Удзел Беларусі ў выстаўцы “ЭКСПА-2015” у Мілане дасць добры эканамічны эфект. Такое меркаванне выказаў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час Нацыянальнага дня Беларусі на “ЭКСПА-2015”.
“Мы агучым эканамічны эфект ад “ЭКСПА”, калі будзем падводзіць вынікі ўдзелу ў выстаўцы. Павільён Беларусі кожны тыдзень наведваюць да 50 тысяч чалавек — нехта ўпершыню знаёміцца з нашай краінай, а нехта адкрывае для сябе Беларусь з новага боку. Людзі бачаць наш вытворчы, турыстычны і культурны патэнцыял, яны бачаць, што наша краіна ў цэнтры Еўропы вельмі прывабная, у тым ліку і для бізнесу. Гэта дарагога каштуе”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Павільён на “ЭКСПА” — добрая іміджавая пляцоўка, лічыць кіраўнік беларускага ўрада. Паводле яго слоў, сёння Беларусь у свеце ведаюць як надзейнага пастаўшчыка якаснай сельгаспрадукцыі. Прэм’ер-міністр падкрэсліў той факт, што наша краіна ўдзяляе асаблівую ўвагу пытанням экалогіі прыродакарыстання і апрацоўкі зямель.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што лічыць павільён Беларусі дастаткова крэатыўным. “Наш павільён прыцягвае ўвагу ўсіх, хто наведвае гэтую выстаўку. Прайсці міма, я думаю, немагчыма. Відаць, што краіна прадстаўлена годна і нам ёсць, што паказаць”, — сказаў ён.
“У свой час мне ўдалося паглядзець “ЭКСПА” ў Гановеры, дзе Беларусь таксама была прадстаўлена. З кожнай новай выстаўкай прэзентацыя краіны становіцца ўсё лепшай, бачны прагрэс. Выстаўка мне спадабалася, усё зроблена на годным узроўні — як з пункту гледжання візуальнага выканання, так і з пункту гледжання зместу. Кола жыцця ў беларускім павільёне, якое дэманструе вечны рух часу, — гэта вельмі добра. Мяркую, няма ніводнага наведвальніка выстаўкі, які не звярнуў бы на яго ўвагу. Тыя, хто займаўся падрыхтоўкай нашага павільёна, папалі, што называецца, у трэнд”, — дадаў прэм’ер-міністр.
Візіт беларускай урадавай дэлегацыі ў Італію праходзіў 9—10 верасня. У першы дзень візіту Андрэй Кабякоў прыняў удзел у мерапрыемствах Нацыянальнага дня Беларусі на “ЭКСПА-2015” і панэльнай дыскусіі “Беларусь: еўрапейскі партнёр — еўразійскі рынак”. Беларуская дэлегацыя таксама наведала другі па значнасці рэгіён Італіі — П’емонт.
“ЭКСПА”, або Сусветная выстаўка, — маштабнае міжнароднае мерапрыемства, дзе кожная краіна-ўдзельніца знаёміць наведвальнікаў са сваёй эканомікай, навукай, ладам жыцця, традыцыямі, культурай, турыстычнымі магчымасцямі, дасягненнямі. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе, з таго часу стала рэгулярна праводзіцца ў розных краінах свету.