Удасканальваць здабытае, прыўносіць новае

- 10:43Суразмоўца

На Рэспубліканскім педагагічным савеце прэзідэнт краіны станоўча ацаніў дзейнасць нацыянальнай сістэмы адукацыі. Асаблівая ўвага была засяроджана на развіцці дашкольнай адукацыі, якую кіраўнік дзяржавы назваў лепшай у свеце. Не спыняючыся на дасягнутым, сёння дашкольная адукацыя развіваецца па акрэсленых кірунках і з кожным разам, удасканальваючы здабытае, прыўносіць нешта новае. Як гэта адбываецца, нашым чытачам расказвае начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.ДАВІДОВІЧ.

— Альбіна Леанідаўна, што сабой уяўляе сёння сістэма дашкольнай адукацыі?

— У нашай краіне функцыянуюць 3812 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 426,3 тысячы выхаванцаў.

З агульнай колькасці ўстаноў дашкольнай адукацыі дзесяць адносяцца да прыватнай формы ўласнасці. Шэсць з іх размешчаны ў Мінску, тры — у Мінскай вобласці і адна — у Магілёўскай. Гэтая лічба нязменная ўжо на працягу пэўнага перыяду. Невялікая колькасць прыватных дзіцячых ясляў-садоў тлумачыцца высокай запатрабаванасцю дзяржаўных устаноў дашкольнай адукацыі. Як альтэрнатыўная форма найбольш распаўсюджаны так званыя групы кароткачасовага знаходжання. Сёння гэтых груп 4914, якія наведваюць 41 795 дзяцей дашкольнага ўзросту, у тым ліку зусім маленькія дзеці ва ўзросце да года. У лік альтэрнатыўных форм дашкольнай адукацыі таксама ўваходзяць мацярынскія школы, адаптацыйныя, вячэрнія групы, сезонна-гульнявыя пляцоўкі, якія найбольш запатрабаваны ў нашых бацькоў. Таксама сёння адкрываюцца сямейныя дзіцячыя сады, якія камплектуюцца па сямейным прынцыпе. Як правіла, такія сады наведваюць родныя альбо стрыечныя брацікі і сястрычкі. Сямейнымі садамі іх называюць яшчэ таму, што яны размяшчаюцца ў спецыяльна прыстасаваных памяшканнях на першых паверхах жылых дамоў і іншых збудаванняў. Такая форма найбольш запатрабавана ў сельскай мясцовасці. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй стабільна высокі, і ў гэтым годзе складае 75,9% дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту на 100% ахоплены падрыхтоўкай да школы.

— Акрэсліце, калі ласка, прыярытэтныя напрамкі развіцця дашкольнай адукацыі? Якія пазіцыі абазначаны ў Дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка”?

— У падпраграме 1 гэтага дакумента пад назвай “Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі” прадстаўлены крокі, накіраваныя на захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі, удасканаленне яе якасці (гэта прадугледжвае аснашчэнне сродкамі навучання, набыццё камп’ютарнай тэхнікі, закупка праграмных прадуктаў, падрыхтоўка і выпуск вучэбных выданняў, вучэбна-праграмнай і вучэбна-метадычнай дакументацыі і інш.), забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі (ажыццяўленне капітальнага рамонту, укараненне аўтаматызаванай сістэмы па ўліку і кантролі за якасцю харчавання, набыццё абсталявання).

Распрацаваны план мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі ўключае такія меры, як будаўніцтва новых устаноў дашкольнай адукацыі, адкрыццё ўстаноў (груп) на першых паверхах жылых дамоў, груп кароткачасовага знаходжання, арганізацыю падвозу выхаванцаў у дзіцячыя сады і інш. Згодна з планам, за 2015—2020 гады прадугледжана будаўніцтва 79 устаноў дашкольнай адукацыі на 14 700 месцаў, адкрыццё на першых паверхах жылых дамоў 11 УДВ, стварэнне 450 груп кароткачасовага знаходжання, 7 сямейных дзіцячых садкоў, 6 УДВ прыватнай формы ўласнасці. У папярэднія 3 гады (2015—2017 гады) уведзены ў эксплуатацыю 39 устаноў дашкольнай адукацыі на 7171 месца.

У 2018 годзе запланавана пабудаваць 17 дашкольных устаноў на 3110 месцаў.

— Ці адбываецца абнаўленне зместу дашкольнай адукацыі?

— Безумоўна, дашкольная сфера не можа быць кансерватыўнай, існаваць ізалявана ад рэчаіснасці,не рэагаваць на змены, інавацыі і новыя тэхналогіі. Новыя напрамкі павінны быць уключаны ў змест дашкольнай адукацыі. Так, з мэтай прадаставіць максімальныя ўмовы для развіцця здольнасцей дзяцей істотна павялічаны пералік адукацыйных паслуг звыш базавага кампанента, у тым ліку на платнай аснове. Сярод іх такія кірункі, як тэхнічны, турысцка-краязнаўчы, фізкультурна-спартыўны, мастацка-маўленчы, інтэлектуальна-пазнавальны і інш.

— Наколькі актыўна наша сфера дашкольнай адукацыі задзейнічана ў міжнародным супрацоўніцтве?

— Пытанні, якія абмяркоўваюцца на міжнародным узроўні ў дашкольнай адукацыі, актуальныя і для нас. Гэта ўдасканаленне якасці дашкольнай адукацыі, забеспячэнне яе даступнасці для грамадства, сучасныя падыходы ў фінансаванні ўстаноў дашкольнай адукацыі, падрыхтоўка кадраў, распрацоўка эфектыўных методык работы з сем’ямі, фарміраванне адказнага бацькоўства, інклюзіўная адукацыя. На ўзроўні дашкольнай адукацыі Беларусь падпісала шэраг пагадненняў аб узаемадзеянні з многімі краінамі свету. Значнай падзеяй для адукацыйнай галіны стала нядаўняе падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнародным фондам AflatounInternational па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы сацыяльнай і фінансавай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Адукацыйныя праграмы Між-народнага фонду AflatounInternational па сацыяльнай і фінансавай адукацыі, у тым ліку ў раннім дзяцінстве, рэалізуюцца ў 110 краінах свету. У іх прымаюць удзел 3,9 млн дзяцей, 56,3 тысячы педагагічных работнікаў, 27,3 тысячы ўстаноў адукацыі.

Стратэгічнымі мэтамі гэтых праграм з’яўляюцца паляпшэнне сацыяльнага і эмацыянальнага стану дзяцей дашкольнага ўзросту, пашырэнне магчымасцей выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання ў адукацыйным працэсе з дзецьмі дашкольнага ўзросту, актыўнае прыцягненне бацькоў у працэс ранняга развіцця дзяцей, прыцягненне дзяржаўных структур і іншых зацікаўленых асоб для інтэграцыі праграм сацыяльнага і фінансавага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту.

— Як праводзіцца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць?

— Толькі ў мінулым годзе ў дашкольнай адукацыі рэалізоўвалася 5 эксперыментальных праектаў на 48 эксперыментальных пляцоўках, якія былі разгорнуты ў дзіцячых яслях-садах, дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці, спецыяльных дашкольных установах рэгіёнаў нашай краіны і сталіцы. Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць закранае пытанні, якія тычацца апрабацыі тэхналогіі кіравання функцыянальным станам дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі фізічнага выхавання, праграмна-метадычнага -забеспячэння адукацыйнай галіны “Мастацтва” (выяўленчая дзейнасць) вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту, праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” для дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту, аўдыявізуальных комплексаў як сродкаў развіцця маўлення дзяцей з парушэннем слыху на ўзроўнях дашкольнай і I ступені агульнай сярэняй адукацыі. Як бачна, ахопліваюцца самыя розныя кірункі развіцця дашкольнай адукацыі, якія пасля апрабацыі станоўча паўплываюць на змест і ўдасканаленне гэтага ўзроўню адукацыі.

На 147 інавацыйных пляцоўках ажыццяўлялася рэалізацыя 12 інавацыйных праектаў. У ліку іх — укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі, мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа, мадэлі фарміравання інтэлектуальнай самастойнасці дашкольнікаў у гульнявой дзейнасці, мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі, сеткавай мадэлі фарміравання функцыянальнай пісьменнасці ўдзельнікаў адкрытай супольнасці ўстановы адукацыі ў працэсе рэалізацыі сацыяльна значных праектаў, мадэлі дзіцяча-дарослай еднасці як механізма фарміравання новых сацыяльных практык у рэгіянальнай адукацыйнай прасторы, мадэлі сацыяльна-педагагічнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, праз інтэграцыю і ўзаемадзеянне, укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы, мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі. Асноўнай праблемай у гэтым напрамку застаецца тое, што мэтазгоднасць масавага выкарыстання ў практыцы вынікаў інавацыйных праектаў павінна быць спачатку вызначана праз рэалізацыю адпаведных эксперыментальных праектаў на ўзроўні дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

— Як аплачваецца харчаванне ва ўстановах дашкольнай адукацыі? Ці дыферэнцыравана аплата? Хто з бацькоў мае льготы?

