“Удасканальваць самога сябе азначае спрыяць удасканальванню свету цэлага”

Краязнаўства нібыта дыямент з мноствам колераў і граней. Яно дазваляе вывучаць гісторыю, геаграфію, прыроду, этнаграфію, археалогію, культуру, тапаніміку, геральдыку роднага краю. Найбольш рамантычнае, узнёслае — літаратурнае краязнаўства, адпаведна і колеры ў яго больш светлыя, лёгкія, нібыта вершаваныя радкі. Каля 40 гадоў літаратурным напрамкам вывучэння малой радзімы займаецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна Галіна Васільеўна СКАРЫНА.

Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты… Каб зразумець характар, захапленні, унутраны свет Галіны Васільеўны, варта азнаёміцца з творчасцю яе сяброўкі Ніны Язэпаўны Мацяш. “Паэзія Ніны Мацяш уражвае, здзіўляе, прыцягвае чытача непаўторнай атмасферай шчырай і даверлівай размовы, старадаўнім духам людской сябрыны, пачуццём любові, таварыскасці…” — з гэтых слоў кандыдата філалагічных навук Гена­дзя Мікалаевіча Праневіча пачынаецца характарыстыка творчасці паэтэсы ў зборніку яе твораў, выдадзеных у серыі “Беларускі кніга­збор”. Дарэчы, сярод укладальнікаў зборніка і Галіна Васільеўна. А цяпер крыху падкарэкціруем словы Генадзя Праневіча і замест паэзіі выкарыстаем краязнаўчую дзейнасць, а замест чытача — вучня. “Краязнаўчая дзейнасць Галіны Скарыны ўражвае, здзіўляе, прыцягвае вучня непаўторнай атмасферай шчырай і даверлівай размовы, старадаўнім духам людской сябрыны, пачуццём любові, таварыскасці”, — менавіта так можна сказаць пра шматгадовую працу нашай гераіні па вывучэнні роднага краю, папулярызацыі творчай спадчыны і імя знакамітай паэтэсы.

“Ніна Мацяш — мая сяброўка, і калі яе не стала, то напачатку, канечне, была роспач, а потым узнікла жаданне нешта зрабіць, каб вучні, калегі заўсёды адчувалі яе прысутнасц­ь. А падштурхнуў да гэтай думкі адзін выпадак. Неяк да нас у гімназію прыехалі мінскія школьнікі і вырашылі ўзяць інтэрв’ю ў мясцовых дзяцей, спытаць пра Ніну Мацяш. Яны падышлі да аднаго вучня, другога, а тыя не ведаюць, хто такая Ніна Мацяш. Я падумала, што пройдзе яшчэ некалькі гадоў, гэтыя дзеці вырастуць, вырастуць і іх дзеці — і імя Ніны Мацяш можа быць наогул забыта ў Белаазёр­с­ку. Трэба нешта рабіць. Змясціць у кабінеце беларускай мовы і літаратуры толькі партрэт Ніны — гэтага недастаткова, таму вырашыла збіраць яе кнігі, асабістыя рэчы. Так і ўзнікла ідэя стварыць экспазіцыю, прысвечаную знакамітай зямлячцы. Зала Ніны Мацяш была адкрыта ў 2014 годзе”, — паведаміла Галіна Васільеўна Скарына.

“Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск, // Калі на дахі мякка ноч прысядзе, // Павее казкай ад старых азёр // І пойдуць песні поруч па абса­дзе?.. // Белаазёрск мой, сон мой залаты, // Мая яшчэ не складзеная песня!” Менавіта гэтыя радкі ўпрыгожваюць цэнтральны стэнд музейнай залы, з’яўляюцца своеасаблівым гімнам горада. Па словах Галіны Васільеўны, адна з мэт выхавання падрастаючага пакалення — навучыць любіць сваю радзіму, свой край, свой родны кут. Каб сфарміраваць пачуццё любові, настаўнікам варта знайсці эфектыўныя сродкі ўздзеяння на душы і сэрцы дзяцей.

