Украіна: бюджэт адукацыі і навукі-2015

- 11:58Паралелі

Праект бюджэту-2015 двойчы падаваўся ў Вярхоўную Раду Украіны, дэпутаты скардзіліся на недахоп часу і немагчымасць разгледзець яго ў кароткія тэрміны. У рэшце рэшт, перад самім галасаваннем, як гавораць у СМІ, многія дэпутаты нават не ведалі, які менавіта тэкст яны прымаюць. Гэтак жа прымаліся і два іншыя важныя законы, якія ўнеслі значныя змены ў дзяржаўнае фінансаванне адукацыі і навукі: Закон “Аб унясенні змяненняў і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Украіны” і Закон “Аб унясенні змяненняў у Бюджэтны кодэкс Украіны адносна рэформы міжбюджэтных адносін”, паведамляе Освіта.UA. Яшчэ адным важным для адукацыі змяненнем маглі стаць папраўкі ў Падатковы кодэкс, аднак Вярхоўная Рада і ўрад адмовіліся ад ідэі ўвядзення ПДВ на адукацыйныя паслугі, бо гэта адразу прывяло б да рэзкага росту платы за навучанне ў прыватных навучальных установах усіх узроўняў, а таксама для кантрактнікаў у дзяржаўных УВА.

Асаблівую ўвагу, лічаць украінскія СМІ, варта звярнуць на заключныя палажэнні змененага Бюджэтнага кодэкса і бюджэту 2015 года, якія даюць права ўраду выконваць цэлы шэраг норм адукацыйнага заканадаўства ў аб’ёме, што дазваляюць наяўныя сродкі. Такая практыка абмежаванага прымянення неаднаразова ўводзілася ў крызісныя гады, аднак кожны раз Канстытуцыйны Суд прызнаваў гэтыя дзеянні неканстытуцыйнымі і здымаў абмежаванні.
Варта пералічыць асноўныя навацыі заканадаўства аб фінансаванні адукацыі. Яны, на думку ОСВІТЫ.UA, наступныя.
Народныя дэпутаты адмянілі ўсе мараторыі на закрыццё агульнаадукацыйных навучальных устаноў, апошні з якіх прымалі летам 2014 года. У асноўным гэта будзе датычыцца сельскіх школ, бо зараз іх можна будзе закрываць рашэннем мясцовых улад без згоды агульнага сходу тэрытарыяльнай абшчыны або рэферэндуму, як было раней. Стварэнне сельскіх школ цяпер будзе прывязвацца да колькасці вучняў. Нязменным засталося патрабаванне напаўняльнасці — не менш за 5 вучняў у класе школы вёскі і пасёлка.
Паэтапна адмяняюцца надбаўкі і даплаты за навуковую ступень і вучонае званне, замест іх плануецца выплата надбавак за доктара філасофіі — доктара навук — старэйшага даследчыка, дацэнта — прафесара адразу на ўзроўні адпаведна 15%, 20%, 25% і 33% ад службовага акладу.
Памер пенсіі навуковых і навукова-педагагічных работнікаў зніжаецца з 80% да 60% ад адпаведнага заробку, які разлічваецца згодна з пенсійным заканадаўствам. Пры гэтым, як і многія іншыя, нормы аб пенсійным забеспячэнні і сацыяльнай абароне навуковых і навукова-педагагічных работнікаў выконваюцца ў аб’ёме, які дазваляе бюджэт 2015 года. Тое ж датычыцца пенсійнага забеспячэння педагогаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, якія маюць 25 гадоў бесперапыннага педагагічнага стажу.
Бацькі будуць больш даплачваць за харчаванне дзяцей у дзіцячых садках: не менш за 60% у гарадах і не менш за 40% у вёсках. Раней гэтыя паказчыкі складалі не больш за 50% і не больш за 30% адпаведна. Харчаванне вучняў у школах перакладаецца на мясцовыя бюджэты, а фактычна на бацькоў вучняў. Харчаванне вучняў у пачатковай школе і прафесійна-тэхнічных навучальных установах застаецца бясплатным толькі для сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў.
