Украіна: грамадзяне, старэй за 45 гадоў, змогуць навучыцца новай прафесіі за дзяржаўны кошт

Украінцы ва ўзросце ад 45 гадоў, якія маюць страхавы стаж не менш за 15 гадоў, атрымаюць права на паскоранае навучанне новай прафесіі ці павышэнне кваліфікацыі.

Адпаведная працэдура зацверджана прынятай 20 сакавіка пастановай кабінета міністраў Украіны “Аб зацвярджэнні Парадку выдачы ваўчараў для падтрымання канкурэнтаздольнасці чалавека на рынку працы”. Пастанова распрацавана ў рамках выканання Закона Украіны “Аб занятасці насельніцтва”.
Ва ўмовах пастаяннага развіцця тэхналогій веды і навыкі работнікаў, атрыманыя ў рамках базавай адукацыі, хутка старэюць. Таму ў краінах Еўрасаюза дзейнічае сістэма бесперапыннага навучання на працягу жыцця. Законам Украіны “Аб занятасці насельніцтва” прадугледжана права грамадзян ва ўзросце ад 45 гадоў, якія маюць страхавы стаж не менш за 15 гадоў, на аднаразовае атрыманне ваўчара для аплаты паскоранага навучання новай прафесіі ці павышэння кваліфікацыі ў рамках зацверджанага пераліку прафесій. Кошт ваўчара ўстанаўліваецца ў межах кошту навучання, але не можа перавышаць 10 пражытачных мінімумаў для працаздольных асоб (з 1 студзеня 2013 года — 11 470 грыўняў).
Зацверджаны Парадак вызначае механізм выдачы і аплаты ваўчара органамі Дзяржаўнай службы занятасці, а таксама пералік прафесій, па якіх можа быць выдадзены ваўчар. На падставе аналізу і прагнозу запатрабаванняў галін эканомікі ў працоўнай сіле ў пералік уключаны прафесіі для кадравага забеспячэння такіх прыярытэтных галін, як будаўніцтва, аграпрамысловы комплекс, транспартная інфраструктура і інфармацыйныя тэхналогіі.
Паводле пастановы, Міністэрства адукацыі і навукі штогод будзе падаваць у Дзяржаўную службу занятасці пералік навучальных устаноў, якія маюць права вучыць па прафесіях, зацверджаных пастановай. Мінэканамразвіцця штогод будзе падаваць Мінсацпалітыкі прапановы адносна ўключэння ў пералік новых прафесій, запатрабаванне ў якіх адчуваецца на рынку працы. Чакаецца, што ўжо сёлета ваўчарамі змогуць скарыстацца каля 20 тысяч украінцаў.
Аплата ваўчара ажыццяўляецца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнага страхавання на выпадак беспрацоўя, паведамляе прэс-служба Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны.