Уга, мы памятаем пра цябе і любім…

- 10:24Культура

28 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася прэзентацыя кнігі “Уга Чавес. Біяграфія ў форме казкі”.

Такіх лідараў, як Уга Чавес і Фідэль Кастра, сёння знойдзеш няшмат. Ёсць шмат добрых і пухнатых, злых і калючых, але такіх, якія б зрабілі выклік найвышэйшаму лялькаводу і перайначылі жыццё ў сваёй краіне насуперак яму… Такіх сапраўды вельмі мала. І вельмі шкада, што 5 сакавіка 2013 года яго не стала. Але мы памятаем. З нагоды пятай гадавіны са смерці незабыўнага венесуэльскага лідара і была зладжана ўрачыстасць.

Калі чытаў кнігу “Уга Чавес. Біяграфія ў форме казкі” венесуэльскіх аўтараў Арманда Карыяса (тэкст) і Балбі Каньяса (ілюстрацыі), уразіўся некалькімі момантамі.

Першы. Уга хацеў стаць вялікім бейсбалістам. Ужо да 12 гадоў па-майстэрску валодаў трыбілінам, страйк-аўтамі, кёрвамі (“парасячымі хвосцікамі” ) і ўсімі іншымі нюансамі бейсбола. Венесуэла знаходзіцца недалёка ад Амерыкі, дзе гэты від спорту — адзін з галоўных нацыянальных. Таму і не дзіўна, што венесуэльскія хлопчыкі трызняць бейсболам. Але заняткі вайсковай справай у Ваеннай акадэміі ўсё ж пераважылі і адсунулі бейсбол на другі план.

Другі. Адданасць Уга справе Сімона Балівара, дый яму самому. У свой час ён ад вокладкі да вокладкі вывучыў увесь жыццёвы шлях свайго легендарнага папярэдніка: усе бітвы з яго ўдзелам, усе перамогі і паражэнні, нават амурныя справы. Усё гэта ведаў на памяць і любіў бясконца расказваць сваім аднакурснікам.

Трэці. У венесуэльскіх рэвалюцыйных пераўтварэннях у 1994 годзе немалую ролю адыграла маленькая дзяўчынка, якая сядзела на плячах свайго таты, калі Уга выходзіў з турмы “Ярэ”. Яна ўбачыла Уга, пракрычала праз увесь натоўп: “Чавес, я цябе люблю!”, пацалавала кветку і кінула яму. Уга злавіў яе і прыціснуў да сэрца. І таксама пракрычаў праз увесь натоўп: “Я таксама люблю цябе, мая дзяўчынка! Я таксама цябе люблю!”

Чацвёрты. Уга быў вернікам. Вельмі адданым каталіцкім вернікам. Развітваючыся назаўсёды са сваім народам у 2012 годзе, ён цалаваў крыж і спяваў: “Радзіма, Радзіма, маё жыццё належыць табе, мая душа належыць табе, мая любоў належыць табе…” А потым над ім маліліся яго родныя: “Божа, пашлі мяне ў той самы дарагі сэрцу дом, дзе дах з пальмавага лісця, земляная падлога, гліняныя сцены, драўляны ложак “катрэ” з матрасам з саломы і паралону, вялікі пладовы сад. Да бабулі, мамы, таты і братоў, якія так любяць мяне. У невялікую вёсачку на беразе ракі”.

Падчас прэзентацыі кнігі “Уга Чавес. Біяграфія ў форме казкі” ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Хасэ Багіяна Перычы сказаў цёплыя словы ўдзячнасці нашай краіне, якую вельмі любіў Уга Чавес і які асабіста сябраваў з нашым прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Уга наведваў Беларусь пяць разоў! І гэта праз тысячы кіламетраў!

У Беларусі сёння шчыра шануюць Уга: у 2014 годзе яго імя прысвоілі аднаму з мінскіх паркаў, у 2015 годзе на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта быў адкрыты Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў, у “іспанамоўнай” мінскай школе № 139 адкрыта пастаянная экспазіцыя, прысвечаная Уга Чавесу, усталяваны яго бюст.

Спадар Багіяна Перычы ўручыў дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільеўне Васільчанка дыплом з падзякай за спрыянне і падтрымку ў рэалізацыі гэтага кніжнага праекта. Пасол таксама падзякаваў дырэктару мінскай 139-й школы Юліі Уладзіміраўне Цалагуз за тое, што ва ўстанове асабліва актыўна знаёмяць беларускую моладзь з Венесуэлай.

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Валянцінавіч Тамільчык адзначыў: “Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла — адзін з прыярытэтных кірункаў знешняй палітычнай дзейнасці нашай дзяржавы. І важным складнікам у гэтым двухбаковым узаемадзеянні з’яўляецца наша супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Грамадства, дзяржава могуць развівацца толькі тады, калі ведаюць і шануюць сваю гісторыю і культуру. Сённяшняе мерапрыемства — гэта сведчанне актыўнага культурнага дыялогу, які садзейнічае моўнаму, інтэлектуальнаму і культурнаму збліжэнню нашых краін. Асаблівае месца ў жыцці Уга Чавеса займала менавіта літаратура: кнігі па гісторыі, філасофіі і, канечне ж, паэзія. Я спадзяюся, што кніга “Уга Чавес. Біяграфія ў форме казкі” дапаможа цікаўным чытачам лепш зразумець напоўненае несупыннай энергіяй жыццё выдатнага палітычнага дзеяча, чалавека, аратара і паэта Венесуэлы Уга Чавеса”.

Пасля ўрачыстых прамоў на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся цудоўны канцэрт з удзелам беларускіх навучэнцаў. Адметна, што харэаграфічны ансамбль НЦМТДіМ “Смайлікі” выканаў нават нацыянальны венесуэльскі танец!

Пасля канцэрта я сустрэўся з двума хлопцамі — Арцёмам Матусевічам са 139-й школы і Мікалаем Нікішыным са 150-й школы (вы іх бачыце на фота). Толькі што яны выступалі на сцэне — у ролях Сімона Балівара і Уга Чавеса. Я задаў ім вельмі простае пытанне: “А вам сапраўды дарагі Уга Чавес?”

І пачуў ад гэтых шаснаццацігадовых падлеткаў вельмі дарагія словы: “Разумееце, нам сёння не хапае герояў. Канечне, мы можам арыентавацца на каго заўгодна. Але нам хочацца быць падобнымі на мужных і духоўных людзей. Такімі былі якраз Сімон Балівар і Уга Чавес. Таму нам сёння прыемна апрануць іх вопраткі і пабыць хоць на пару хвілін імі”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.