Удачы, першакласнікі!

Учора ў сталічным кінатэатры “Піянер” 260 мінскіх першакласнікаў з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў атрымалі ў падарунак ранцы з канцылярскімі прыладамі і ласункамі. Так завяршылася сёлетняя акцыя “Збяром партфель першакласніку”, якую традыцыйна арганізавала гарадская арганізацыя Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў. Удзельнікамі сталі ўсе жадаючыя, напрыклад, пакупнікі буйных гандлёвых цэнтраў, а таксама розныя аб’яднанні і арганізацыі.

Так, сабраць першакласнікаў у школу дапамагла Мінская гарадская арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
— Мы не першы раз удзельнічаем у гэтай акцыі, — расказала намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Людміла Васільеўна Шыпай. — Сродкі на набыццё ранцаў перадалі ў асацыяцыю мнагадзетных бацькоў. Збіралі сродкі ў рамках нашай акцыі “Белая Русь” з любоўю да дзяцей”. Супрацоўніцтва з гарадской асацыяцыяй мнагадзетных бацькоў па зборы ў школу першакласнікаў — адзін з этапаў акцыі нашай арганізацыі.
Яшчэ адным яе этапам стане ўручэнне ранцаў з сімволікай аб’яднання “Белая Русь” дзецям, якія нарадзіліся ў Мінску ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе, — 57 малым. Праўда, з гэтых дзяцей сёлета ў сталічныя школы ідуць 28 хлопчыкаў і дзяўчынак, іншыя або жывуць не ў Мінску, або ідуць у школу з сямі гадоў. Тады, шэсць гадоў назад, прадстаўнікі аб’яднання віталі іх мам, сёлета віншаванні і падарункі атрымаюць першакласнікі. Прычым віншаванні і добрыя пажаданні будуць як вуснымі — на ўрачыстых лінейках у школах, так і пісьмовымі — у паштоўках, якія будуць ляжаць у кожным ранцы. Там жа, у новым ранцы, першакласнікі знойдуць па каробачцы цукерак “Белая Русь”.
— Гэтую акцыю мы праводзім упершыню і плануем працягваць кожны год, — заўважыла Л.В.Шыпай. — У перспектыве хочам віншаваць дзяцей, якія нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці, і з заканчэннем школы.
Гарадская арганізацыя “Белая Русь” таксама падорыць частцы мінскіх першакласнікаў флікеры, правядзе ўрок ведаў “Юныя беларусы ў гасцях у “Белай Русі”, а да Дня горада, які будзе святкавацца 12 верасня, арганізуе акцыю “Добры дзень, мінчанін!”. Маці, якія народзяць малых у гэты дзень, атрымаюць падарункі: падушкі, коўдры, касметычныя наборы для немаўлят.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.