У зоне асаблівай увагі

У 2012 годзе па Мінску зарэгістраваны 21 выпадак менінгакокавай інфекцыі, з іх два закончыліся смерцю. У Рэспубліцы Беларусь у снежні 2012 — студзені 2013 года зарэгістравана шэсць лятальных выпадкаў ад генералізаванай менінгакокавай інфекцыі — пяцёра дзяцей і адзін дарослы (у Гродзенскай вобласці – тры выпадкі, Магілёўскай, Віцебскай і ў Мінску— па адным).

Менінгакокавая інфекцыя — гэта вострая інфекцыя, якая выклікаецца менінгакокам і перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Крыніцай узбуджальніка інфекцыі служыць хворы чалавек ці бактэрыяносьбіт, у якога менінгакокі паразітуюць у насаглотцы, прычым асноўнай крыніцай з’яўляецца здаровы бактэрыяносьбіт. У некаторых заражаных людзей размнажэнне бактэрый у насаглотцы прыводзіць да мясцовых запаленчых рэакцый (назафарынгіт) — заложанасць носа і насмарк, пяршэнне ў горле і кашаль. Для іншых людзей такі хворы крайне небяспечны, хаця выздараўленне звычайна адбываецца праз 3—5 дзён. Носьбітамі менінгакоку часцей за ўсё з’яўляюцца дарослыя, а хварэюць пераважна дзеці да трох гадоў. Менінгакок найбольш актывізуецца падчас эпідэміі грыпу.

менінгакокКаварства хваробы ў тым, што яна можа развівацца ў лічаныя гадзіны і нават хвіліны — так званая “маланкавая” форма. Хвароба пачынаецца востра: высокая тэмпература, дрыжыкі, рэзкі галаўны боль, ваніты ў першыя дні хваробы, не звязаныя з прыёмам ежы. Але самы грозны сімптом, на які абавязкова трэба звярнуць увагу, — гэта сып. Спачатку гэта бела-ружовыя зорачкі, потым сып будзе павялічвацца. І менавіта пры яго наяўнасці трэба абавязкова паўторна выклікаць урача, таму што першасны дыягназ да сыпу можа быць выстаўлены як вострае рэспіраторнае захворванне. Пры “маланкавай” форме несвоечасовыя гаспіталізацыя і аказанне медыцынскай дапамогі могуць прывесці да смяротнага выніку. Заражэнне менінгакокавай інфекцыяй адбываецца пры даволі цесных і працяглых стасунках. У перадачы інфекцыі найбольшая роля адводзіцца носьбітам хваробы, якія ўзаемадзейнічаюць з хворым, родзічам, якія даглядаюць хворага.
Бацькі павінны памятаць, што маленькіх дзяцей неабходна максімальна засцерагчы ад стасункаў з вялікай колькасцю людзей, пазбягаць паездак у грамадскім транспарце, паходаў у магазіны.
Лёгкае недамаганне, насмарк, кашаль у дарослых павінны стаць сігналам для выкарыстання масак у памяшканнях, дзе знаходзяцца маленькія дзеці, стараннага мыцця рук з мылам пасля кашлю ці чхання. Неабходна захоўваць простыя меры гігіены: часта праветрываць памяшканне, рабіць вільготную ўборку не радзей чым два разы на дзень, павялічыць адлегласць паміж ложкамі ў дзіцячым пакоі. Рэкамендуецца больш гуляць з дзецьмі на свежым паветры. Варта карыстацца аднаразовымі сурвэткамі. Каб не захварэць і не заразіць іншых, неабходна пазбаўляцца ад хранічных захворванняў насаглоткі — фарынгіту, танзіліту, ларынгіту. У выпадку з’яўлення менінгакокавай інфекцыі ў сям’і, усе, хто кантактаваў з хворым, павінны абследавацца ў мікрабіялагічнай лабараторыі (у Мінску — гэта Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, вул. П.Броўкі, 13) дзеля выяўлення носьбітаў інфекцыі і наступнага прафілактычнага лячэння.

Надзея ВЫРВА,
урач-эпідэміёлаг Цэнтра гігіены
і эпідэміялогіі
Ленінскага раёна Мінска.