Удзельнікі «Дэпутацкага клуба» выказалі меркаванні наконт адзінай формы дзелавога стылю для настаўнікаў

- 13:41Актуально, Новости

Як праходзіць у краіне падрыхтоўка да новага навучальнага года, ці патрэбна ўстановам адукацыі адзіная школьная форма, як арганізаваць якаснае харчаванне навучэнцаў, чаму школы адчуваюць патрэбу ў матываваных настаўніках — гэтыя і многія іншыя пытанні абмеркавалі дэпутаты ў агенцтве “Мінск-Навіны”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Даволі моцны і правільны пасыл кіраўніка дзяржавы прагучаў пры абмеркаванні пытанняў сістэмы адукацыі. Сапраўды, сёння грамадства патрабуе пэўных падыходаў. Мы выдатна разумеем, што сістэма адукацыі — гэта адзін з кірункаў, які актыўна фінансуецца горадам. Але ў той жа час мы бачым тыя праблемныя моманты, якія існуюць, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення партыі “Белая Русь” Андрэй Бугроў.

Паводле яго слоў, улада чуе і робіць усё магчымае для таго, каб задаволіць тыя патрэбы, якія існуюць: сустракаецца з працоўнымі калектывамі, размаўляе і абмяркоўвае пытанні з бацькамі.

— Самае дарагое, што ў нас ёсць, —  нашы дзеці, — падкрэсліў А. Бугроў. — Іх узровень падрыхтоўкі і адукацыі — гэта будучыня нашай краіны. Таму новыя падыходы да навучання, да выхавання сапраўдных патрыётаў павінны быць прыярытэтнай мэтай нашага грамадства і дзяржавы.

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар Валерый Бельскі адзначыў, што самае галоўнае — якія веды і навыкі атрымліваюць дзеці і падлеткі ў нашых установах адукацыі.

— Заўсёды наша дзяржава, зыходзячы з магчымасцей, што з’яўляюцца, робіць пэўныя крокі, якія накіраваны на выкананне задач адукацыі, — гэта атрымаць веды, сацыялізавацца і набыць тыя навыкі, якія дапамагаюць арыентавацца ў жыцці. У першую чаргу, вядома, вучыць любіць сваю Радзіму, сваю Айчыну, быць сапраўднымі патрыётамі, бо школа і дзіцячы сад — тыя месцы, дзе прывіваюцца такія навыкі, — падкрэсліў В. Бельскі.

Адна з актуальных тэм напярэдадні навучальнага года — новыя падыходы да знешняга выгляду школьніка. Сёлета, як вядома, уводзіцца другі элемент школьнай формы. Дэпутаты падкрэслілі, што гандлёвыя кропкі дазваляюць падабраць школьны ансамбль па гусце дзіцяці і яго бацькоў і ў межах бюджэту сям’і.

Што тычыцца стылю адзення, то ў некаторых школах краіны ўжо пачалі рэкамендаваць насіць касцюмы пэўнай колеравай гамы ці мець колеравы элемент, выбраны ўстановай адукацыі. Як расказала дэпутат Мінгарсавета дырэктар гімназіі № 61 Мінска Ірына Леўкавец, з 2017 года ва ўстанове ўведзены адзіныя элементы, а затым і школьная форма ў адзіным дзелавым стылі. Бацькі і дзеці выбралі жакеты і камізэлькі з доўгім рукавом цёмна-сіняга колеру з палоскай. Пачатковую школу сарыентавалі на клетку.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці дырэктар сярэдняй школы № 14 Маладзечна Каліна Капуцкая падзялілася сваім бачаннем, як вырашыць пытанне ўвядзення дзелавога адзення адзінага стылю для школьнікаў.

— Па сваіх паўнамоцтвах я часта бываю ў розных установах адукацыі, размаўляю з кіраўнікамі і бачу агульны пасыл — неабходна забяспечыць у школах адзіны дзелавы стыль. Гэта адзін з крытэрыяў для павышэння якасці адукацыі, — лічыць дэпутат.

Каліна Капуцкая паведаміла, што ўстанова адукацыі, якой яна кіруе, у праекце “Школа будучыні” ўдзельнічае з 2015 года. Тут вучыцца каля 1,7 тысячы дзяцей, з іх 700 — у пачатковай школе. Пачыналі ўводзіць абавязковую школьную форму менавіта з малодшых школьнікаў. Аддалі перавагу адзенню сіняга колеру і скамбінавалі яго з барвовай клеткай. Дзяўчынкі носяць у асноўным спадніцы ці камбінаваныя сарафаны, хлопчыкі — кардыганы і штаны, а таксама гальштук з эмблемай школы.

— Знешнім выглядам навучэнцаў я задаволена. І наогул выступаю за ўвядзенне школьнай формы, аднолькавай для ўсёй краіны, — падкрэсліла К. Капуцкая. — На мой погляд, трэба вызначыць некалькі базавых камплектаў, з якіх бацькі змогуць выбраць. Трэба стварыць адзіны школьны вобраз, абапіраючыся на меркаванні і перавагі бацькоў, і рэгламентаваць колеравую гаму. Спадніца, штаны, камізэлька, блуза, кардыганы, пінжак, кашуля — вось асноўныя элементы школьнай формы, якія ў большасці сваёй выбіраюць бацькі, — падсумавала Каліна Капуцкая.

Дэпутаты паразважалі і наконт увядзення адзінай формы дзелавога стылю для настаўнікаў.

— Знешні выгляд настаўніка выхоўвае пачуццё прыгажосці ў дзяцей, матывуе да вучобы, накіроўвае ў дзелавое рэчышча ўвесь адукацыйны працэс, — лічыць К. Капуцкая. — У сябе ва ўстанове мы рэкамендавалі педагогам дзелавы касцюм сіняга колеру.

На сустрэчы эксперты закранулі тэмы бяспекі ва ўстановах адукацыі, якасці вучэбных выданняў, а таксама пытанні падрыхтоўкі матываваных педагогаў са школьнай лаўкі і дзейнасці педагагічных класаў і груп.

У цэнтры ўвагі была і тэма адукацыі саміх настаўнікаў. Жыццё ідзе наперад, з’яўляюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі і назапашваецца адпаведны педагагічны вопыт, які трэба выявіць, абагульніць і рэтрансліраваць. Больш за 100 тысяч педагогаў краіны праходзяць павышэнне кваліфікацыі ў васьмі ўстановах адукацыі для дарослых. У трэндзе — пытанні інклюзіўнай адукацыі, работа з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— У сярэднім за год у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі прыязджае каля 9 тысяч слухачоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Таксама штогод каля 13 тысяч чалавек вучыцца і ў міжкурсавым перыядзе, калі мы праводзім семінары і трэнінгі. У цэлым у нас штогод вучыцца больш за 20 тысяч спецыялістаў, — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Алег Дзьячэнка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара