Укладваючы ў педагогаў сёння, кампаніі забяспечваюць сваё заўтра

Сёння ў тэхнічных універсітэтаў ёсць сур’ёзны канкурэнт — рэальны сектар эканомікі. Ідзе сапраўднае паляванне за галовамі. Што дапамагае ўніверсітэтам прыцягваць і ўтрымліваць лепшыя кадры? Як кампаніі могуць падтрымаць выкладчыкаў? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся ў БДУІР — універсітэт, які мае самыя цесныя сувязі з кампаніямі-работадаўцамі.

Валерый Прыткоў.

Адказвае прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР Валерый ПРЫТКОЎ:

— Які выкладчык не вырашаў дылемы: застацца ва ўніверсітэце ці сысці ў рэальны сектар эканомікі? Валерый Аляксандравіч, што вызначае людзей, якія робяць выбар на карысць універсітэта?

— Для таго каб займацца выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, патрэбен асаблівы склад характару. Даволі часта нашы выпускнікі, якія сышлі працаваць у кампаніі, прыходзяць з жаданнем прачытаць курс лекцый для студэнтаў, падзяліцца сваім вопытам. Ім мала таго, што можа прапанаваць кампанія. У іх ёсць жаданне рэалізаваць сябе і ў іншых сферах — выкладанні, навуцы. Каб утрымаць здольных і таленавітых спецыялістаў, неабходна выбудоўваць комплексную сістэму падтрымкі. Гэта не толькі матэрыяльнае стымуляванне (напрыклад, за публікацыі ў рэйтынгавых навуковых часопісах або ўдзел у прэстыжнай канферэнцыі, за распрацоўку вучэбна-метадычнага дапаможніка, пастаноўку курса лекцый, абарону дысертацыі і г.д.), але і прымяненне вынікаў працы, каб супрацоўнік бачыў, што ён працаваў не марна і яго работа запатрабавана, і сістэма ўзаемаадносін у калектыве як на мікра-, так і на макраўзроўні, і сучасная інфраструктура. Важна даць людзям неабходныя магчымасці для самарэалізацыі.

— Як кампаніі-работадаўцы могуць падтрымаць універсітэцкіх выкладчыкаў?

— Калі паглядзець на замежны вопыт, то ў вядучых універсітэтах шырока развіта практыка спонсарскай дапамогі з боку кампаній і выпускнікоў, якія дасягнулі поспеху. Акрамя гэтага, падтрымліваецца моцная сувязь вытворчасці і даследаванняў, універсітэцкай навукі. Установы вышэйшай адукацыі актыўна вырашаюць складаныя задачы рэальнага сектара, зарабляючы на гэтым. Што немалаважна, пры такім супрацоўніцтве ўніверсітэты развіваюць сваю экспертызу, растуць у навуковым плане.

Беларусь таксама прымяняе і імкнецца развіваць падыходы, заснаваныя на сусветным вопыце. Так, на базе 7 устаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку БДУІР, рэалізуецца эксперыментальны праект “Універсітэт 3.0”. Ён скіраваны на комплекснае развіццё навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўстаноў вышэйшай адукацыі з мэтай стварэння інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

Калі гаварыць пра спонсарскую дапамогу, то кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій могуць аказваць яе ўстановам адукацыі, у тым ліку і з мэтай падтрымкі выкладчыкаў — на арганізацыю стажыровак, удзел у канферэнцыях, вылучэнне грантаў і г.д. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Гэтым дэкрэтам было зацверджана новае палажэнне аб Парку высокіх тэхналогій, у якім істотна пашырана магчымасць па мэтавым прызначэнні спонсарскай дапамогі кампаній — рэзідэнтаў Парка, калі гэтая дапамога прадастаўляецца ўстановам адукацыі.

Таму для кампаній ПВТ, якія жадаюць падтрымаць выкладчыкаў, фактычна няма перашкод.

— У БДУІР ёсць вопыт супрацоўніцтва з кампаніямі ў плане падтрымкі выкладчыкаў. Раскажыце аб праектах, якія стартавалі ў 2019 годзе.

— Магу адзначыць, прынамсі, два праекты такой накіраванасці, якія зараз рэалізоўваюцца ва ўніверсітэце.

Так, кампанія iTechArt падтрымала праекты маладых выкладчыкаў БДУІР. Ва ўніверсітэце прайшоў конкурс праектаў па развіцці лабараторнай базы і навукова-метадычнага забеспячэння вучэбных дысцыплін. Два з іх атрымалі падтрымку кампаніі. У рамках гэтых праектаў не толькі закупляецца неабходнае вучэбна-лабараторнае абсталяванне, але і аказваецца фінансавая падтрымка выкладчыкам.

