Удасканальваецца заканадаўства аб абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, накіраваны на комплекснае прававое рэгуляванне адносін, звязаных з абаронай дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.

Як растлумачыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, папраўкі ў некаторыя законы носяць міжгаліновы характар і прызначаны для комплекснага прававога рэгулявання адносін, звязаных з абаронай дзяцей ад шкоднай інфармацыі.
Дакумент прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у некалькі законаў Беларусі, сярод якіх “Аб правах дзіцяці”. Што тычыцца гэтага закона, папраўкі замацоўваюць права дзіцяці на абарону ад інфармацыі, якая наносіць шкоду яго здароўю і развіццю. Акрамя таго, вызначаюцца звесткі, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе, фізічнае і маральнае развіццё дзіцяці. Прапісаны ўмовы і парадак паведамлення аб змесце інфармацыйнай прадукцыі, магчымасці нанясення ёю шкоды здароўю і развіццю дзіцяці шляхам прысваення інфармацыйнай прадукцыі адпаведнага знака ўзроставай катэгорыі. У гэтым выпадку, паводле слоў Міхаіла Жураўкова, маюцца на ўвазе ўзроставыя катэгорыі “0+” (што азначае без абмежаванняў), “6+” (для асоб, якія дасягнулі шасці гадоў), а таксама катэгорыі “12+”, “16+” і “18+”. “Папраўкі замацоўваюць абавязак юрыдычных асоб, ІП, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці і (або) распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, прысвойваць такой прадукцыі знак узроставай катэгорыі”, — праінфармаваў міністр.
Акрамя таго, ускладаецца абавязак прымяняць праграмна-апаратныя сродкі фільтрацыі, якія даюць магчымасць не дапусціць распаўсюджвання сярод дзяцей шкоднай інфармацыі, адміністрацыйныя і арганізацыйныя меры адносна камп’ютарных клубаў, інтэрнэт-кафэ, іншых месцаў, у якіх забяспечваецца калектыўны доступ карыстальнікаў да інтэрнэту, у тым ліку ўстаноў адукацыі.
“Для каардынацыі дзейнасці для абароны ад такой інфармацыі праектам закона прадугледжваецца стварэнне пры ўрадзе грамадска-кансультатыўнага савета па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю”, — расказаў Міхаіл Жураўкоў.
Яшчэ адзін закон, у які ўносяцца карэкціроўкі, — “Аб рэкламе”. У прыватнасці, прапануецца замацаваць патрабаванні аб пазначэнні ў рэкламе культурна-відовішчнага мерапрыемства ўзроставай катэгорыі, на якую разлічана мерапрыемства.
Папраўкі, якія ўносяцца ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, замацоўваюць патрабаванне аб абавязковасці распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі СМІ з прысвоеным знакам узроставай катэгорыі. “Абавязак па прысваенні знака ўзроставай катэгорыі ўскладаецца на рэдакцыю сродку масавай інфармацыі”, — растлумачыў міністр. Вызначаны віды інфармацыйнай прадукцыі СМІ, распаўсюджванне якіх дапускаецца без прысваення знака ўзроставай катэгорыі.
Першыя і апошнія палосы газет і вокладка часопіса або іншага друкаванага сродку масавай інфармацыі не павінны змяшчаць інфармацыю, якая адносіцца да ўзроставай катэгорыі “18+”.
Адносна прадукцыі СМІ, якая распаўсюджваецца з дапамогай тэлерадыёвяшчання, замацоўваюцца патрабаванні аб выкананні так званых часавых рамак. Гэта значыць, што замацоўваюцца абмежаванні перыяду сутак, на працягу якога дапускаецца распаўсюджванне інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю дзіцяці, растлумачыў Міхаіл Жураўкоў.
Унесці карэкціроўкі прапануецца ў законы аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, а таксама аб выдавецкай справе.
Пры гэтым, паводле слоў міністра адукацыі, патрабуецца прыняцце акта ўрада, які ўстанаўлівае парадак і крытэрыі прысваення знака ўзроставай катэгорыі. Напрыклад, у такім нарматыўна-прававым акце прадугледжваецца раскрыць змест узроставых катэгорый і парадак аднясення інфармацыйнай прадукцыі да пэўнай узроставай катэгорыі.