Убачыць свет аб’ёмным і яркім

“У дзяцей дашкольнага ўзросту ўсё часцей узнікаюць функцыянальныя парушэнні зроку, сярод якіх амбліяпія і касавокасць. Пры ўдала праведзеным лячэнні і карэкцыі сітуацыя выпраўляецца, і такія дзеці, як правіла, працягваюць навучанне ў агульнаадукацыйных школах”, — адзначае настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага ясляў-сада № 30 для дзяцей з парушэннем зроку Мазыра Алена Валянцінаўна Шаўчук.

Мая суразмоўніца атрымала медыцынскую і педагагічную адукацыю. З адзнакай скончыла медвучылішча ў Бабруйску і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Настаўнік-лагапед. Педагог-псіхолаг”. Паколькі прафесійную дзейнасць Алена Шаўчук звязала з тыфлапедагогікай, ёй давялося займацца самаадукацыяй у гэтым кірунку. Зараз, напрыклад, яна вучыцца на дыстанцыйных курсах па рабоце з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі, якія таксама ёсць сярод яе выхаванцаў.

“У нашым дзіцячым садзе працуюць 10 дашкольных груп, у кожнай займаецца па 12—16 дзяцей. У большасці сваёй малышы маю ць прыроджаную амбліяпію і касавокасць. Уявіць, як выглядае чалавек з касавокасцю, можа кожны. А вось што такое амбліяпія, або сіндром лянівага вока, ведаюць нямногія, — адзначае Алена Валянцінаўна. — Гэта функцыянальнае зніжэнне зроку, пры якім адно вока амаль або наогул не задзейнічана ў зрокавым працэсе. Вочы бачаць занадта розныя карцінкі, і мозг не можа сумясціць іх у адну аб’ёмную. У выніку падаўляецца работа аднаго вока. У пацыентаў з амбліяпіяй адсутнічае бінакулярны зрок — здольнасць мозгу правільна супастаўляць малюнкі абодвух вачэй у адзінае цэлае.

У некаторых нашых выхаванцаў, акрамя асноўнага парушэння (зроку), ёсць спадарожныя парушэнні — апорна-рухальнага апарату, слыху, маўлення, інтэлектуальнага развіцця, аўтыстычныя праяўленні. Для кожнага дзіцяці на аснове комплекснай дыягностыкі, якую праводзяць урачы, педагогі дашкольнай установы і спецыялісты ЦКРНіР, ствараецца індывідуальны адукацыйны маршрут. На базе нашай установы сумесна з кафедрай карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам дацэнта С.Я.Гайдукевіч праходзіў эксперымент па апрабацыі адаптаванага зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей з парушэннямі зроку. Прадугледжваецца таксама магчымасць выкарыстання настаўнікамі-дэфектолагамі для карэкцыйных заняткаў спецыяльных праграм для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, з парушэннем слыху і г.д.”.

Карэкцыйную работу з дзецьмі Алена Шаўчук праводзіць штодня на падгрупавых і індывідуальных занятках. Прапануе выхаванцам заданні, якія тычацца развіцця не толькі зрокавых функцый, але і маўлення, пазнавальнай дзейнасці, маторыкі і г.д. У ход ідуць шматлікія метадычныя сродкі, у залежнасці ад складанасці парушэння педагог падбірае пэўныя дыдактычныя дапаможнікі і гульні, у тым ліку аўтарскія.

“У нас невялікі педагагічны калектыў, нібыта адна сям’я, — адзначае педагог. — З калегамі я вельмі цесна ўзаемадзейнічаю, узгадняю работу. Калі, напрыклад, сёння выхавальнік на сваіх занятках знаёміць дзяцей з аплікацыяй, яны робяць караблік, значыць, я павінна загадзя прапрацаваць з малышамі элементы, з якіх складаецца караблік. Супрацоўнічаю з медсёстрамі-артаптыстамі, якія таксама працуюць у нашай установе. Яны арганізуюць з дзецьмі работу на афтальмалагічных апаратах, якія прызначылі ім урачы-афтальмолагі. Мая задача — падрыхтаваць іх да гэтага працэсу, зрабіць з імі пэўныя практыкаванні і г.д. Для паляпшэння вастрыні зроку ў дзяцей праводзіцца такое медыцынскае мерапрыемства, як аклюзія, калі малому па рэкамендацыі ўрача на пэўны час закрываюць тое ці іншае вока спецыяльнай павязкай. Кожную раніцу гэта робіць медсястра-артаптыст. Калі хаваецца здаровае вока, то другое, лянівае, прымае на сябе ўсю нагрузку і актывізуецца яго функцыя. Нашы выхаванцы працуюць на апаратах індывідуальнага карыстання “Бусел”. Прынцып яго дзеяння заснаваны на пераключэнні зялёнага і чырвонага святла, што таксама дазваляе абудзіць лянівае вока, сканцэнтраваўшы яго ўвагу на тым ці іншым колеры. Дзякуючы прыбору сінаптафору, можна навучыцца бачыць цэласны малюнак, асабліва гэта актуальна для дзяцей з касавокасцю. У апараце ўстанаўліваюцца карцінкі: на адну пласцінку, напрыклад, галава ката, а на другую — тулава. Дзіця, гледзячы ў дзве лінзы, рукамі павінна сумясціць карцінкі, каб атрымаўся паўнавартасны малюнак ката. Ёсць і аналагічная камп’ютарная праграма, якая можа замяніць дзеянне сінаптафора, яе можна набыць для дамашняга карыстання”.

