Уборка збожжа — у разгары

На палях Магілёўскай вобласці ўборачная кампанія стартавала ў канцы ліпеня. Па прагнозах у гэтым годзе павінны сабраць звыш 1 млн тон хлеба. Каб сабраць такі ўраджай, збожжавыя трэба зжаць своечасова. У гэтую гарачую пару ў аграрыяў кожная гадзіна на рахунку і любая дапамога вітаецца.

Gра тое, “што летні дзень год корміць”, у Магілёўскім дзяржаўным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага ведаюць не па чутках. У гэтай навучальнай установе штогод аказваюць працоўную дапамогу сельгаспрадпрыемствам рэгіёна. Уборачная кампанія — не выключэнне. Але перад гэтым у каледжы ўбіраюць уласныя збожжавыя палі.

— У каледжа 273 га сельгасугоддзяў. З іх 120 га — гэта ворныя землі. Усе яны засеяны збожжавымі культурамі. Сёлета мы вырасцілі азімую пшаніцу, яравыя ячмень і авёс, ёсць таксама крыху кукурузы і агародніна: бульба, кармавыя буракі. На астат­ніх землях у нас лугі, дзе мы нарыхтоўваем корм для жывёл заасада. Сабраныя збожжавыя і агародніна таксама ў асноўным выкарыстоўваюцца ў якасці кармоў. Калі застаюцца лішкі збожжа, мы рэалізуем яго дзяржаве, — расказаў намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Пётр Іванавіч Скрылёў.

Уборка хлеба на ўласных палях у агралесатэхнічным каледжы ў самым разгары. Ва ўстанове разумеюць: у такой справе мару­дзіць нельга, бо ад гэтага залежыць будучы ўраджай. Ва ўборачнай задзейнічаны восем чалавек — майстры вытворчага навучання Уладзімір Пятровіч Барашка, Аляксандр Ула­дзіміравіч Каташкоў, Міхаіл Адамавіч Лемцюгоў і Аляксандр Уладзіміравіч Дорахаў, а таксама навучэнцы Аляксандр Койпіш, Павел Рэут, Яўген Смалянкоў і Максім Малаш. Праца наладжана пазменна, кожная змена за дзень адпрацоўвае па шэсць гадзін.

— Многія землі ў нас не асабліва ўрадлівыя. Напрыклад, зараз убіраецца поле, на якім у ваенныя гады быў аэрадром. Але агульнымі намаганнямі мы збіраем даволі нядрэнны ўраджай. Сёлета сярэдняя ўра­джайнасць на ўзроў­ні 30 ц/га, а ўсяго плануем сабраць каля 300 тон збожжа, — адзначыў Пётр Іванавіч.

Уборку збожжавых у каледжы вядуць уласнай тэхнікай. На балансе ўстановы маецца камбайн “Палессе КЗС-1218”. Навучэнцы сумесна з выкладчыкамі загадзя рыхтуюць яго да ўборачнай кампаніі. Гэта, як і праца на ўборачнай, ідзе юнакам у залік вучэбнай практыкі. Адвоз­ка збожжа ажыццяўляецца на вучэбным аўтамабілі. Далейшую апрацоўку зерня ў каледжы таксама выконваюць самастойна. Для гэтага ёсць дзве зернеачышчальныя машыны.

— Праца камбайнера цяжкая, але гэта нядрэнная магчымасць падзарабіць. Акрамя таго, калі глядзіш у бункер камбайна і бачыш, як ён запаўняецца збожжам, адчуваеш невыказнае маральнае задавальненне. Разумееш, што сапраўды робіш важную і патрэбную справу, — расказалі майстар вытворчага навучання Аляксандр Уладзіміравіч Каташкоў і навучэнец каледжа Аляксандр Койпіш, якія працуюць у адным экіпажы.

Уборку ўласных збожжавых палёў у каледжы імя К.П.Арлоўскага плануюць завяршыць да панядзелка. Пасля зернеўборачны камбайн установы з выкладчыкамі і навучэнцамі накіруецца на дапамогу ва ўборцы хлеба ў сельгаспрадпрыемства “Сервалюкс-Агра” Магілёўскага раёна. Акрамя таго, каледж акажа дапамогу жыхарам усіх навакольных вёсак ва ўборцы ўраджаю на іх прысядзібных участках.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.