Уецца стружкавая стужка

Да 45-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills-2019, які сёлета пройдзе ў Казані, застаецца больш чым паўгода, і ва ўстановах прафесійнай адукацыі нашай краіны актыўна праходзяць стажыроўкі ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай.

Днямі ў філіяле БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” сустрэліся ўдзельнікі, пераможцы і прызёры III Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus, якія спаборнічалі ў кампетэнцыях, звязаных з дрэваапрацоўкай.

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж прымае актыўны ўдзел у руху WorldSkills, і яго навучэнцы заўсёды выдатна выступаюць на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях. У час стажыроўкі па прафесійнай кампетэнцыі “Сталярная справа” гэты каледж прадстаўляў Артур Каралькоў, які на III Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus заваяваў залаты медаль. Хлопец зноў сустрэўся з Андрэем Васюковічам, які выступаў на чэмпіянаце за Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж і заняў 2-е месца.

У кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі” таксама сустрэліся даўнія сапернікі: Юрый Находзька, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва, які выйграў на чэмпіянаце “золата” ў гэтай кампетэнцыі, сярэбраны прызёр чэмпіянату Яўген Чэрнік з Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Арцём Грыгарук з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Дарэчы, выхаванец Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вадзім Стрыжонак па гэтай кампетэнцыі заваяваў на мінулым чэмпіянаце бронзавы медаль.

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж мае адну з лепшых вучэбна-матэрыяльных баз па дрэваапрацоўцы. Яго вучэбныя майстэрні аснашчаны сучасным абсталяваннем, ёсць высокатэхналагічныя дрэваапрацоўчыя станкі, якія дазваляюць выконваць самыя складаныя аперацыі. Дырэктар каледжа Валянціна Уладзіміраўна Юпатава і ўвесь педагагічны калектыў паклапаціліся пра тое, каб удзельнікам стажыроўкі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы для практычнага навучання. С.В.Дзенісенка, майстар вытворчага навучання, эксперт, прадстаўляў у гэтай стажыроўцы віцебскі каледж. Таксама на стажыроўцы побач з навучэнцамі прысутнічалі эксперты Д.В.Расцюшэўскі, Д.Р.Левановіч, Я.В.Грыгарук, І.І.Лясько. Пад іх кіраўніцтвам канкурсанты азнаёміліся з абсталяваннем, адпрацавалі прыёмы дрэваапрацоўкі і выканалі кантрольныя заданні. Ацэньванне работ праводзілася экспертамі з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы падвядзення вынікаў (СIS). Згодна з тым, наколькі кожны з удзельнікаў стажыроўкі справіўся з заданнямі, былі вызначаны этапы далейшай іх падрыхтоўкі да наступнага міжнароднага чэмпіянату.