Убачыць і забыць?

Як заўважыць праблему дзіцяці і дапамагчы сям’і

Якой бы па сваім маштабе праблема ні была, для яе станоўчага вырашэння неабходна спалучэнне некалькіх фактараў. Першае і самае важнае —  гэта ўменне прызнаць наяўнасць праблемы. Не менш важным з’яўляецца магчымасць адкрыта абмяркоўваць тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца нашы дзеці, а таксама жаданне шукаць рацыянальнае і дзейснае вырашэнне ў кожнай з крызісных сітуацый.

Для таго каб абмеркаваць, як дапамагаць дзецям знаходзіць выхад з цяжкай сітуацыі, 11—12 красавіка ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, унутраных спраў, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны і Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка правялі рэспубліканскі семінар “Аб практычнай рэалізацыі новых падыходаў заканадаўства ў пытаннях прызнання, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аказанні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі”.

Справай, не словам

Любая дапамога, якая аказваецца дзецям, павінна прыносіць вынік. Безумоўна, першыя, хто можа заўважыць крызісны стан дзіцяці, гэта бацькі і школа.

“Мы вельмі многа гаворым пра міжведамаснае ўзаемадзеянне школы і сям’і з арганізацыямі аховы здароўя, міліцыяй, установамі сацыяльнай абароны, і сёння таксама пагаворым пра гэта вельмі адкрыта і шчыра, абмяркуем тое, што ў нас не зусім атрымліваецца ў гэтым кірунку, — акцэнтавала ўвагу падчас адкрыцця семінара намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. — Безумоўна, асноўнай тэмай, якую будзем абмяркоўваць, з’яўляецца пастанова Савета Міністраў ад 15 студзеня 2019 года, якой рэгулююцца пытанні сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей. Над пастановай урада мы працавалі вельмі доўга. Падчас работы над ёй паміж намі, прадстаўнікамі тых ведамстваў, якія сёння прысутнічаюць на семінары, узнікалі непаразуменні. І гэта добра. Дыскусіі сведчаць аб тым, што ў кожнага з нас ёсць разуменне праблемы, мы паглыбіліся ў пытанне і, як мінімум, не застаёмся абыякавымі да яго. Дарэчы, пастанова № 22 восенню будзе абмеркавана ў Савеце Міністраў. Мы вельмі занепакоены тым, што сёння ў многіх, хто працуе з дзецьмі, адсутнічае адзінае разуменне таго, як вырашаць праблему непаўналетняга. Ад пазіцыі кожнага з нас залежыць вынік. Самае галоўнае: трэба памятаць, што за час, калі мы з вамі будзем абмяркоўваць праблему, знаходзіць шляхі яе вырашэння, будуць вырашацца лёсы дзяцей. Упэўнена, педагогі, якія прысутнічаюць у зале, ведаюць, што ў многіх выпадках лёс тых дзяцей, якіх будзе тычыцца пастанова, трагічны. Трагедыя адбылася па нашай віне, віне дарослых. І калі мы зоймемся не практычнай рэалізацыяй вызначаных кірункаў, а пачнём высвятляць, хто лепшы і першы, зноў адбудзецца трагедыя. Менавіта для таго, каб гэтага не дапусціць, мы сёння ўсе тут знаходзімся.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 44, 18 красавіка.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.