Украіна: Амбудсмен: новая праграма перагружае вучняў

Адукацыйны амбудсмен Сяргей Гарбачоў раскрытыкаваў нормы новай тыпавой адукацыйнай праграмы для 5—9-х класаў у частцы празмернай нагрузкі на школьнікаў, паведамляе Освіта.ua.

Пра гэта ён сказаў падчас удзелу ў дыялогавай платформе “Освіта України 2021: стратегічні цілі ў дії”.

Паводле яго слоў, новая тыпавая адукацыйная праграма, якая прынята Міністэрствам адукацыі і навукі ў лютым гэтага года, захавала значную нагрузку на вучняў, з-за чаго школьнікі маюць па 7—8 урокаў у дзень.

“Я не падзяляю аптымістычнай ацэнкі тыпавой адукацыйнай праграмы, паколькі яна захавала велізарную нагрузку на вучняў. Нашы дзеці ў 5—7-х класах маюць па 7—8 урокаў. Гэта зусім недапушчальна і гэта трэба мяняць”, — падкрэсліў адукацыйны амбудсмен.

Ён адзначыў, што цяпер кампрамісным варыянтам, які можна ўжыць, улічваючы працягласць падрыхтоўкі дакументаў, з’яўляецца ўнясенне змяненняў у новы Санітарны рэгламент правядзення ўрокаў фізкультуры.

“Гэта змены ў Санітарным рэгламенце, якія выключаць дзіўную норму, згодна з якой урокі фізкультуры не ўваходзяць у агульную нагрузку. Трэба іх уключаць, трэба быць сумленнымі з сабой. І ў рэшце рэшт даць нашым дзецям магчымасць не толькі вучыцца, але і берагчы здароўе”, — адзначыў Сяргей Гарбачоў.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.