З 1 чэрвеня 2015 года гарантыя бясплатнага праезду для дашкольнікаў, вучняў і настаўнікаў у сельскай мясцовасці знікае, замест гэтага мясцовыя ўлады, калі будуць сродкі, могуць забяспечваць ільготны праезд для навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў да месца вучобы. Зразанне льготнага праезду не распаўсюджваецца на дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, вучняў з малазабяспечаных сем’яў і асоб, якія іх суправаджаюць. Зрэшты, сродкі на льготны праезд чыгункай для студэнтаў і навучэнцаў ПТВ у бюджэце закладзены на ўзроўні 2013 года — усяго 38 млн грыўняў.
Бясплатнае забеспячэнне падручнікамі ў школе гарантуецца толькі для сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў.
Аптымізацыя выдаткаў закране і галіновую бюракратыю. Мінадукацыі, як і астатнія цэнтральныя органы выканаўчай улады, павінна звольніць 20% сваіх работнікаў, а таксама прыняць іншыя меры эканоміі: прадастаўленне работнікам адпачынкаў без захавання заработнай платы, устанаўленне для работнікаў рэжыму працы на ўмовах няпоўнага працоўнага часу, памяншэнне або адмену стымулюючых выплат, надбавак і даплат, перагляд заключаных дагавораў на набыццё тавараў, работ, паслуг. Акрамя таго, абласныя дзяржаўныя адміністрацыі і Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя атрымалі прадпісанне аптымізаваць сетку метадычных кабінетаў у сферы адукацыі і скараціць выдаткі на іх утрыманне.
Прадугледжаная Законам “Аб вышэйшай адукацыі” фінансавая аўтаномія УВА была пацверджана адпаведнымі зменамі ў Бюджэтны кодэкс. У кодэкс унеслі некалькі норм, якія дазваляюць установам вышэйшай адукацыі і навуковым установам размяшчаць у дзяржаўных банках паступленні ад асноўнай дзейнасці, дабрачынныя ўзносы і гранты. Акрамя гэтага, з’яўляецца магчымасць размяшчаць на дэпазітах часова свабодныя бюджэтныя сродкі, атрыманыя за прадастаўленне платных паслуг. Для таго каб гэтыя нормы маглі быць увасоблены ў жыццё, патрэбны адпаведны парадак, зацверджаны ўрадам. Таксама ўрад вызначыць меры кантролю за выкарыстаннем гэтых сродкаў.
Разам з тым у Бюджэтны кодэкс не былі ўнесены змены, без якіх прыватныя УВА не могуць атрымліваць сродкі дзяржаўнага бюджэту на падрыхтоўку кадраў, згодна з дзяржзаказам, як гэта прадугледжвае Закон “Аб вышэйшай адукацыі”.
Змены ў Бюджэтны кодэкс увялі новыя тыпы субвенцый — на падрыхтоўку рабочых кадраў і адукацыйныя субвенцыі. Адукацыйная субвенцыя фарміруецца з мэтай фінансавання школ і перадаецца з дзяржаўнага бюджэту ў абласныя, раённыя бюджэты, бюджэты гарадоў абласнога значэння (а таксама Кіева) і бюджэты аб’яднаных тэрытарыяльных абшчын. Субвенцыя на падрыхтоўку рабочых кадраў прадастаўляецца абласным бюджэтам і Кіеву для фінансавання дзяржаўнага заказу менавіта на кваліфікаваных рабочых. Абедзве субвенцыі могуць накіроўвацца на аптымізацыю школьнай сеткі.
Размеркаванне адукацыйнай субвенцыі павінна адбывацца па формуле, якую распрацуе Мінфін і зацвердзіць урад. Формулу для субвенцыi на падрыхтоўку рабочых кадраў распрацоўвае Міністэрства адукацыі і навукі. Першая павінна ўлічваць колькасць вучняў у школах рознай мясцовасці, напаўняльнасць класаў і каэфіцыенты для розных тыпаў школ. Другая — колькасць вучняў у ПТВ (улічваючы льготнікаў), таксама з адпаведнай папраўкай на розныя мясцовасці. Абодва парадкі павінны быць зацверджаны да канца студзеня 2015 года.