— Хачу спачатку звярнуць увагу на тое, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі бацькі аплачваюць толькі харчаванне. Хаця існуе меркаванне, што яны плацяць грошы за ўтрыманне дзіцяці ў дашкольнай установе, за яго навучанне і выхаванне. Але на самай справе ўсе гэтыя пазіцыі фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, а харчаванне — з бюджэту сям’і. Акрамя таго, дзяржава прадастаўляе льготы ў аплаце харчавання для асобнай катэгорыі дзяцей. У лік той катэгорыі дзяцей, якія атрымліваюць харчаванне бясплатна, напрыклад, уваходзяць дзеці-інваліды, хворыя на туберкулёз. На 50% у нас зніжана аплата харчавання для шматдзетных сем’яў, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей да 18 гадоў. Таксама на 50% зніжана аплата за харчаванне ў тых установах дашкольнай адукацыі, якія размешчаны ў раёнах, якія пакутуюць ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На 30% зніжана аплата за харчаванне дзяцей у дзіцячых садах для сем’яў, з якіх установы дашкольнай адукацыі наведваюць двое дзяцей дашкольнага ўзросту.

Памер аплаты за харчаванне залежыць ад віду ўстановы дашкольнай адукацыі. Напрыклад, у санаторным дзіцячым садзе аплата за харчаванне вышэйшая, чым у звычайным. Аплата за харчаванне таксама залежыць ад працягласці работы ўстановы дашкольнай адукацыі, якая вар’іруецца ад 10,5—12 гадзін да 24. Нормы аплаты залежаць таксама ад узросту дзяцей. Адна норма для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, іншая — ад 3—6 гадоў. Напрыклад, у звычайным дзіцячым садзе, які наведвае дзіця ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, месячная аплата за харчаванне ў тым выпадку, калі сям’я не мае льгот, складае 57 рублёў.

— Сёння вядзецца ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у арганізацыю харчавання дашкольнікаў.

— Так, укараненне здароўезберагальных тэхналогій ва ўстановах дашкольнай адукацыі з’яўляецца адным з кірункаў, абазначаных у Дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Мы ўдзяляем вялікую ўвагу забеспячэнню ўстаноў дашкольнай адукацыі камп’ютарнымі праграмамі па арганізацыі харчавання, якія аблягчаюць гэты працэс, робяць яго больш якасным з пункту гледжання магчымасці аналізу выканання натуральных і грашовых норм, складання рацыёну, забяспечваюць своечасовасць карэкціроўкі арганізацыі харчавання і, безумоўна, скарачаюць затрачаны на гэта час. Мы штоквартальна адсочваем, наколькі ІТ укараняюцца ва ўстановы дашкольнай адукацыі. Па апошніх звестках, на 100% забяспечаны камп’ютарнымі праграмамі па арганізацыі харчавання ўстановы дашкольнай адукацыі Мінска і дзіцячыя сады з колькасцю ад 28 выхаванцаў Гомельскай вобласці. У іншых рэгіёнах ва ўкараненні інфармацыйных тэхналогій адчуваюцца пэўныя зрухі, і ўжо многія ўстановы дашкольнай адукацыі набылі камп’ютарныя праграмы, якія пачынаюць укараняць.

— Ці мае асаблівасці аздараўленне дзяцей дашкольнага ўзросту?

— У нас ужо распачалася работа па падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі ў сферы дашкольнай адукацыі. Міністэрства адукацыі зацвердзіла адпаведныя метадычныя рэкамендацыі для арганізацыі і правядзення шэрагу мерапрыемстваў з улікам таго, што большую частку летняга перыяду выхаванцы праводзяць у дзіцячых садах і пакідаюць установу дашкольнай адукацыі не больш чым на месяц, і каб дзецям было цікава праводзіць лета нават ва ўмовах дзіцячага сада. Дзіцячыя сады працуюць у летні перыяд у тым жа рэжыме, як і ў іншыя месяцы. Аздараўленне ўключае ў сябе працэдуры загартоўвання, фізкультурна-аздараўленчыя і выхаваўча-забаўляльныя мерапрыемствы. Згодна з нарматыўнымі прававымі актамі, у летні перыяд нормы харчавання павялічваюцца на 10%, каб дзеці летам атрымалі як мага больш сокаў, фруктаў і такім чынам назапасілі вітамінаў на цэлы год.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.