іншых жыццёвых рэчаў. Настаўніку неабходна самому ўявіць, што ён не ведае і першы раз сутыкаецца з пэўнай праблемай. Тады ён і вучням патлумачыць усё як належыць. Каб быць і заставацца цікавым дзецям, настаўнік павінен быць рознабакова адукаваным. Я шмат чытаю, і ў мяне заўсёды шмат планаў на жыццё, зараз, напрыклад, асвойваю курс замежнай мовы.

У атмасферы свабоды

На працягу апошніх 25 гадоў навучэнцаў, якія прыходзяць да Таццяны Уладзіміраўны ў 5 клас, яна даводзіць да 11-га. Зразумела, паспявае зрадніцца з імі. Паміж настаўніцай і вучнямі няма вялікай мяжы, ёсць атмасфера свабоды, але пры гэтым усе адно аднаго паважаюць і цэняць. Зразумела, да такой шчырасці яны прыходзяць паступова.
— Калі прымаю вучняў у 5—6 клас, асноўную задачу бачу ў тым, каб навучыць іх працаваць, абудзіць у іх ген стараннасці, — гаворыць настаўніца. — Прапаную весці творчыя сшыткі, у якіх яны запісваюць, напрыклад, на тыдзень 5 задач. Але рашаць іх трэба па-вынаходніцку. Можна да задач маляваць ілюстрацыі, прыклейваць у сшытак каля рашэнняў карцінкі. Такім чынам у кожнага ствараецца своеасаблівы асабісты зборнік задач. Абуджаецца фантазія, самастойнасць мыслення, і паступова, крок за крокам, прыходзяць павага і любоў да прадмета. 7—9 класы — перыяд вельмі адказны, з дзецьмі неабходна быць больш строгім, нават прымушаць да вучобы: хутка прафесію выбіраць, і чым раней вучні вызначацца, якія прадметы ім спатрэбяцца пры паступленні, тым лепш. Яны пачнуць іх вывучаць больш паглыблена. У 10—11 класах вучні ўжо больш сур’ёзныя, іх можна адпускаць у самастойнае плаванне, я для іх станаўлюся сябрам, паплечнікам, дарадцам.
Дрэнныя адзнакі стаўлю рэдка, трэба ўжо быць надта не падрыхтаваным вучню, каб я паставіла нізкі бал. У старшых класах бяру за правіла — адзін раз у чвэрць дапускаю, што навучэнец можа забыць дома сшытак або прыйсці непадрыхтаваным. Галоўнае, каб ён сказаў пра гэта. Калі ж утойваў і папаўся, то магу і пакараць адзнакай. Што тычыцца шпаргалак, то лічу, што іх цудоўна замяняюць апорныя канспекты, якія дзеці пішуць самі. Канспекты — добры дапаможнік пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Нават праводжу конкурс на такую легальную падказку-шпаргалку.
Для мяне як для настаўніка матэматыкі найвышэйшай узнагародай з’яўляецца творчая самастойнасць вучняў як на ўроках, так і пасля ўрокаў. Напрыклад, у класе дзеці доўга мучыліся над рашэннем задачы, нарэшце дабіліся толку, а назаўтра нехта з іх прыходзіць з новым, больш зручным рашэннем, якое прыйшло да яго дома. Выхоўваю і вітаю такія творчыя памкненні.
Таццяна Уладзіміраўна шырока прымяняе на сваіх занятках інфармацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы з’яўленню інтэрактыўнай дошкі ў класе, нават самыя праблемныя навучэнцы мяняюцца на вачах. Тыя, што раней адседжваліся, становяцца цікаўнымі. Той, што неаднойчы зрываў урокі з-за сваёй неўтаймоўнай энергіі, цяпер накіроўвае яе на ўзаемную працу з аднакласнікамі. Каму вучоба давалася цяжэй, знаходзіць новыя магчымасці для самавыяўлення.
Настаўніца праводзіць факультатыў па матэматыцы і курсы па падрыхтоўцы дзяцей да цэнтралізаванага тэсціравання. І ў гэтай справе ёй дапамагае інтэрнэт. Дамашнія заданні яна можа разаслаць у электронным выглядзе, гэтак жа адсылае дадатковы матэрыял — тэсты, задачы. Педагог перапісваецца з вучнямі ў сацыяльных сетках. Яна стварыла ў сэрвісе gmail суполку “Курсы-2015” і сёлета актыўна абменьвалася з дзецьмі матэрыяламі.
— Стараюся не забываць, што выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках матэматыкі неабходна спалучаць з традыцыйнымі метадамі навучання, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Дзеці не павінны страціць навыкі работы з падручнікам, дадатковай літаратурай, нагляднымі дапаможнікамі. Працэс навучання толькі тады становіцца для дзяцей паспяховым і прыцягальным, калі яны ўмеюць вучыцца: хутка схопліваюць сэнс прачытанага, параўноўваюць, даследуюць, праектуюць, канструююць, сістэматызуюць. Гэтыя якасці могуць паспяхова развівацца дзякуючы выкарыстанню мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, якая дазваляе прадстаўляць веды ў згорнутай і разгорнутай форме і кіраваць дзейнасцю навучэнцаў падчас заняткаў. Апошнія пяць гадоў я інтэнсіўна выкарыстоўваю гэтую тэхналогію. Найбольш эфектыўным інструментам мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі з’яўляюцца логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ) — гэта апорныя дыдактычныя сродкі, якія дапамагаюць наглядна прадстаўляць структуру і логіку зместу заняткаў, паслядоўна падаваць неабходную інфармацыю, аператыўна ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці.
Кожны год у Таццяны Уладзіміраўны ёсць пераможцы гарадской і абласной алімпіяды па матэматыцы. Пры паступленні яе выпускнікі добра здаюць матэматыку і набіраюць ад 80 балаў і вышэй. Прычым паступаюць на самыя прэстыжныя спецыяльнасці ў БДУІР, БДУ, БНТУ. Сёлета ў настаўніцы ёсць 100-бальніца Аксана Валажынская. А ў Аксаны Кургузавай сёлета самы лепшы вынік па матэматыцы ў класе.
Як кажа пра яе Таццяна Уладзіміраўна, у Аксаны не было яшчэ такой задачы, якой бы яна не змагла рашыць.
— Бачу, што ў Аксаны Кургузавай, якая выбрала для сябе прафесію педагога, ёсць шчырае і ўпартае жаданне аддаваць, дарыць свае выдатныя веды іншым, — гаворыць педагог. — Яе мама — настаўніца пачатковых класаў, так што працу педагога дзяўчына ведае ва ўсіх, як кажуць, нюансах. Гэта не проста рамантычныя мары юнацтва, а самастойны, асэнсаваны выбар прафесійнага шляху. Аксану я нават сёння магу ўявіць настаўніцай. Хаця неаднойчы яе папярэджвала, што яна выбірае нялёгкі хлеб, што гэта асаблівы лад жыцця. Добры настаўнік у пэўным сэнсе ахвяра, ён кладзе і час, і шмат сіл, і, можна сказаць, усё жыццё на алтар педагогікі.

