Убачылі БелАЗ

Вучні чацвёртых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні адправіліся на экскурсію ў горад Жодзіна, дзе наведалі завод БелАЗ.

БелАЗ выпускае машыны, якія ўражваюць сваімі памерамі. А гонар завода — машына магутнасцю 450 тон. Гэты самазвал нават занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

На пачатку экскурсіі вучні наведалі музей завода, дзе пазнаёміліся з гісторыяй зараджэння і стварэння кар’ернай тэхнікі маркі БелАЗ. Пасля адправіліся ў цэх, дзе ўбачылі, як збіраецца самы вялікі ў свеце кар’ерны самазвал. Пабывалі на палігоне гатовай тэхнікі. У канцы экскурсіі ўсіх чакаў сюрпрыз: кожнаму вучню падарылі машынку-самазвал у мініяцюры.

Паездка атрымалася цікавая і пазнавальная. Некаторыя вучні паабяцалі, што прыедуць на завод працаваць, калі стануць дарослымі. Уражаныя ўбачаным, мы вярнуліся дадому. А наперадзе нас чакаюць новыя сустрэчы і цікавыя мясціны Рэспублікі Беларусь. Я ўпэўнена, што такія экскурсіі дапамогуць маім вучням выбраць правільны шлях у свеце прафесій.

Ірына БЕЗЛЯПОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.