Уганараваны за значнае паляпшэнне вынікаў

Беларускія біятланісты дабіліся ў мінулым сезоне значнага прагрэсу і даказалі, што гэты від спорту заслужана займае месца аднаго з вядучых у краіне. Такое меркаванне выказаў на цырымоніі ўшанавання ў штаб­кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі спартсменаў, трэнераў і кіраўніцтва Беларускай федэрацыі біятлона прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка.

“Беларуская каманда ў цэлым сур’ёзна прыбавіла, пра што сведчаць тыя вынікі, якія мы ўсе цудоўна ведаем. Гэта перамогі Дзінары Алімбекавай і Ганны Солы. Вельмі ўдала выступілі эстафеты. Дабіліся значнага паляпшэння вынікаў прадстаўнікі мужчынскай каманды. Відавочна, што біятлон у нас прагрэсіруе і даказаў сваё месца аднаго з вядучых відаў спорту ў Беларусі”, — сказаў Віктар Лукашэнка.

Гаворачы пра найбліжэйшую будучыню, кіраўнік НАК нагадаў, што ў наступным годзе біятланістаў чакае сур’ёзнае выпрабаванне на гульнях у сталіцы Кітая. “У лютым наступнага года на алімпіядзе ў Пекіне для ўсіх нас будзе сур’ёзны экзамен. Біятлон у нас з’яўляецца адным з нямногіх зімовых відаў спорту, у якім мы можам разлічваць на медалі, таму мы вельмі на вас спадзяёмся і ўсімі сіламі будзем падтрымліваць”, — дадаў Віктар Лукашэнка.

Старшыня наглядальнага савета Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык адзначыў ролю дзяржавы і НАК Беларусі ў падтрымцы біятлона, без якой вынікі мінулага сезона былі б не такімі высокімі.

Нагадаем, што ў мінулым сезоне Дзінара Алімбекава заваявала “золата” і “серабро” на трэцім этапе Кубка свету ў Хохфільцэне. Затым былі сярэбраныя медалі ў гонцы праследавання ў Нова­Места і ў мас­старце ў Эстэрсундзе. Гэты сезон біятланістка завяршыла на 7­м месцы ў агульным заліку Кубка свету і на першым — сярод спартс­менаў да 25 гадоў.

Ганна Сола на чэмпіянаце свету ў Славеніі заваявала адзіны медаль для беларускай каманды — “бронзу” ў спрынце. На этапе планетарнага кубка ў Эстэрсундзе яна стала трэцяй у гонцы праследавання.

Яшчэ дзве сярэбраныя ўзна­гароды жаночая каманда Бе­ларусі выйграла ў эстафетах на этапах Кубка свету ў Оберхофе і ў Нова­Места. Дзяўчаты падняліся на пятую пазіцыю ў заліку Кубка нацый і дабіліся пашырэння свайго прадстаўніцтва. У спрынтарскіх і індывідуальных гонках беларуская жаночая каманда можа быць прадстаўлена не чатырма, а шасцю спартсменкамі.

Мужчынская зборная Беларусі заняла 9­е месца ў Кубку нацый, захаваўшы квоту на пяць спартсменаў.