Убачыць, дакрануцца, адчуць

- 12:05Выбар прафесіі

У БНТУ стартаваў другі сезон праекта “Прафарыентацыйныя суботы”. 28 кастрычніка тут прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, дзе абітурыентам быў прадстаўлены ўвесь калейдаскоп універсітэцкіх магчымасцей. А з пачатку лістапада кожную суботу выпускаючыя кафедры будуць прэзентаваць асобныя спецыяльнасці. Першай 4 лістапада пачала кафедра прамысловага дызайну і ўпакоўкі, якая прадставіла спецыяльнасці “Упаковачная вытворчасць” і “Дызайн вытворчага абсталявання”.


— Дзень адкрытых дзвярэй — гэта перш за ўсё ўражанне пра ўніверсітэт, — заўважыў дэкан факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Генадзь Міхайлавіч Броўка. — Прафарыентацыйныя суботы даюць абітурыентам магчымасць пазнаёміцца з асобнымі спецыяльнасцямі, кафедрамі, лабараторыямі, пагутарыць з выкладчыкамі і студэнтамі, суаднесці ўбачанае са сваімі жаданнямі і схільнасцямі і зрабіць важны крок на шляху прафесійнага самавызначэння.

Факультэт тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі — адзін з самых маладых у БНТУ. У 1995 годзе ва ўніверсітэце на запыт рынку працы быў адкрыты Рэспубліканскі адукацыйны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту і эканомікі. Пазней, у 2002 годзе, ён быў рэарганізаваны ў асобны факультэт. Зараз тут вядзецца падрыхтоўка па сямі вельмі цікавых спецыяльнасцях, кожная з якіх заснавана на скрыжаванні розных навук.


— Усе нашы спецыяльнасці адкрываліся на вастрыі тых праблем і выклікаў, якія ўзнікалі ў грамадстве, — гаворыць дэкан факультэта Генадзь Міхайлавіч Броўка. — Напрыклад, раней ніхто ў нашай краіне не задумваўся, у што ўпакоўваць тавар і як яго прасоўваць на рынак. Між тым упакоўка — гэта цэлая навука, якая пры правільным падыходзе садзейнічае павелічэнню продажаў. Тое ж можна сказаць і аб прамысловым дызайне. Калі ў гэтым узнікла патрэба, то стала зразумела: прадпрыемствам патрэбны не проста дызайнеры ці мастакі, а спецыялісты, якія разумеюць магчымасці вытворчасці. Так, можна прыдумаць вельмі прыгожы эскіз халадзільніка ці мультываркі, але прыбор павінен быць найперш функцыянальным, а яго вытворчасць — эканамічна выгаднай для прадпрыемства.

Такім чынам, на факультэце з’явіліся ўнікальныя спецыяльнасці “Упаковачная вытворчасць” і “Дызайн вытворчага абсталявання”. І калі на першую абітурыенты здаю ць традыцыйныя для тэхнічнай спецыяльнасці тэсты — па беларускай ці рускай мове, фізіцы і матэматыцы, то на другую — акрамя ЦТ па мове і матэматыцы, таксама малюнак і кампазіцыю. Зразумела, што ў мінулую суботу многіх абітурыентаў цікавілі асаблівасці правядзення гэтых унутраных экзаменаў, патрабаванні, сістэма ацэньвання.

Выпускнікі згаданых спецыяльнасцей атрымліваюць складаную кваліфікацыю: у першым выпадку — “інжынер, канструктар, дызайнер”, у другім — “інжынер, канструктар”.

— Гэта звязана з рынкам працы, — тлумачыць Генадзь Міхайлавіч. — Мы не можам гарантаваць, што ўсе нашы выпускнікі будуць займацца выключна канструяваннем упакоўкі ці дызайнам. Справа ў тым, што ўпаковачныя вытворчасці звычайна невялікія, і там цэняцца спецыялісты, якія валодаюць комплекснымі ведамі. Напрыклад, адна наша выпускніца пайшла працаваць на “Мілавіцу” канструктарам, потым перайшла ў аддзел тэхнолага, а зараз узначальвае аддзел маркетынгу. Атрыманая спецыяльнасць дазваляе ёй паспяхова працаваць на, здавалася б, такіх розных пасадах.