Алена Валянцінаўна Шаўчук распрацавала тэхналогію паэтапнага фарміравання нестэрэаскапічных спосабаў успрымання глыбіні прасторы ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з амбліяпіяй і касавокасцю. Работа атрымала дыплом І ступені падчас VII Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

“Калі пры амбліяпіі і касавокасці вастрыня зроку становіцца ніжэйшай за 0,2, то гэта прыводзіць да расстройства бінакулярнага зроку, або здольнасці адначасова дакладна бачыць выяву прадмета абодвума вачыма, — гаво­рыць педагог. — Пры манакулярным характары зроку, калі прадметы і аб’екты ўспрымаюцца пераважна адным вокам, выхаванцы адчуваюць цяжкасці ўспрымання прасторы і маюць патрэбу ў іх кампенсацыі. Напрыклад, у іх ёсць асаблівасці ва ўспрыманні глыбіні прасторы, запаволенасць зрокава-прасторавай арыенціроўкі, няўпэўненасць у рухах пры кіданні ў цэль, калі трэба стаць у круг, шарэнгу, пры бегу ўрассыпную і інш. Акрамя таго, дзеці адчуваюць цяжкасці ў вызначэнні аб’ёмнасці і аддаленасці аб’ектаў, напрамку і працягласці маршруту ў рэальнай прасторы і на малюнку. Парушаецца ўзаемадзеянне зрокавага і рухальнага аналізатараў галаўнога мозгу”.

Прапанаваная Аленай Валянцінаўнай тэхналогія накіравана на навучанне дзяцей разглядванню і апісанню прадметна-прасторавых сітуацый, стварэнню малюнкаў, размешчаных вертыкальна, гарызантальна, па дыяганалі, уроскід на дэманстрацыйным або раздатачным матэрыяле, магнітнай дошцы, фланэлеграфе, дыванафоне. Калі прадмет размешчаны блізка, ён здаецца вялікім, а ўдалечыні падаецца меншым. Дзяцей трэба навучыць такім прынцыпам, каб яны маглі, напрыклад, маляваць малюнкі па правілах перспектывы.

Педагог вучыць дзяцей ацэньваць адлегласць паміж цацкамі і прадметамі, параўноў­ваць кантрасныя, слабакантрасныя і аднолькавыя па велічыні прадметы, адлюстроўваць у выяўленчай дзейнасці прыкметы глыбіні прасторы, вызначаць ступень аддаленасці прадметаў — бліжэй, чым…, але далей, чым…, у залежнасці ад памераў, насычанасці афарбоўкі і г.д.

“Пасля псіхолага-педагагічнай дыягностыкі выхаванцы аб’ядноўваюцца ў падгрупы для карэкцыйна-развіццёвай работы. Пачынаю работу з ацэнкі ўспрымання дзецьмі вялікай прасторы (у групе, кабінеце, на ўчастку дзіцячага сада), — гаворыць Алена Валянцінаўна. — Неабходна вызначыць, ці ўмеюць дзеці ацэньваць адлегласць паміж прадметамі, а таксама з дапамогай умоўных мерак — крокаў, гімнастычных палак, абручоў, “на вока”, падчас выканання аўтарскіх гульняў-заданняў з лазернай рулеткай.

Для замацавання бінакулярнага зроку і развіцця стэрэаскапічнага, калі правільна ўспрымаюцца форма прадмета, яго памер і адлегласць да яго, праводжу гульні з вялікімі мяккімі модулямі і канструктарамі. Вучу дзяцей вызначаць памер прадмета на адлегласці, пры поўным і частковым перакрыцці яго іншым прадметам. Фармірую паняцці “перакрыццё”, “зашумленасць”, “засланяльнасць” з дапамогай дыдактычнага матэрыялу: рэальных аб’ектаў, цацак, геаметрычных фігур.

Вучу выхаванцаў прайграваць прасторавыя адносіны на прадметным малюнку, магнітнай дошцы з дапамогай каляровых, сілуэтных і контурных малюнкаў. Паралельна праводжу практыкаванні для развіцця фузіённых рэзерваў (зліцця дзвюх выяў у адну) з дапамогай аўтарскага сенсорнага дапаможніка “Казачны пенал”. Прыдумала і зрабіла сенсорную камоду, да якой падключыла святлодыёдную стужку, каб актывізаваць зрокавую ўвагу дзіцяці, навучыць яго бачыць выяву ў розных умовах успрымання.

