Украіна: для росту заробкаў педагогаў з 2020 года трэба звыш 19 млрд грыўняў

- 15:13Паралелі

Рэалізацыя норм пастановы кабінета міністраў, якая была прынята напярэдадні парламенцкіх выбараў і прадугле­джвае павелічэнне аплаты працы для ўсіх педагогаў ад 20 да 70% з 2020 года, будзе каштаваць бюджэту 19,5 млрд грыўняў. Пра гэта, адказваючы на пытанні карыстальнікаў Facebook, паведаміла міністр адукацыі Лілія Грыневіч.

Разам з тым, па словах міністра, пытанне выканання названай пастановы будзе залежаць ад новага складу кабінета міністраў.

“Будзе новы ўрад, і ён будзе вырашаць, як рэалізоўваць гэтую пастанову. Таму што гэтая пастанова можа ўступіць у дзеянне толькі разам з бюджэтам. Калі ў бюджэт будуць закладзена 19,5 млрд грыўняў, тады з 1 студзеня 2020 года яна ўступіць у дзеянне. Калі не будзе магчымасці і ўрад не вызначыць гэта прыярытэтам, магчыма, будзе прапанаваны іншы спосаб урэгулявання павышэння заработнай платы або запуск гэтай пастановы ў іншыя тэрміны. Мы зрабілі нашу прапанову ўраду, якую бачым магчымай для ўвасаблення”, — сказала Л.Грыневіч.

Паводле яе слоў, гэтая пастанова прадугледжвае павелічэнне заробкаў педагогаў ад 20 да 70%. Найбольшае павелічэнне аплаты працы закране тых, хто цяпер мае самыя нізкія заробкі, — выхавальнікаў дзіцячых садкоў, майстроў вытворчага навучання ва ўстановах прафесійнай адукацыі і маладых настаўнікаў, якія на старце сваёй школьнай кар’еры маюць мінімальную заработную плату.

“Але рост павінен закрануць абсалютна ўсіх педагогаў мінімум на 20%”, — зазначыла Лілія Грыневіч.