Украіна: Мінадукацыі прапануе завяршыць навучальны год дыстанцыйна

- 12:11Паралелі

Міністэрства адукацыі і навукі прапануе кіраўнікам органаў кіравання адукацыяй і дырэктарам школ не праводзіць масавыя мерапрыемствы з прыцягненнем удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Адпаведная рэкамендацыя ўтрым­ліваецца ў лісце адукацыйнага ведамства аб правядзенні выніковага ацэньвання і арганізаваным завяршэнні 2019/2020 навучальнага года.

Таксама Мінадукацыі просіць адмовіцца ад правядзення апошніх званкоў і выпускных вечароў.

Табелі вучэбных дасягненняў школьнікаў, пасведчанні аб атрыманні базавай сярэдняй адукацыі для навучэнцаў 9-х класаў і пасведчанні дасягненняў школьнікаў павінны быць аформлены не пазней за 15 чэрвеня бягучага года.

Вучням 1—8 і 10 класаў, якія не плануюць вучыцца ў іншай навучальнай установе, копіі адпаведных дакументаў павінны быць адпраўлены па электроннай пошце. Арыгіналы дакументаў школьнікі атрымаюць у верасні 2020/2021 навучальнага года.

Выдача выпускнікам 9-х класаў пасведчанняў аб атрыманні базавай сярэдняй адукацыі павінна быць ажыццёўлена з улікам неабходнасці захавання супрацьэпідэміялагічных патрабаванняў.

Акрамя таго, міністэрства па­прасіла настаўнікаў не перагру­жаць вучняў. У прыватнасці, у адукацыйным ведамстве рэкамендуюць арганізаваць адукацыйны працэс ва ўмовах дыстанцыйнага навучання, з абавязковым улікам прынцыпу здароўезберажэння, прадухіляючы эмацыянальную, ментальную і фізічную перагрузку вучняў.

Таксама школам рэкамендавана скласці графік дыстанцыйных праверачных работ і вусных апытанняў з мэтай недапушчэння пера­грузкі вучняў і рацыянальнага выкарыстання часу.