Фармірую ў выхаванцаў уменне бачыць і самастойна мадэляваць змену велічыні прадмета ў залежнасці ад адлегласці да яго. Раблю гэта з дапамогай тэматычных макетаў і плоскасных аўтарскіх дапаможнікаў “Кухня”, “Гасцёўня”, “Спартзала”, “Ванна”, “На дарозе”, “У лесе”. Паралельна праводжу практыкаванні для развіцця зрокава-рухальных адчуванняў — маляванне па контуры з выкарыстаннем самаробнага дапаможніка “Чароўнае шкло” і фламастараў. З дапамогай малюнкаў ва ўласных дапаможніках “Каляровыя вусені”, “Цёплы-халодны”, “Збяры пейзаж”, “Што маляваў мастак?” фармірую ўменне бачыць змену формы і колеру прадмета ў прасторы, паветраную перспектыву. Вучу выхаванцаў разглядаць сюжэтныя карціны і творы мастацтва, іх элементы, вызначаць адлег­ласць паміж прадметамі і аб’ектамі на іх, памер, форму, колер, пярэдні, сярэдні, задні планы малюнкаў”.

Дзякуючы рабоце па названай тэхналогіі, выхаванцы без папярэдняй падрыхтоўкі прыступаюць да лячэбна-аднаўленчай работы на апараце сінаптафоры. Сфарміраваныя з Аленай Валянцінаўнай навыкі дзеці замацоўваюць на занятках з выхавальнікамі і кіраўніком фізічнага выхавання, выкарыстоўваюць у жыццёвых сітуацыях, што дазваляе ім цэласна ўспрымаць і распазнаваць аб’екты і прадметы навакольнага свету. Тэхналогія распрацавана педагогам для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, але ў перспектыве яе змест можна адаптаваць для работы з дзецьмі 4—5 гадоў. Алена Валянцінаўна таксама плануе ўзбагаціць свае падыходы за кошт выкарыстання пясочнай тэрапіі, электронных сродкаў навучання і інш. Тэхналогія рэкамендавана не толькі педагогам спецыяльных дашкольных устаноў, але і агульнаадукацыйных устаноў дашкольнай адукацыі.

Парады спецыяліста

Рэкамендуем работу са стэрэакарцінкамі, — гэта свое­асаблівы фітнес для вачэй, карысны для людзей, якія працуюць на камп’ютары. Калі падвесці такую карцінку блізка да вачэй і пачаць паступова адводзіць, то можна ўбачыць 3D-малюнак. У гэты час мы трэніруем вочную мышцу, ідзе прыток кіслароду да вачэй і паляпшаецца вастрыня зроку.

***

На акне зробім пазнаку ў выглядзе чорнага кружка дыяметрам, не большым за 5 мм. Спачатку глядзім на пазнаку, а затым пераводзім погляд удалячынь на пэўны аб’ект, напрыклад, дрэва, і зноў пераключаемся на пазнаку. Паўтараем некалькі разоў. Практыкаванне паляпшае вастрыню і глыбіню зроку.

***

Для актывізацыі галоўных зрокавых функцый падыдзе наступнае практыкаванне. Глядзім на свой указальны палец, на які прымацавана прыгожая арыенціроўка, напрыклад дэкаратыўны матылёк. Адводзім палец ад сябе, затым падводзім бліжэй да носа, падымаем уверх, апускаем уніз.

***

Таймінг — простая гімнастыка для вачэй. Трэба пры­няць зручнае становішча, расслабіць цела. Пацерці далонькі, каб яны сталі цёплымі. Закрыць далонькамі вочы. Пасядзець хвілінку.

“Вярнуць дзіцяці ідэальны зрок мы не ў сілах, але палепшыць яго ў значнай ступені магчыма. Напрыклад, можна дасягнуць паказчыка вастрыні зроку ў адзінку пры ўмове нашэння акуляраў. Асабліва калі ў найлепшым выніку зацікаўлены не толькі спецыялісты, але і бацькі выхаванцаў, — гаворыць Алена Валянцінаўна. — Асноўная задача педагагічнага калектыву нашай установы — забяспечыць дзіцяці паўнавартасную падрыхтоўку да школы, развіць яго камунікатыўныя, сацыяльныя і пазнавальныя кампетэнцыі. Рэдка калі нашы выпускнікі ідуць у спецыялізаваныя школы або пераходзяць на надомнае навучанне. Большасць ідзе ў звычайныя школы, дзе дзеці з парушэннямі зроку адчуваюць сябе ўпэўнена, нараўне з астатнімі. Такім вынікам можна ганарыцца”.

Надзея ЦЕРАХАВА.