Уганаравалі лепшых

Дзясяты раз у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі прайшоў Дзень гонару ўстановы, на якім былі ўшанаваны выдатнікі вучобы, пераможцы і прызёры прафесійных і творчых конкурсаў, лідары і актывісты. Сёлетняе святочнае мерапрыемства атрымалася асабліва ўрачыстым. Яго ганаровымі гасцямі сталі міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі К.К.Шульган, дырэктары Брэсцкіх філіялаў РУП “Белпошта” і “Белтэлекам” В.М.Пух і А.М.Кенда, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Дырэктар каледжа М.М.Куіш правёў для гасцей экскурсію па ўстанове, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне вылічальных машын, сістэм і сетак, дакументазнаўства і дакументацыйнага забеспячэння кіравання, мантажу і эксплуатацыі электраабсталявання, паштовай сувязі, страхавой справы і тэлекамунікацыйных сетак. Выпускнікі каледжа запатрабаваны на рынку працы.

Ва ўстанове шмат адметных традыцый. Адна з іх нара­дзілася 10 гадоў назад. Штогод ва ўрачыстай атмасферы ў кнігу гонару заносяцца імёны лепшых навучэнцаў. У святочным мера­прыемстве заўсёды ўдзельнічаюць прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія ахвотна бяруць на работу актыўных, творчых і мэтанакіраваных выпускнікоў каледжа.

А ганарыцца яму ёсць кім і чым. Так, сёлета каманда ўстановы “Лэдзі сувязі” заняла 2-е месца ў X Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Паштовая сувязь”. Агітбрыгада каледжа стала лепшай у абласным конкурсе “Таленты Брэстчыны”, а Наталля Габрыльчук — у анлайн-галасаванні на прыз сімпатый гледачоў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі — 2021”. Пералік вучэбных, творчых і спартыўных дасягненняў выхаванцаў установы можна доўжыць бясконца.

Лепшыя з іх былі адзначаны ў намінацыях “Прафесіянал года” (Юлія Кармановіч), “Лідар года” (Наталля Габрыльчук), “Спартсмен года” (Дзяніс Капуза) і “Навучэнец года” (Хрысціна Абрамчук). Цырымонія ўзнагароджання суправаджалася вакальнымі і танцавальнымі нумарамі.

Напрыканцы мерапрыемства міністр сувязі і інфарматызацыі К.К.Шульган адказаў на пытанні навучэнцаў, якія цікавіліся ўплывам інфармацыйных тэхналогій на якасць адукацыі, перспектывамі развіцця тэхналогіі “Разумны горад” і сеткі 5G у Беларусі, навінкамі Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBO-2021.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.