Удзел у рэканструкцыі гістарычнай падзеі як сродак патрыятычнага выхавання. Вопыт Цяхцінскай школы

- 17:07Образование

Выдатным сродкам патрыятычнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца іх удзел у рэканструкцыі той ці іншай гістарычнай падзеі, звязанай з малой радзімай. Падзялюся вопытам нашай школы.

Яна знаходзіцца недалёка ад месца, адкуль у 1941 годзе пачынаў баявы шлях 121-ы партызанскі полк.

Дзесяць гадоў назад у вучняў і педагогаў узнікла ідэя ўшана­ваць памяць Героя Савецкага Саюза Асмана Мусаевіча Касаева, які быў камандзірам партызанскага палка. Полк базіраваўся недалёка ад таго месца (4 кіламетры), дзе цяпер стаіць будынак школы, а імя Героя з гонарам но­сіць піянерская дружына.

Так, калектыў Цяхцінскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна прыняў рашэнне аднавіць партызанскія зямлянкі. У Асмолаўскім лесе закіпела работа: капалі паглыбленні, будавалі зрубы, а над імі рабілі накаты і маскіравалі іх сухім галлём, папаратнікам. Працавалі, як сапраўдныя партызаны. Потым ля тых зямлянак змайстравалі невялікі помнік і зрабілі надпіс: “У гэтых лясах у жніўні 1941 года быў створаны адзін з першых на Магілёўшчыне партызанскі атрад, які потым перарос у 121-ы партызанскі полк”.

Час ішоў, адны вучні вырасталі, заканчвалі школу. На іх месца прыходзілі другія — маленькія патрыёты са шчырым сэр­цам, удзячныя мінулым пакаленням за магчымасць жыць пад мірным небам.

Каля зямлянак з’явілася кастрышча, драўляныя лаўкі. Безу­моўна, партызанскі лагер, як называюць гэтае месца вучні, трэба ўтрымліваць у парадку. Таму кожны год на восеньскіх канікулах старшакласнікі ра­зам з настаўнікамі займаюцца рамонтнымі (і не толькі) работамі. Напрыклад, па ініцыятыве дзевяцікласнікаў у гэтым годзе партызанскі лагер дапоўніўся трэніровачнай базай. Тут можна, кідаючы шышкі, патрэніраваць сябе ў трапнасці або, пераскокваючы з аднаго дубовага пянёчка на другі, праверыць вынослівасць і спрыт. Ёсць яшчэ задумы аб баявым лістку, навесе над кастрышчам і інш.

У адноўленым партызанскім лагеры часта бываюць госці з іншых школ раёна і вобласці. Для гасцей мы ладзім невялікі спекталь-рэканструкцыю жыцця партызанскага палка.

З цікавымі экскурсіямі, ваеннымі песнямі, партызанскімі выпрабаваннямі. А яшчэ частуем гасцей кашай і чаем, згатаванымі на вогнішчы.

Усё гэта не толькі дазваляе цяхцінскім вучням і гасцям нашай школы вывучаць гісторыю роднага краю, але і дае магчымасць дакрануцца да мінулага, заклікае ўсіх зай­мацца пошукавай справай.

 Ірына ТРАЦЦЯКОВА,
настаўніца пачатковых класаў
Цяхцінскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна
Фота аўтара