Эксперты адзначаюць, што распрацоўка формулы ў такі тэрмін можа аказацца праблематычнай, бо на сёння не існуе актуальнай інфармацыі аб згаданых параметрах. Другой праблемай можа стаць адсутнасць якіх-небудзь гарантыйных норм, якія вызначалі б не размеркаванне, а менавіта агульны аб’ём субвенцый.
Бюджэтам на 2015 год прадугледжана 43,7 млрд грыўняў для адукацыйнай субвенцыі і 5,8 млрд грыўняў для субвенцыi на падрыхтоўку рабочых кадраў.
Пачынаючы з 2016 года фінансаванне пачатковай сярэдняй адукацыі (а дашкольнай адукацыі з 2015 года) не будзе ажыццяўляцца з бюджэтаў вёсак, пасёлкаў і гарадоў раённага значэння, яны будуць аднесены на ўзровень вышэй — у раённыя бюджэты, бюджэты гарадоў абласнога значэння і аб’яднаных тэрытарыяльных абшчын.
Падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых, акрамя прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў сацыяльнай рэабілітацыі, не будзе фінансавацца непасрэдна з выдаткаў дзяржаўнага бюджэту. Цяпер фінансаванне будзе ісці з абласных бюджэтаў і праз адпаведную субвенцыю.
У сваю чаргу з 2017 года падрыхтоўка малодшых бакалаўраў і бакалаўраў у каледжах будзе фінансавацца толькі з раённых бюджэтаў, бюджэтаў гарадоў абласнога значэння (такіх 178), бюджэтаў аб’яднаных тэрытарыяльных абшчын, а таксама абласных бюджэтаў.
Яшчэ адной навацыяй з 2017 года стане магчымасць падрыхтоўкі кадраў ад малодшых бакалаўраў і да дактароў навук за кошт абласных бюджэтаў не толькі ў камунальных, але і ў дзяржаўных УВА.
Таксама змены ў Бюджэтны кодэкс прадугледжваюць, што ўрад да канца студзеня 2015 павінен забяспечыць перадачу шэрага дзяржаўных ПТВ і ўстаноў сярэдняй праф-адукацыі ў камунальную ўласнасць з умовай забароны адчужаць іх маёмасць. Прадугледжваецца перадача 65 вучылішч, 15 каледжаў і 3 тэхнікумаў на фінансаванне з мясцовых бюджэтаў.
Калі браць лічбы ў параўнанні з леташнімі, то выдаткі агульнага фонду Мінадукацыі і навукі ўзраслі на 3% у параўнанні з 2014 годам, гэта без уліку дзвюх згаданых субвенцый. На 18% павялічана фінансаванне даследаванняў, на 27% — выдаткі на падрыхтоўку кадраў ва УВА. Сукупныя выдаткі на дзяржаўны заказ на падрыхтоўку кадраў і павышэнне кваліфікацыі павялічаны на 10% і складаюць 21,5 млрд грыўняў (не ўлічваючы субвенцыi на падрыхтоўку рабочых кадраў).
Дэпутаты значна павялічылі аб’ёмы дзяржзаказу для ВНУ сілавых ведамстваў. Напрыклад, для ВНУ, падпарадкаваных МУС, — на 18%, да 458 млн грыўняў, Нацгвардыі — на 138%, да 199 млн грыўняў, Пагранічнай службы — на 36%, да 157 млн грыўняў, Мінабароны — на 62%, да 1,28 млрд грыўняў. Крыху выбіваецца з гэтай тэндэнцыі памер выдаткаў на падрыхтоўку кадраў для СБУ — зніжэнне на 87%, да 19,9 млн грыўняў.
Фінансаванне навукі ў цэлым скарочана на 8%, да 4,8 млрд грыўняў. На 191 млн грыўняў плануецца зменшыць фінансаванне Нацыянальнай акадэміі навук. Пяць галіновых акадэмій атрымаюць у суме на 241 млн грыўняў менш. Амаль нязменным застаўся радок фінансавання навукі для КНУ імя Тараса Шаўчэнкі — рост на 2%, да 65 млн грыўняў.
Аналізуючы аб’ёмы бюджэтных сродкаў, варта мець на ўвазе, што курс украінскай грыўні за 2014 год знізіўся з 8 да 15,7 за 1 долар ЗША.