“Пры рабоце з сучасным мультымедыйным пакаленнем мы аддаём перавагу менавіта інтэрактыўным формам работы. Да Дня роднай мовы праводзім вэб-квест “Белаазёрскімі сцежкамі Ніны Мацяш”. У гульнявой форме падлеткі знаёмяцца з тымі аб’ектамі горада, што былі цесна звязаны з лёсам паэтэсы, і праз гэта паглыбілі веды пра яе жыццёвы і творчы шлях. Гэта і праца над стварэннем відэаролікаў, якія дапамагаюць шырэй пазнаёміцца з паэтычнай спадчынай Ніны Мацяш, буктрэйлераў, што тычацца жыцця і творчасці зямлячкі. Выкарыстоўваем і тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Дзякуючы ім, вучні могуць пачуць верш з вуснаў самога аўта­ра”, — падзялілася Галіна Васільеўна.

Літаратурнае краязнаўства наша гераіня невыпадкова выбрала асноўным напрамкам выхаваўчай работы. Па словах настаўніцы, яно дазваляе не толькі глыбока азнаёміцца з творчасцю канкрэтнага паэта, пісьменніка, але і ўбачыць у ім асобу, яго ўнутраны свет, вывучыць лёс чалавека, які так многа зрабіў для твайго роднага куточка, гэтак жа, як Ніна Мацяш для Белаазёрска. Літаратурнае края­знаўства дапамагае дзецям вызначыцца з жыццёвым ідэалам, бо настаўнікі-края­знаўцы выбіраюць у якасці аб’екта даследавання творцаў з цікавым лёсам. Слова Ніны Мацяш настолькі філасафічнае, што дае магчымасць выбраць жыццёвую дарогу, зрабіць правільны выбар у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Таму яе творчасць трэба вывучаць менавіта з афарыстычнага боку.

Краязнаўчая дзейнасць для навучэнцаў Гімназіі Белаазёрска — гэта ў першую чаргу аналіз твораў Ніны Мацяш, даследаванне яе паэтычнага радка, жыццёвага і творчага шляху. Вынікам такой працы з’яўляецца ў­дзел у штогадовых літаратурных чытаннях “Бабіна лета ў Белаазёрску” (паводле аднайменнай назвы вянка санетаў), а таксама напісанне даследчых работ, дзве з якіх на рэспубліканскім этапе конкурсу работ даследчага характару былі адзначаны дыпломамі І ступені. Адна з даследчых работ, “Афарызмы ў паэтычнай спадчыне Ніны Мацяш”, захоўваецца ў музейнай зале. “Душа ў пакой аддалечы лунае, куды зямное смецце не сягне”. Пасля знаёмства з гэтым выслоўем зборнік афарызмаў Ніны Мацяш, сабраны белаазёрскімі вучнямі пад кіраўніцтвам Галіны Васільеўны, хочацца прачытаць, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі.

“Сваім вучням асабліва часта паўтараю вось гэтыя словы: “Удасканальваць самога сябе азначае спрыяць удасканальванню свету цэлага”. Дзеці ж яны такія максімалісты, ад іх часта пачуеш: “Ой, усё не гэтак, усё не так”. А як павінна быць “так”? Адказ на гэтае пытанне якраз і дае творчасць Ніны Мацяш. “Гасподзь схіляецца да ўсіх, ды ніцых духам ён не чуе”. Або вось: “Не ўсякая ж птушка ўмее сяліцца і жыць высока, трымацца скалы любові ў цёмных вірах стыхіяў”. У паэзіі Ніны Мацяш яшчэ многа вершаў-прысвячэнняў. Мы даследавалі яе паэзію і з гэтага боку, напісалі даследчую работу, за якую таксама атрымалі прызавыя месцы на рэспубліцы”, — паведаміла настаўніца.

