Украіна: урад унясе ў парламент комплексны закон аб адукацыі

- 10:21Паралелі

Урад унясе ў Вярхоўную Раду комплексны закон аб адукацыі, які будзе тычыцца дашкольнай, пазашкольнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй адукацыі. Пра гэта, прадстаўляючы праграму дзейнасці кабінета міністраў, паведаміў Прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк.

Праграма дзейнасці ўрада прадугледжвае рэалізацыю палажэнняў нядаўна прынятага Закона аб вышэйшай адукацыі. Для гэтага, у прыватнасці, прадугледжана ўстанаўленне новых правіл акрэдытацыі, ліцэнзавання і незалежнага ацэньвання якасці адукацыі. “Давайце вызначым якасць адукацыі ў ВНУ. Няякасныя адпадуць самі сабой, а якасныя будуць даваць не паперкі, а рэальныя дыпломы, і будуць даваць магчымасць людзям атрымліваць потым работу, а не станавіцца на біржу працы”, — лічыць прэм’ер.
Кіраўнік урада таксама адзначыў, што ў 2015 годзе неабходна цалкам змяніць сістэму дзяржаўнага заказу для навучання ў вышэйшых навучальных установах: “Рынак працы і патрэбы ўкраінскай эканомікі павінны быць і будуць непасрэдна прывязаны да дзяржаўнага заказу, які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту для навучання адпаведных спецыялістаў”.
Урад таксама плануе ўнесці ў парламент праект закона аб навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. “Патрэбна не колькасць, а якасць. Магчыма, нам трэба прафінансаваць адну распрацоўку, але пра гэтую распрацоўку будзе гаварыць увесь свет, яна будзе прызнана светам, а не фінансаваць заработныя платы і камунальныя паслугі ў сотнях навукова-даследчых інстытутаў, якія, на жаль, нічога не даследуюць, а ў большасці сваёй марнуюць бюджэтныя сродкі”, — адзначыў Арсеній Яцанюк.
Новая культурная палітыка, па словах кіраўніка ўрада, прадугледжвае прыняцце стратэгіі ўкраінскай гуманітарнай палітыкі, падтрымку ўкраінскага культурнага прадукту, украінскай культуры, у тым ліку мецэнатамі. “Ёсць каго падтрымліваць ва Украіне — украінскае кіно, украінскае тэлебачанне, украінскую кнігу, украінскую газету. І Украіна будзе гэтаму апладзіраваць, і свет будзе гэтаму пляскаць у далоні. За сваё трэба спачатку змагацца, потым будзем змагацца за чужое”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Сярод першарадных задач Міністэрства моладзі і спорту ён вызначыў падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў і адраджэнне нацыянальна-патрыятычнага выхавання.
Пра гэта паведаміў дэпартамент інфармацыі і камунікацый з грамадскасцю сакратарыята кабінета міністраў Украіны.