Украіна: дзіцячы амбудсмен падтрымлівае забарону сеткі TikTok

- 11:40Паралелі

Упаўнаважаны па правах дзіцяці Мікалай Кулеба выказаўся ў падтрымку забароны ва Украіне сацсетак, у якіх няма кантролю за шкодным для дзяцей кантэнтам, у тым ліку сеткі TikTok. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНН.

Па словах М.Кулебы, у яго няма паўнамоцтваў прадстаўляць законапраект аб забароне сеткі на заканадаўчым узроўні, гэта павінны зрабіць дэпутаты парламента. “Калі парламент падтрымае, то гэтая сетка ва Украіне можа быць забаронена”, — падкрэсліў амбудсмен.

Таксама ён адзначыў, што адпаведная практыка сёння дзейнічае ў іншых краінах, напрыклад, у ЗША і Італіі.

“Адназначна, я за забарону такіх дэструктыўных сетак, таму што яны некантралюемыя, хоць пытанне кантролю ўздымалася. Але гэта павінен рабіць правайдар. Уладальнік TikTok павінен гэтак жа, як у Facebook або Youtube, кантраля­ваць кантэнт і не дазваляць публікаваць дэструктыўныя матэрыялы. Гэтага якраз у ТіkTok і няма”, — адзначыў М.Кулеба.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.