Усе спецыяльнасці факультэта адкрываліся тады, калі з’яўляўся адпаведны рынак працы, падкрэслівае дэкан. Так, быў час, калі ў краіне не хапала прафесійных менеджараў. Адгукаючыся на запыт рынку, тут адкрылі спецыяльнасць “Менеджмент”. Сёння прапаноўваюцца тры напрамкі падрыхтоўкі: сацыяльна-адміністрацыйны; міжнародны; менеджмент нерухомасці.

— Вельмі перспектыўная спецыяльнасць, патэнцыял якой у нашай краіне яшчэ канчаткова не раскрыты, — “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергаменеджмент”, — звяртае ўвагу Генадзь Міхайлавіч. — Ужо сёння стаіць пытанне энергазберажэння, размеркавання энергарэсурсаў, затрат на той ці іншы від паліва, будаўнічых матэрыялаў. Якія дахі і вокны лепшыя, на чым можна сэканоміць, а можа, замест таго, каб будаваць кіламетры цеплатрасы, выгадней паставіць у пад’ездах бойлеры і награваць ваду электрычнасцю? Усё гэта можа і павінна быць разлічана. Таму лічу, што спецыяльнасць “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергаменеджмент” мае добрую будучыню.

Дарэчы, кафедра ЮНЕ СКА “Энергазберажэнне і аднаўляльныя крыніцы энергіі”, якая з’яўляецца выпускаючай па згаданай спецыяльнасці, прызнана адной з лепшых сярод еўрапейскіх універсітэтаў. Акрамя глыбокай падрыхтоўкі ў галіне фізіка-хімічных і тэхнічных навук, яе выпускнікі — інжынеры-энергаменеджары — атрымліваюць сацыяльна-эканамічныя, фінансавыя і юрыдычныя веды, што дазваляе ім эфектыўна вырашаць задачы энергазберажэння.

Спецыяльнасць “Нізкатэмпературная тэхніка” — гэта таксама водгук на патрэбы рынку працы. Пачала актыўна развівацца сфера вытворчасці, навукі і тэхнікі, скіраваная на дасягненне і падтрыманне тэмператур ніжэйшых за тэмпературу навакольнага асяроддзя. З’яўляліся лядовыя палацы, стэлажы ў маленькіх магазінах і гіпермаркетах, сістэмы ахалоджвання паветра ў вялікіх гандлёвых залах. Адпаведна, узнікла патрэба ў спецыялістах па нізкатэмпературнай тэхніцы. Сёння выпуснікі запатрабаваны на прадпрыемствах харчовай, перапрацоўчай, хімічнай і іншых галін вытворчасці, транспарту, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва.


Тое ж можна сказаць і пра спецыяльнасць “Мытная справа” — яна з’явілася, калі прыйшло разуменне, што трэба абараняць суверэнітэт і эканамічную бяспеку краіны. Спачатку адпаведная спецыяльнасць была адкрыта ў БДУ, а праз 2 гады — на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ.

— Справа ў тым, што 95% тавараў, якія перамяшчаюцца праз мяжу, — гэта камплектуючыя і дэталі для вытворчасці, а таму вельмі патрэбны людзі, якія ў іх разбіраюцца, — тлумачыць дэкан факультэта. — Абітурыентаў прываблівае гарантаванае працаўладкаванне, таму на “Мытную справу” ў нас самыя высокія прахадныя балы (сёлета — 316). І яны маюць рацыю. Дзяржаўны мытны камітэт пастаянна заказвае спецыялістаў для работы ў мытных органах.

Цікавая форма падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” (напрамак — горная прамысловасць) — кафедра эканомікі і права вядзе яе сумесна з факультэтам горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ.

