Удзяліць увагу кожнаму вучню

31 кастрычніка на базе гімназіі № 1 Навагрудка прайшоў чарговы моўны практыкум для настаўнікаў англійскай мовы Навагрудскага раёна. Тэма — “Total Participation Techniques” — адна з найбольш актуальных у сучасным выкладанні замежных моў.

У гэтым навучальным годзе змянілася дзяленне класа на групы па прадмеце “Замежная мова”. Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі № 10 ад 3 сакавіка 2018 года, мінімальная колькасць навучэнцаў у групе — 9. У сувязі з гэтым многія настаўнікі занепакоеныя, што павелічэнне падгруп негатыўна адаб’ецца на засваенні прадмета, і прызнаюцца, што рэгулярна сутыкаюцца з цяжкасцямі пры рабоце ў вялікіх падгрупах. Пытанне методыкі выкладання замежнай мовы ў вялікіх групах у літаратуры практычна не прадстаўлена, і часта настаўніку самому даводзіцца шукаць шляхі выхаду з сітуацыі.

Падчас семінара настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 І.Г.Лазоўская прадэманстравала асноўныя метады работы з вялікай аўдыторыяй і прапанавала кожнаму з прысутных на практыкуме апрабаваць іх на сабе.

Настаўнікі задумаліся аб суадносінах часу ўрока, выдаткаванага на прамову настаўніка, і непасрэдна часу, пакінутага на адпрацоўку вуснага маўлення класа. Многія калегі прызнаюцца, што даволі часта дамінуюць на занятках, пакідаючы невялікую колькасць часу для навучэнцаў. З улікам павелічэння падгруп атрымліваецца, што і без таго невялікі час, адведзены навучэнцам на занятках, траціцца марна. Разумеючы, што так быць не павінна, прапанавалі варыянты, як павялічыць час на ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў навучэнцаў.

Разважалі, як зрабіць урок прадуктыўным, пры гэтым удзяляючы кожнаму вучню максімальную колькасць увагі і прадастаўляючы кожнаму магчымасць выказацца дастатковую колькасць разоў, працуючы з настаўнікам у пастаянным інтэрактыўным рэжыме.

З павелічэннем напаўняльнасці груп досыць складаным становіцца ажыццяўленне кантролю на заняткях. Вырашыць гэтую праблему дапамагаюць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, якія дазваляюць правесці апытанне вялікай колькасці навучэнцаў усяго за некалькі хвілін. Адпаведна, больш часу застаецца на замацаванне і адпрацоўку вывучанага матэрыялу.

У далейшых планах супольнасці настаўнікаў замежнай мовы раёна —выкарыстанне тэхналогій крытычнага мыслення і медыядасведчанасці. Пра гэта будзе весціся гаворка на адным з наступных практыкумаў.

І.Г.ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Навагрудка.