Убачыць, перажыць і здзівіцца

- 12:21Адукацыйная прастора

Маладыя педагогі сталіцы падзяліліся эфектыўным вопытам

Падведзены вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2018” у намінацыі “Мы — маладыя!”. Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Арганізатар мерапрыемства — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі пры ўдзеле зацікаўленых арганізацый і асоб.

Конкурс прафесійнага майстэр­ства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” праводзіцца з мэтай фарміравання прафесійных кампетэнцый у педагогаў, садзейнічання іх асобаснаму росту, раскрыцця іх творчага патэнцыялу. Конкурс — гэта натхненне, імкненне да новага, знаёмства і зносіны, бляск вачэй і радасць педагагічнага яднання. У конкурсах не проста ўдзельні­чаюць, у іх пражываюць асаблівае жыццё. Яны даюць шанс раскрыцца, атрымаць карысны вопыт, падтрымку калег, знайсці аднадумцаў і сяброў.

Выпрабаванні пачаліся 30 студзеня і праходзілі ў тры туры. 81 малады педагог агульнаадукацыйных дысцыплін са стажам работы да трох гадоў прыняў удзел у складаных і вельмі цікавых мерапрыемствах. Сярод канкурсантаў былі 2 кандыдаты навук, 9 саіскальнікаў і магістрантаў, 1 аспірант, 4 стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўладальнік гранта Мінгарвыканкама. Іх выступленні ацэньвала журы пад старшынствам начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Сустаршыня журы — Сяргей Пятровіч Странкоўскі, першы прарэктар МГІР­А, доктар  гістарычных навук, дацэнт.

Юныя канкурсанты выступілі са стэндавай абаронай “Мая педагагічная знаходка”, падчас якой прадэманстравалі разнастайныя эфектыўныя метадычныя прыёмы. Педагогі правялі адкрытыя вучэбныя заняткі-нарыхтоўкі ў знаёмым і незнаёмым класах, прадставілі план правядзення і аналіз сваіх вучэбных заняткаў-нарыхтовак. Адукацыйныя відэаролікі “ТБ-педагогіка”, падрыхтаваныя канкурсантамі, не пакінулі гледачоў раўнадушнымі. Аўтары адукацыйных відэа давалі сваім калегам практычныя парады. Мнематэхніка, відэаскрайбінг, гульні-ха­дзілкі, прыём “Карусель” і дапаможнік “Вусень”, метад “Убачыць, перажыць і здзівіцца”, практыка-арыентаваныя задачы, тэхналогія праблемнага навучання, канструктары ўрока, дыферэнцыраваны падыход да навучання, фактары здароўезберажэння і сілавыя практыкаванні, а таксама міжпрадметныя сувязі і этапы даследчай дзейнасці — усё гэта было прапанавана педагогамі ў відэароліках, якія прыйшлі паглядзець многія іх калегі.

Фінальным выпрабаваннем конкурсу стала метадычная дэманстрацыя “Фрагмент урока (заняткаў). Мэтавызначэнне”.

***

Конкурс праводзіўся па дзевяці намінацыях.

  1. “Правільнае рашэнне” сярод настаўнікаў фізікі, астраноміі, матэматыкі, інфарматыкі. У ім перамагла Юлія Сяргееўна Якавенка, выкладчык фізікі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва.
  2. “Калі цябе разумеюць” сярод настаўнікаў замежнай мовы. Пераможцай стала Наталля Сяргееўна Пятуніна, настаўніца ня­мецкай мовы гімназіі № 24 Мінска Цэнтральна­га раёна.
  3. “Разумнае. Добрае. Вечнае” сярод настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры. У гэтай намінацыі перамагла Юлія Мікалаеўна Кузаўкова, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 43 Мінска Заводскага раёна.
  4. “Пачатак пачаткаў” сярод настаўнікаў пачатковых класаў. Пераможца — Марыя Леанідаўна Быкоўская, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 29 Мінска Цэнтральнага раёна.
  5. “Свая вышыня” сярод настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, працоўнага навучання і чарчэння. Лепшым стаў Раман Аляксандравіч Аўтушка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 218 Мінска Маскоўскага раёна.
  6. “Мудрасць у абліччы прыгажосці” сярод настаўнікаў музыкі і мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура). Перамагла Надзея Мікалаеўна Сокал, настаўніца музыкі гімназіі № 146 Мінска Маскоўскага раёна.
  7. “Вакол свету” сярод настаўнікаў гісторыі, грамада­знаўства, геаграфіі. Перамог Аляксандр Сяргеевіч Мархотка, настаўнік геаграфіі гімназіі № 43 Мінска Фрунзенскага раёна.
  8. “Звычайны цуд” сярод настаўнікаў хіміі, біялогіі. Лепшы — Яраслаў Яўгенавіч Гарбачоў, выкладчык біялогіі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю.
  9. “Дзяцінства. Творчасць. Развіццё” сярод выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. Перамога за Любоўю Анатольеўнай Кірыковіч, выхавальніцайясляў-сада № 53 Мінска Заводскага раёна.

Пераможцы ў кожнай намінацыі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай аду­кацыі — 2018” у намінацыі “Мы — маладыя!” былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Вынікі конкурсу падвёў першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч.

Галоўным пераможцам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2018” у намінацыі “Мы — маладыя!” стала Юлія Сяргееўна Якавенка, выкладчык фізікі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Яна была прадстаўлена да ўзнагароджання Ганаровай граматай Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і рэкамендавана да прысуджэння прэміі Мінгарвыканкама.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.