Другі праект — з кампаніяй “Софтарэкс Тэхноладжыес”. Кампанія аказвае фінансавую падтрымку праектам выкладчыкаў і студэнтаў БДУІР, як навукова-даследчага, так і адукацыйнага характару, у галінах штучнага інтэлекту, камп’ютарнага зроку, машыннага навучання, інтэрнэту рэчаў, аналізу даных, а таксама ў іншых галінах сучасных тэхналогій.

Даючы старт сумеснаму праекту кампаніі iTechArt і БДУІР, дырэктар ТАА “Тэхартгруп” Андрэй Кульгачоў у інтэрв’ю ўніверсітэцкай газеце “Імпульс” адзначыў:

— БДУІР — галоўны IT-універсітэт краіны, асноўны пастаў­шчык высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў. І iTechArt зацікаўлены ў тым, каб іх вучылі remarkable выкладчыкі. Укладваючы ў педагогаў сёння, мы атрымліваем высокакваліфікаваных спецыялістаў заўтра.

Дзмітрый Аношка.

Дзякуючы падтрымцы кампаніі iTechArt, у студэнтаў БДУІР з’явяцца ўнікальныя вучэбныя дапаможнікі. Адзін з распрацоўшчыкаў — старшы выкладчык кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый АНОШКА.

— Дзмітрый Яўгенавіч, што асабіста вас прыцягвае і ўтрым­лівае ў выкладчыцкай рабоце?

— Тут шмат пераваг. Гэта магчымасць развівацца прафесійна ў тых напрамках, якія цікавыя менавіта мне, а не канкрэтнай кампаніі. Магчымасць аказваць хоць нейкі ўплыў на беларускі IT-сектар, закладваючы ў галовы студэнтаў не толькі веды, але і каштоўнасныя арыенціры. Гэта самарэалізацыя, жаданне і магчымасць дзяліцца наяўным вопытам.

— Як кампаніі могуць падтрымліваць выкладчыкаў?

— Той варыянт падтрымкі, які закрануў мяне і некаторых маіх калег, выглядае цалкам працаздольным, калі зрабіць працэс крыху больш гнуткім. Гэта што тычыцца матэрыяльнай падтрымкі. Але ёсць яшчэ “інфармацыйны” складнік: напрыклад, ходкі тэзіс, быццам у выкладчыкі ідуць ад недастатковай кваліфікацыі, — гэта тое, з чым пакуль даводзіцца змагацца самастойна. На жаль, часта гэтае глупства распаўсюджваюць уладкаваныя ў IT-сферы старэйшыя таварышы нашых студэнтаў — тыя, у каго, мабыць, нешта не склалася з вучобай. Растлумачэнні з боку IT-кампаній сэканомілі б нямала часу і сіл.

— Чаму такая падтрымка важная, асабліва для маладых выкладчыкаў? Наколькі гэта разумеюць у ІТ-кампаніях?

— Тая падтрымка, якая аказваецца зараз, — гэта пакуль што разавая акцыя з вылучэннем сродкаў на ўдасканаленне вучэбнага працэсу, а менавіта на работу над канкрэтным праектам.

Асабіста для мяне падтрымка заключаецца ў тым, каб мець магчымасць паглыбляцца ў цікавыя задачы не толькі на голым энтузіязме, але і з некаторай аддачай у грашовым выражэнні. Гэта дапамагае расставіць прыярытэты і пераразмеркаваць час на карысць распрацоўкі матэрыялаў для зацікаўленых студэнтаў, якія маюць моцную ўнутраную матывацыю.

Асаблівасць работы выкладчыка — у неаднастайным і не вельмі прадказальным графіку. Гэта не так адчувальна, калі выкладчык бярэ сабе адну-дзве групы проста па фану, але калі гэта больш як паўстаўкі, выкладанне цяжка сумясціць з работай у кампаніі. Мала каму ўдаецца знайсці кампанію, у якой адначасова хацелася б працаваць і там гатовы былі б мірыцца з тым, што супрацоўнік можа раптоўна знікнуць, бо ў яго навалілася проць­ма работы ва ўніверсітэце. А для маладога выкладчыка гэта складаней удвая. Ці разумеюць гэта ў IT-кампаніях? Вядома, усюды па-рознаму.

Уладзімір Леванцэвіч.

Аўтар яшчэ аднаго праекта, які атрымаў падтрымку кампаніі iTechArt, — старшы выкладчык кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій Уладзімір ЛЕВАНЦЭВІЧ.

— Уладзімір Аляксандравіч, у чым сутнасць вашага праекта, які зацікавіў кампанію iTechArt?

— У апошні час многія студэнты сталі праяўляць павышаную цікавасць да распрацоўкі не толькі праграмнага, але і апаратнага забеспячэння, а таксама праграмавання спецыялізаваных кантролераў. Расце іх жаданне прыдумляць нешта сваё, карыснае ў выкарыстанні.

У выніку рэалізацыі праекта будуць распрацаваны метадычныя ўказанні і прылады да лабараторных работ для дысцыплін “Лічбавая апрацоўка сігналаў”, “Апаратнае забеспячэнне камп’ютарнай тэхнікі” (для студэнтаў першай ступені навучання) і “Праграмаванне ўбудаваных сістэм” (для магістрантаў). Яны арыентаваны на інтэграцыю ў вучэбны працэс спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

Распрацаваныя метадычныя ўказанні і прылады будуць выкарыстоўвацца для самастойнай работы студэнтаў і магістрантаў пры распрацоўцы рэальных праектаў у рамках дыпломнага і курсавога праектавання.

Дарэчы, у праекце ўдзельнічаюць маладыя выкладчыкі кафедры, а таксама студэнты 2—4 курсаў.

— Ваша работа прадугледжвае пастаянныя зносіны з ІТ-кампаніямі. Параўноўваеце сваю дзейнасць з той, якую выконваюць калегі на вытворчасці?

— Мае адносіны з IT-кампаніямі пачаліся ў 2007 годзе, калі я, яшчэ загадчыкам вучэбных лабараторый кафедры, удзельнічаў у стварэнні і рабоце сумеснай вучэбна-навуковай камп’ютарнай лабараторыі БДУІР і кампаніі EPAM.

Што да работы выкладчыка, то яна прадугледжвае твор­часць, а гэта не заўсёды можна сустрэць на вытворчасці. Распрацоўка праграмнага забеспячэння — гэта, лічы, канвеер са сваімі планамі, тэрмінамі і г.д. А ва ўніверсітэце ёсць добрая магчымасць займацца навуковай дзейнасцю. Выкладчык, абараніўшы дысертацыю, таксама можа сысці на вытворчасць, але ў зусім іншым, больш высокім рангу.

 Зваротная сувязь, якая ўзнікае ў зносінах са студэнтамі, асабліва з таленавітымі, матывуе трымаць сябе ў форме, пастаянна ўдасканальвацца, што прыносіць задавальненне ад работы. Я доўгі час працую ў МРТІ/ БДУІР і не ўяўляю сябе ў іншай арганізацыі.

— Якая падтрымка з боку кампаній была б карыснай для выкладчыкаў і ўвогуле для ўсяго працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў?

— Акрамя матэрыяльнай падтрымкі, можна вылучыць, напрыклад, такія, як устаноўка сучаснага ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння; удзел супрацоўнікаў кампаній у сумесным выкладанні вядучых IT-дысцыплін, у якіх яны змогуць падзяліцца сваім перадавым вопытам; арганізацыя курсаў павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў на базе IT-кампаній; выдзяленне грантаў для выкладчыкаў на вучэбна-метадычнае суправаджэнне іх курсаў.

Некаторыя дысцыпліны, асабліва тыя, якія вывучаюць сучасныя апаратныя платформы, патрабуюць спецыялізаванага абсталявання для іх практычнага вывучэння. З гэтым кампаніі таксама маглі б дапамагчы.

Падтрымка маладых выкладчыкаў дазволіць замаца­ваць лепшых з іх ва ўніверсітэце, што ў выніку павысіць якасць падрыхтоўкі выпускнікоў, у тым ліку і для IT-кампаній.

Восенню 2019 года кампанія “Софтарэкс Тэхноладжыес” і БДУІР запусцілі сумесны праект “Ініцыятыва развіцця адукацыі праз даследаванні”. (Дарэчы, гэта ўжо другі іх сумесны праект. У 2017 годзе была адкрыта вучэбна-даследчая лабараторыя
IT-Guru.)

“Ініцыятыва” — гэта даследчая і адукацыйная пляцоўка кампаніі “Софтарэкс” і БДУІР, створаная для падтрымкі, развіцця і ўдасканалення IT-адукацыі ў Беларусі. Яна прадастаўляе магчымасць студэнтам, магістрантам і аспірантам назапашваць практычныя веды для свайго будучага партфоліа, удзельнічаць у навуковых даследаваннях яшчэ падчас вучобы. Для выкладчыкаў гэта магчымасць рэалізаваць свае ідэі і назапашаны вопыт, распрацаваць новыя і палепшыць існуючыя адукацыйныя курсы, удасканаліць вучэбныя матэрыялы, актуалізаваць і паглыбіць свае веды ў прадметнай галіне.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлены прэс-службай  БДУІР.