Калі ёсць прысвячэнне, то павінна быць і пажаданне. Словы-пажаданні Ніны Мацяш — цудоўная дапамога для тых, хто хоча арыгінальна падпісаць паштоўкі сваім родным і сябрам або адправіць арыгінальнае паведамленне ў месенджары. Словы-пажаданні былі прааналізаваны выхаванцамі Галіны Васільеўны і ўвайшлі ў альбом “Паэтычныя і мастацкія дыяменты Ніны Мацяш”. “Хай ваша жыццё будзе Госпадам тут блаславёна!”, “Дай Бог вам долі зычлівае: ходзячы сцежкамі дольнымі, быць і нябёсна шчасліваю!”, “Няхай абыходзяць бокам жалі твой дом сардэчны!”, “Жадаем шчасця, невычэрпных сіл, хай плён задуму кожную вянчае!”, “Хай вас абмінае звада, здрада, толькі згодай варта даражыць. Хай часцей да вас прыходзіць радасць, хай любоў вам памагае жыць. Каб усё, што зло, — навек звялося. Каб усё, што хараство, — збылося!” — атрымаць такія словы-пажаданні будзе прыемна кожнаму чалавеку. Дарэчы, падчас экс­курсіі наведвальнікам залы прапануецца паўдзель­нічаць у міні-гульні і выцягнуць закладку для кніг з адным з адзначаных вышэй пажаданняў.

Гульні, інтэрактыў актыўна выкарыстоўваюцца падчас экскурсій у музеі гімназіі. Расказваючы пра жыццёвы шлях Ніны Мацяш, юныя экскурсаводы даюць магчымасць наведвальнікам пабачыць і бацьку Ніны Язэпаўны, яе родных падчас прагляду фрагмента дакументальнага фільма. Ёсць магчымасць пачуць словы паэтаў, класікаў літаратуры, пра ўраджэнку Бярозаўскага раёна. Экскурсія абавязкова дапаўняецца цытатамі з твораў паэтэсы. Сама методыка правядзення экскурсіі па літаратурным музеі не адрозніваецца ад методыкі правя­дзення экскурсіі па музеях іншай тэматыкі. Арыгінальнасць знаёмства з лёсам творцы залежыць ад фантазіі настаўніка. Для пры­хільнікаў творчасці Ніны Мацяш наведванне Гімназіі Белаазёрска стане са­праўдным падарункам. Сярод прадстаўленых матэ­рыялаў — ксеракопіі дароўных надпісаў Ніне Мацяш ад яе сяброў. Першы дароўны надпіс — ад Еўдакіі Лось у 1967 го­дзе. Апошні зроблены за тыдзень да смерці паэтэсы ў 2008 годзе.

“Аднойчы Ніна паскардзілася, што ёй не пішацца і тэмы асабліва не знаходзяцца. Тады ёй параілі пісаць не вершы, а партрэты лю­дзей, якія прыходзяць у госці, дапамагаюць у побыце. Вядома, што Ніна многія гады не ха­дзіла, перамяшчалася ў калясцы. Ня­гледзячы на ўсе цяжкасці, на сваю знешнюю кволасць, яна была вельмі моцным па духу чалавекам. “Вітаю вас, мае турботы, клопаты, // Што так аддана над душой стаялі! // Мне вашы крылы несціханым клопатам // Упасці ў безвыходнасць не давалі”, — такое магла напісаць толькі моцная жанчына. Яшчэ адно захапленне Ніны — пёркаграфія. Гэта асаблівая, прыдуманая менавіта ёй тэхніка стварэння карцін пры дапамозе птушынага пер’я. Апошняя работа містычнага характару. Заходжу да яе дадому, а на стале стаіць вось гэтая карціна. І толькі пасля смерці сяброўкі зразумела, што невялікае чорна-белае пяро на светла-фіялетавым фоне — гэта кропка на небасхіле. Ніна нібыта адчувала свой адыход і такім чынам паставіла кропку ў жыцці”, — падзялілася Галіна Васільеўна.

Паглядзіце на фотаздымак. У руках настаўніцы — не кніга, не зборнік вершаў Ніны Мацяш. Гэта тая самая “Кропка” — апошні твор паэтэсы. Літаратурнае краязнаў­ства дазваляе маладому пакаленню не толькі вывучыць лёс паэта, пісьменніка, але і праз знаёмства з яго творчасцю задумацца над вечнымі каштоўнасцямі, выбраць для сябе правільныя арыенціры і некалі, праз многа гадоў, паставіць такую ж яркую, адметную кропку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.