Убачыць сябе і свет па-іншаму

Змалку дзеці бяруцца за алоўкі і фарбы, ствараючы непаслухмянымі ручкамі першыя малюнкі. Маляванне — не толькі карысны і захапляльны занятак, але і адзін са спосабаў самавыяўлення. Яно развівае ўяўленне, маўленне, мысленне, успрыманне свету, уседлівасць, акуратнасць, уважлівасць. Выяўленчае мастацтва дапамагае малышам сістэматызаваць веды пра навакольную рэчаіснасць, адлюстраваць на паперы, у колеры і форме свае пачуцці і ідэі. Гэтаму падпарадкаваны заняткі ў мастацкіх студыях, якія дазваляюць дзецям раскрыць творчы патэнцыял і зірнуць на свет іншымі вачыма. У ліку іх — узорная студыя выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Светлячок” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы, заснавальнікам і кіраўніком якой з’яўляецца Наталля Міхайлаўна Шоўкавая.

— Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі малодшага ўзросту з-за іх эмацыянальнасці і непасрэднасці, — расказвае педагог. — Нельга забыць вочы дзіцяці, калі ў яго ўсё атрымліваецца, калі яно “гарыць” ідэямі і цалкам захоплена працэсам малявання. У кожнага ёсць пэўныя здольнасці. Маляванне адкрывае цудоўныя перспектывы творчага росту, дазваляе радаваць сябе і блізкіх уласнымі мастацкімі творамі. Навыкі ў галіне малявання можна ўдасканальваць бясконца. Творчасць дапамагае ўбачыць сябе і свет па-іншаму. Часам гэта лепшы спосаб справіцца з перажываннямі і цяжкасцямі, адпачыць, зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі, натхніцца і напоўніцца энергіяй для новых здзяйсненняў.

Н.М.Шоўкавая працавала спачатку ў гуртку “Малыши-карандаши”, які праз некаторы час быў пераўтвораны ў студыю “Светлячок”. Тры гады назад яна атрымала званне ўзорнага аматарскага калектыву.

На занятках у студыі хлопчыкі і дзяўчынкі ў захапляльнай форме даведваюцца пра ўласцівасці розных мастацкіх матэрыялаў, вучацца выкарыстоўваць іх у сваёй творчасці, асвойваюць тэхнікі і прыёмы выяўленчага мастацтва, знаёмяцца з мастацкімі творамі. Дзякуючы гэтаму, у дзяцей развіваюцца мастацка-творчыя здольнасці, асацыятыўнае мысленне і зрокава-вобразная памяць.

Наталля Міхайлаўна працуе не толькі са школьнікамі, але і з дашкольнікамі ў гуртку “Каля-маля”. Педагог лічыць, што ў рабоце з малышамі зусім не важна наяўнасць мастацкага таленту. Урокі жывапісу для іх — абавязковая ўмова рознабаковага і гарманічнага развіцця.

— Утрымаць аловак у руцэ — нялёгкая задача для маленькага дзіцяці, а намаляваць пэўны прадмет — амаль немагчымая, — гаворыць Н.М.Шоўкавая. — Малюючы, малышы развіваюць дробную маторыку рук. Чым лягчэй дзеці асвояць маляванне, тым хутчэй змогуць развіць маўленне. У дашкольным узросце жывапіс каштоўны не вынікам, а творчым працэсам. Заняткі робяць маленькіх творцаў шчаслівымі і свабоднымі, бо праз малюнкі яны выяўляюць на паперы свае пачуцці, якія пакуль не могуць паказаць словамі. Карцінкі, створаныя юнымі мастакамі, — прадмет гонару ўсіх бацькоў.

Сёння ў студыі займаюцца 54 навучэнцы ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Большасць з іх прыйшлі да Наталлі Міхайлаўны дашкольнікамі. “Светлячкі” розныя: вясёлыя і шумныя, цікаўныя і задумлівыя… А галоўнае — таленавітыя!

— Ганаруся ўсімі выхаванцамі! — адзначае педагог. — У кожным схаваны талент. Мая задача — знайсці і раскрыць яго. Стварэнне малюнка патрабуе ад дзяцей індывідуальнага бачання прадметаў, прадугледжвае нестандартны падыход да творчага працэсу. Бязмежная фантазія, уменне бачыць і дакладна перадаваць навакольную рэчаіснасць дапамагаюць “светлячкам” ствараць арыгінальныя творы. Гэта пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя па выніках Абласнога конкурсу выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”, абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, конкурсу “Творчасць юных — любімаму гораду” з нагоды 1000-годдзя Брэста, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў “Брэсцкая крэпасць — сімвал мужнасці і славы”, “Таленты зямлі Берасцейскай”, “Перамогу памятае Беларусь”, “Ад мінулага — да сучаснага”, “Казкі.by”, “Калядная зорка”, “Архнавацыя-2019” і “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”, міжнародных конкурсаў і выстаў малюнкаў і жывапісу “На сваёй зямлі”, “Славянская крыніца”, “Святло душы маёй”, “Сябруюць дзеці ўсёй зямлі”, “Заўсёды блакітна, заўсёды зялёна”, “Анёлы міру”, “Свет запаведнай прыроды” і інш.

Акрамя малявання, навучэнцы спасцігаюць азы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у прыватнасці, традыцыйнай беларускай тэхнікі работы з паперай — выцінанкі. “Светлячкі” — удзельнікі і прызёры Рэспубліканскага адкрытага конкурсу юных майстроў па выцінанцы, адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” і інш.

На працягу многіх гадоў студыйцы ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх выставах-конкурсах дзіцячых мастацкіх праектаў сярод узорных калектываў. Так, у праекце “Казкі з паперы”, прадстаўленым на выставе-конкурсе “Спрадвечнае заўтра”, дзеці ўвасобілі праз выцінанку ўласнае бачанне герояў беларускіх народных казак, калыханак, загадак і песень. Для мінулагодняй выставы-конкурсу “Новае ўражанне”, прысвечанай творчасці мастакоў-імпрэсіяністаў, быў распрацаваны праект “Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!”. Яго аўтар Ева Труш пастаралася фарбамі перадаць прыгажосць помнікаў архітэктуры і прыроды Бярозаўшчыны. Творчы праект “Сіеста ў кошак” удзельнічаў у выставе-конкурсе “Дзеці і авангард”.

Наталля Міхайлаўна — надзвычай творчы педагог, які натхнёна працуе над сабой, фарміруе ў выхаванцаў эстэтычны густ, актыўнасць і самастойнасць. Н.М.Шоўкавая — лаўрэат прэміі Бярозаўскага райвыканкама, пераможца раённага конкурсу “Педагог года — 2016”. На яе рахунку шмат грамат і дыпломаў.

Ірына ЖУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.