— Тут ёсць асаблівасць: калі ў назве кваліфікацыі няма слова “горны”, то доступ спецыяліста ў шахту немагчымы, — гаворыць Генадзь Міхайлавіч. — Патрэбна спецыяльная падрыхтоўка і адаптацыя спецыяліста да работы на горным прадпрыемстве. Таму мы адгукнуліся на патрэбу рынку і адкрылі сумесную спецыяльнасць.

Дарэчы, кафедра эканомікі і права адзіная ў Беларусі дае спецыялістам-эканамістам паглыбленую прававую падрыхтоўку. У выніку выпускнікі атрымліваюць не толькі фундаментальныя веды ў галіне эканомікі і кіравання, але і прыктычныя навыкі афармлення прававых дакументаў прадпрыемстваў па справах гаспадарчага, грамадзянскага, экалагічнага, працоўнага, жыллёвага і іншых галін права.

— Мы працуем на рэальны сектар эканомікі і прамысловую вытворчасць, таму нашы студэнты не баяцца зайсці ў цэх і разумеюць, што там адбываецца, — падагульняе Генадзь Міхайлавіч.

Ці трэба гаварыць, што ўсе выпускнікі факультэта размяркоўваюцца без праблем. Заяўкі на спецыялістаў паступаюць з усіх рэгіёнаў краіны.

Дарэчы

У наступную суботу, 11 лістапада, кафедра менеджменту факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ будзе прэзентаваць спецыяльнасць “Менеджмент” (па напрамках).

— Праблема ў тым, што сталіца зацягвае моладзь, — гаворыць дэкан. — Так, многія выпускнікі спакойна едуць па размеркаванні ў іншыя гарады, дзе пачынаюць працоўнае жыццё. Але некаторыя гатовы пайсці на ўсё, каб толькі не выязджаць з Мінска. Іх не хвалюе, дзе і кім яны будуць працаваць, адзіная мэта — застацца. Таму мы ўсяляк стараемся данесці да студэнтаў, што трэба глядзець шырэй, не толькі ў межах Мінскай кальцавой дарогі. Вопыт паказвае, што работа па размеркаванні часта дае людзям пэўныя шансы: добры калектыў, сям’ю, лёс. І не трэба баяцца новага. Наадварот, у грамадстве павінен фарміравацца іншы падыход: працаваць там, дзе цікавая работа і высокая зарплата, а не шукаць любую работу там, дзе жывеш. Цікавая высокааплатная работа кампенсуе ўсе сталічныя “страты”.

Генадзь Міхайлавіч падкрэслівае, што БНТУ працуе на ўсю краіну. Амаль 75% студэнтаў факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі — іншагароднія, яны прыехалі вучыцца з розных рэгіёнаў Беларусі.

— Наша задача — даць выпускнікам такі запас ведаў, які дазваляў бы ім адчуваць сябе ўпэўнена на рынку працы і выбудоўваць добрую кар’еру, — гаворыць дэкан. — У большасці выпадкаў нам гэта ўдаецца.

Студэнты, якія хочуць перайсці з платнай формы навучання на бюджэтную або знізіць кошт навучання, імкнуцца праявіць сябе не толькі ў вучобе, але і ў грамадскай і ў навуковай дзейнасці. Як вынік, штогод каля 18 чалавек пераходзяць на бюджэт і нават пачынаюць атрымліваць стыпендыі, больш як 50 чалавек атрымліваюць скідкі ў аплаце (да 60%).

На факультэце актыўна развіваецца навука. Калісьці тут пачыналі з адной-дзвюх канферэнцый у год, а цяпер кожная з адзінаццаці кафедр праводзіць свае канферэнцыі (некаторыя — па дзве і тры). Гэта прыцягвае моладзь у навуку. Напрыклад, на кафедры эканомікі і права нядаўна адна за адной прашлі тры абароны кандыдацкіх дысертацый.

— Мы бачым, як колькасць пераўтвараецца ў якас ць, — адзначае Генадзь Міхайлавіч. — Факультэт сам сябе аднаўляе: узрастаюць нашы выпускнікі, якія гатовы замяніць на кафедрах старэйшае пакаленне. Трыадзінства адукацыі, навукі і вытворчасці — гэта той ланцужок, на якім стаіць БНТУ.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.