Удалы эксперымент

- 17:15Нам пішуць

Аздараўленчы лагер “Крынічка” з кругласутачным знаходжаннем, які размясціўся на базе Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, расчыніў свае дзверы ў гэтым годзе для ўсіх ахвотных упершыню. Нягледзячы на такі “юны ўзрост”, праца ў лагеры была наладжана выдатна, дзейнасць супрацоўнікаў і навучэнцаў арганізавана па перадавых тэхналогіях педагогікі і псіхалогіі.

Расклад дня быў спланаваны такім чынам, каб дзіця магло не толькі наведаць культурнае мерапрыемства або паўдзельнічаць у актыўных гульнях, але і адкрыць штосьці новае і адпачыць. Кожны дзень не падобны на папярэдні, быў напоўнены новымі ўражаннямі, эмоцыямі, зносінамі. У гэтым лагеры ўпершыню адпачывалі і аздараўляліся разам дзеці з парушэннямі зроку і з парушэннем слыху.

Несумненны плюс аздараўленчага лагера “Крынічка” — тое, што педагогі, якія працавалі выхавальнікамі ў лагеры, добра ведаюць асаблівасці характару дзяцей, іх звычкі і інтарэсы, а дзеці, у сваю чаргу, добра ведаюць педагогаў, таму прывыкаць да новых людзей не было неабходнасці. Такога роду аздараўленчы лагер — гэта ідэальны варыянт правядзення канікул для дзяцей малодшага школьнага ўзросту і для тых, хто недастаткова самастойны. У такім лагеры падабаецца тым дзецям, якія не любяць мяняць сваё асяроддзе і больш камфортна адчуваюць сябе ў знаёмым калектыве: побач школьныя педагогі і ў атрадах шмат знаёмых. Знаходжанне ў падобным лагеры становіцца камфортным і прыемным. Гэта асабліва спрыяльна для тых дзяцей, якія цяжка адаптуюцца ў новым асяроддзі.

Для ўмацавання здароўя штодня ў лагеры праводзілася ранішняя зарадка на свежым паветры, праходзілі розныя спартыўныя спаборніцтвы і гульні. Дзеці праявілі сябе не толькі ў спорце, але і ў творчасці: малявалі, спявалі, танцавалі.

Выхавальнікі праводзілі гутаркі, накіраваныя на псіхалагічную падтрымку дзіцяці, гульні на згуртаванне і праяву індывідуальных якасцяў.

Кожны дзень змены меў сваю тэматыку і накіраванасць, напрыклад, дзень добрага настрою, дзень казак і дружбы, дзень цудаў і г. д. Дзеці прымалі ўдзел у тэатралізаваных пастаноўках, гульнявых спаборніцтвах, творчых конкурсах, наведвалі тэматычныя гурткі і секцыі. На працягу змены арганізоўвалася наведванне музея, кінатэатра, цырка, парка атракцыёнаў, а таксама экскурсіі ў гістарычныя месцы.

Для кожнага дзіцяці лагер адкрыўся са свайго боку: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе творчыя здольнасці, а хтосьці проста адпачываў у сваё задавальненне. Сведчанне гэтаму — станоўчыя водгукі дзяцей і іх бацькоў.

Аздараўленчы лагер “Крынічка” з кругласутачным знаходжаннем можна лічыць удалым эксперыментам у галіне летняга аздараўлення і адпачынку дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў лагеры, запомняцца нашым выхаванцам надоўга.

Таццяна АЎСЯННІКАВА,
намеснік дырэктара Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай
школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.