З марай аб прафесіі

З Аксанай мы сустрэліся ў сценах БДПУ імя Максіма Танка.
— Майму сэрцу вельмі блізкія школа і ўсе яе складнікі, — гаворыць дзяўчына. — Яшчэ з пачатковых класаў я неаднойчы ўяўляла, як уваходжу, дарослая і сур’ёзная, з класным журналам у клас, як падыходжу да дошкі, пішу на ёй дату і тлумачу заданні. А вучні глядзяць на мяне ўважлівымі і цікаўнымі вачыма і… абавязкова любяць і пава-жаюць мяне. Здараецца, мая мама да позняй ночы заседжваецца за сшыткамі, шмат расказвае пра сваіх вучняў і ўсе школьныя праблемы. З яе слоў ведаю пра ўсе цяжкасці прафесіі, напрыклад, што настаўніку даводзіцца мець справу з вялікай колькасцю папер. Работа з бацькамі таксама няпросты складнік прафесіі педагога. Як бы там ні было, упэўнена, што мне ў настаўніцкай прафесіі сумаваць не прыйдзецца, бо дзеці — самы цікавы народ на планеце.
Дзякуй лёсу, што я сустрэла такую настаўніцу, на якую мне хочацца быць падобнай. Таццяна Уладзіміраўна — сапраўднае сонейка для сваіх вучняў. Яна настолькі яркі і ўлюбёны ў жыццё чалавек, што нават вялікі песіміст побач з ёй святлее. І ўрокі ў яе таксама яркія. Дзякуючы настаўніцы, я адкрыла для сябе новы сэнс многіх паняццяў: што такое цікавая задача, незнаёмы раней прыём вылічэнняў, прыгожае рашэнне, розныя спосабы рашэння задач. Урок пралятаў як адно прыемнае захапляльнае імгненне, было вельмі шкада, калі ён заканчваўся. Таццяна Уладзіміраўна была ў курсе ўсіх настрояў і ведаў кожнага з нас. Яна ясна бачыла, што ў нас атрымліваецца, а што не. Звярнуцца да яе заўсёды было проста. Калі гэтым летам мы, яе выпускнікі, здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне, яна працягвала з намі заняткі. І ніякія рэпетытары нам былі не патрэбны.
Другі прадмет, якія я вельмі любіла, — фізіка. Яе выкладаў цудоўны настаўнік Вячаслаў Алегавіч Дзяўго. Шмат каму ён прывіў любоў да свайго прадмета. Зараз Вячаслаў Алегавіч — дырэктар школы.
Мару і спадзяюся, што, стаўшы прафесіяналам, змагу натхняць дзяцей на вывучэнне прадметаў, якія буду выкладаць. Так, як і мае настаўнікі. Хацела б у пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці паспрабаваць свае сілы ў звычайнай вясковай школе. Пажыць у сельскай мясцовасці, набыць пэўны вопыт карысна для кожнага. А пасля, магчыма, вярнуся ў сваю родную гімназію. Да сваёй любімай настаўніцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.